Футра, віно, адпачынак. Як Беларусь супрацоўнічае з акупаваным Крымам
Якія сумесныя праекты ёсьць у беларусаў з украінскім паўвостравам, акупаваным Расіяй, высвятляла «Р*дыё Свабода».
У верасні 2022 году Мінск і Севастопаль заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве, хаця Беларусь юрыдычна пакуль так і не прызнала Крым расійскім. Летась у ліпені падобнае пагадненне заключылі і з Віцебскім аблвыканкамам на Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які праходзіў у Горадні. Міжнародная супольнасць лічыць анэксаваны ў 2014 годзе паўвостраў Крым часткай Украіны. На Расію за анэксію паўвострава наклалі шэраг санкцый.
У Беларусь з Севастопаля павязуць хімічныя прадукты
Гэта матэрыялы для герметычнай ізаляцыі, якія выкарыстоўваюць у электраправодцы і пры вырабе ліццёвых формаў. Пра імпарт з анэксаванага Крыму дамовіліся сёлета ў лютым, калі беларускія прадпрымальнікі, якія працуюць у сфэры харчовай прадукцыі і прамысловай хіміі, з'ездзілі ў Севастопаль.
Беларускую «Кока-Колу» прадаюць у Сімферопалі і Алушце
Напой, разліты на заводзе «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусія» у Калядзічах, прадаецца на паўвостраве прынамсі з лістападу 2022 году, высветлілі расследнікі праекту M*tolko.help. Такую прадукцыю заўважылі ў невялікіх сеткавых крамах Сімферопаля і Алушты. Гэта маглі быць кантрабандныя пастаўкі праз Расію.
У чэрвені 2022 году агенцтва Reuters са спасылкай на заяву The Coca-Cola Company паведаміла, што ў Расіі спыніцца вытворчасць і продажы кока-колы. На сайце расейскага прадстаўніцтва Coca-Cola Company таксама сказана, што кампанія прыпыняе сваю дзейнасць у Расеі.
У санаторыі ў Ялце адпачываюць беларусы
Летась у кастрычніку пасля выбуху на Крымскім мосце стала вядома, што на той момант у крымскім санаторыі «Белоруссия» адпачывалі больш за 200 беларусаў, а ўсяго ў санаторыі 366 месцаў, то бок беларусы складалі большасць наведнікаў. Пуцёўка на аднаго чалавека туды каштуе 450-650.
Крымскі рыс везлі праз Беларусь у Польшчу
Ва Украіне сёлета арыштавалі больш як 20 кампаній, якія былі ў ланцужку паставак сельскагаспадарчай прадукцыі з Крыму ў Еўразвяз. Яны перапраўлялі рыс, вырашчаны ў Крыме, праз Расію і Беларусь у Польшчу. Гэта яшчэ адзін варыянт таго, як бізнэсоўцы абыходзілі санкцыі Еўразвязу.
У Беларусь пастаўлялі віно, муку зь вінаградных костачак і футра норкі
Улады анэксаванага Крыму ў 2022 годзе заключылі кантракты на пастаўку ў Беларусь прадукцыі на 2,6 млн долараў, паведамляла летась у снежні віцэ-прэм’ер-міністарка фінансаў акупацыйнай адміністрацыі Крыму Ірына Ківіка.
Гаворка ішла пра экспарт віна і мукі з вінаградных костачак (на суму менш за 730 тысяч даляраў), а таксама футра норкі (звыш 1,2 млн даляраў).