Як ініцыятыва «Ёсць справа» клапоціцца пра інтэрнаты

Як паказвае досвед еўрапейскіх краін, у перыяд пандэміі найвялікшы ўдар на сябе прымаюць закрытыя ўстановы, а найцяжэйшае цячэнне хваробы – састарэлыя і людзі з інваліднасцю.

95643261_571927040404147_9036162817673134080_n_768x576.jpg


Такім чынам, інтэрнаты, дзе пражывае гэтая катэгорыя людзей, становяцца эпіцэнтрамі хвароб. Так сталася ў Еўропе, дзе цэнтры захворванняў прыйшліся на дамы састарэлых і інвалідаў. Так можа стацца і ў нас, калі тэрмінова не прымаць меры. Тым больш, ужо ёсць пацверджаныя выпадкі заражэння каронавіруснай інфекцыяй у некаторых дарослых і дзіцячых інтэрнатах. Нагадаем, што ў такога кшталту ўстановах пражываюць 18000 дарослых і 1400 дзяцей.
Валанцёры, якія дагэтуль дапамагалі інтэрнатам, чакаць не сталі: напісалі адкрыты ліст да Міністэрства працы, збіраюць грошы на тое, каб абараніць персанал і жыхароў інтэрнатаў, перадаюць пасылкі ва ўстановы ад нераўнадушных беларусаў. За каардынацыю дзейнасці па дапамозе інтэрнатам узялася арганізацыя «Ёсць справа». Мы пагутарылі з яе кіраўніцай Вольгай Дамінікевіч пра дзейнасць арганізацыі, патрэбы інтэрнатаў і пра тое, чым можа абярнуцца для Беларусі наяўнасць вялікай колькасці закрытых устаноў падчас пандэміі.


95690472_172984940629878_3272908488510013440_n.jpg


Ёсць справа

Ініцыятыва «Ёсць справа», якая з’яўляецца сацыяльна-дабрачыннай арганізацыяй, нарадзілася з чатырох чалавек. «Мы ўсе маем вялікі досвед працы ў сацыяльнай сферы, вялікі досвед валанцёрства, – распавядае Вольга Дамінікевіч. – Мы аднойчы сабраліся ў дабрачынным грамадскім аб’яднанні «Свет без межаў» і пачалі працаваць з дамамі-інтэрнатамі для дзяцей-інвалідаў. Пасля мы зразумелі, што хочам рабіць нешта сваё». Гэта жаданне аформілася ў ініцыятыву. Якраз незадоўга да таго, як у свет прыйшла пандэмія.


95570082_164165835054575_377458673913430016_n.jpg


У пачатку сакавіка інтэрнаты зачыніліся на каранцін. «Нас як валанцёраў перасталі туды пускаць, – узгадвае Вольга. – Усё пачалося з сігналу ад актывісткі дабрачыннай нямецкай арганізацыі «Канікулы» Ксеніі Галубовіч, якая падняла тэму небяспекі для інтэрнатаў. Мы, валанцёры, хацелі кагосьці забраць пад сваю апеку, але не змаглі, бо інтэрнаты ўжо былі зачынены. А пасля мы пачалі атрымліваць звесткі пра тое, што ў некаторых інтэрнатах ужо ёсць хворыя на каронавірус. Калі ты атрымліваеш гэту інфармацыю, то проста не можаш стаяць убаку.
Праблема нашых устаноў у самім іх існаванні. Гэта тое, што ў Еўропе пераўтварылася ў моргі. І няма розніцы, што сёння тут няма эпіцэнтра. Няма сёння – будзе заўтра. А распаўсюдзіцца хвароба імгненна. Бо інтэрнаты – гэта калідоры і пакоі да 12 чалавек».
Вольга кажа, што дзякуючы дапамозе валанцёраў дактары ў лякарнях сталі больш-менш абароненыя: «Але ў інтэрнатах таксама працуюць дактары. А яшчэ – нянечкі, санітаркі… Тыя, ад каго залежыць жыццё пастаяльцаў. І яны засталіся ўбаку. Гэта тысячы людзей».
Валанцёры разумелі, што і супрацоўнікі, і пастаяльцы маюць патрэбу ў сродках абароны. «Але і рабіць нешта ў гэтай сітуацыі таксама няпроста: арганізацыя ў нас ёсць, а сродкаў – няма. Мы вырашылі не чакаць і абвесціць збор сродкаў на краўндфандынгавай платформе MolaMola. Усе нераўнадушныя людзі ахвяруюць грошы, на якія валанцёры набываюць сродкі абароны і развозяць у інтэрнаты краіны», – распавядае Вольга.



Аб’ядналіся, каб голас гучаў гучна

Пасля таго, як стала вядома, што ў інтэрнатах стала складвацца небяспечная сітуацыя, Сяргей Драздоўскі, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю, кінуў кліч да ўсіх грамадскіх аб’яднанняў, якія працуюць у гэтай сферы. «Ёсць справа» была адной з сямі арганізацый, якая падпісала адкрыты ліст да Міністэрства працы і сацыяльнай абароны: «Іншыя значныя арганізацыі чамусьці падтрымалі нас вельмі пасіўна».
– Чаму не ўсе грамадскія ініцыятывы пагадзіліся аб’яднацца зараз? – пытаю ў Вольгі.
– Гэта вялікая праблема грамадскага сектара. Гэта наша бяда і наша віна. Кожны цягне коўдру ў свой бок. Так нельга, асабліва ў цяперашніх умовах. У Расіі зараз, напрыклад, урад прыслухоўваецца да кааліцый грамадскіх аб’яднанняў, якія працуюць з людзьмі з інваліднасцю. Яны разам пачалі засяляць установы, каб здолець выратаваць больш людзей. А нас не чуюць, бо кожны крычыць пра сябе. Мы зараз заклікаем усіх да таго, каб аб’ядноўвацца і працаваць разам, каб дапамога дайшла да людзей.
Вольга кажа, што некаторыя ўстановы атрымалі досыць шмат дапамогі, а некаторыя не атрымалі нічога. Яна тлумачыць гэта нескаардынаванасцю розных арганізацый: «Цяпер я спрабую неяк скаардынаваць гэта, каб дапамога ішла роўна».

95176002_163924595078699_1512560977684463616_n.jpg


Праца арганізацыі

«Было прынята стратэгічнае рашэнне. Мы з Офісам па правах людзей з інваліднасцю бяромся за збор сродкаў і пачынаем працаваць, – распавядае Вольга. – Адначасова мы намагаліся наладзіць сувязь з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, актыўна пачалі працаваць над сацыяльнымі сеткамі, пачалі шукаць сродкі абароны, якія неабходна набыць і перадаць у інтэрнаты, бо адшукаць гэта зараз сапраўды няпроста».
Некаторыя інтэрнаты ведаюць пра арганізацыю «Ёсць справа» і звяртаюцца да яе па дапамогу. А пра дапамогу некаторым інтэрнатам будзе паведамляць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны: «Мы дамовіліся з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны: атрымалі ад іх спіс таго, што на дадзены момант найбольш патрэбна інтэрнатам. Як толькі мы зможам сабраць усё неабходнае, яны нам будуць дасылаць адрасы, куды гэта трэба даставіць».

95659747_1186229838398622_8143317860765138944_n.jpg


У сацыяльных сетках зараз актыўна прасоўваецца інфармацыя пра тое, што збіраюцца сродкі на дапамогу інтэрнатам у Беларусі. Кожны дапамагае, чым можа.
– На днях патэлефанавалі дзве школьніцы і сказалі: «Мы пашылі маскі, хочам перадаць іх інтэрнатам. – дзеліцца Вольга. – Гэта было вельмі кранальна. Або вось вам яшчэ прыклад: малодшыя афіцэры проста сабралі пасылку і праз нас занеслі яе ў дзіцячы інтэрнат. Сёння (на момант узяцця інтэрв’ю – аўт.) патэлефанавала жанчына з Магілёўскай вобласці, сказала, што хоча перавесці грошы, але не валодае інтэрнэтам, таму чакае, пакуль прыйдзе ўнук і дапаможа ёй і іншым знаёмым бабулям перавесці з пенсіі грошы на дапамогу інтэрнатам.

Калі нехта захоча дапамагчы інтэрнатам іншым спосабам, то актывісты кажуць, што патрэбны медыцынскія пальчаткі, антысэптыкі (ад 60% утрымання спірту), антыбактэрыяльнае мыла, вільготныя сурвэткі, папяровыя ручнікі, бескантактныя тэрмометры, кава, гарбата, цукар, салодкасці. Звязвацца з валанцёрамі можна праз сацыяльныя сеткі або непасрэдна па тэлефоне +375 29 508 76 36 (Вольга).


Хто вінаваты і што рабіць?

Вольга пераканана, што зараз няма каго вініць у тым, што сітуацыя з установамі складваецца менавіта так. Сёння задача і ў дзяржавы, і ў грамадскага сектара адна: як мага больш абараніць супрацоўнікаў і жыхароў інтэрнатаў, каб мінімізаваць колькасць захворванняў у закрытых установах. Але разам з тым Вольга спадзяецца, што ў будучым гэтая сітуацыя стане велізарным каменем на тую чашу вагаў, якая выступае за тое, каб інтэрнатаў не існавала: «У Еўропе ў такіх установах пражывае да 50 чалавек – і яны не змаглі іх зберагчы, пры тым што ў кожнага жыхара там свой пакой. А што казаць пра нас? 700 чалавек пастаяльцаў і 300 чалавек персаналу на некаторыя інтэрнаты… Зараз нам трэба дапамагчы перажыць установам гэту пандэмію. А ўжо далей будзе вялікая барацьба за тое, каб іх не было».

95325826_163924571745368_3589564019083575296_n.jpg


Вікторыя Чаплева, wmeste.by. Фота з архіва арганізацыі «Ёсць справа»