Як мы вучым дзяцей страляць у школе

Часам мне вельмі хочацца рабіць выгляд, што ўсе праблемы ў свеце можна ўмясціць у табліцу з дзвюма калёнкамі — у адной будуць уласна праблемы, а ў іншай — рашэнні з гарантыяй поспеху. Мы б тады хутка перамаглі голад, пазбавіліся ад дыктатур і пластыкавага забруджвання планеты і вызвалілі свет ад войнаў і тэрарызму. Але гэта так не працуе, піша Наста Захарэвіч на Свабодзе.

Дзеці са зброяй на святкаванні ў анэксаваным Расіяй Крыме, архіўнае фота

Дзеці са зброяй на святкаванні ў анэксаваным Расіяй Крыме, архіўнае фота

Сёння ў Татарстане адбылася жудасная трагедыя — у Казані малады мужчына прыйшоў у школу, якую скончыў некалькі гадоў таму, і зладзіў там страляніну, у выніку якой загінулі дзеці. І мне вельмі хочацца знайсці нейкае простае і відавочнае рашэнне, якое раз і назаўжды вырашыць праблему. Больш за тое, я ўпэўнена, што безліч людзей у найбліжэйшыя дні будзе выдаваць самыя розныя ідэі пад выглядам такіх рашэнняў. Але ж панацэі там не будзе, бо яе проста не можа быць.
Наўрад ці можна даць нават прыблізны рэцэпт, як пазбавіцца школьнай страляніны, але можна так ці інакш змяншаць рызыкі, гадуючы дзяцей з ухілам у пацыфізм. Толькі вось у Беларусі робяць наадварот — дзяржаўная сістэма выбудавана такім чынам, каб дзеці раслі з уяўленнем, быццам бы карыстацца зброяй — гэта вельмі добра, а ваенныя дзеянні — гэта нешта, пра што трэба як можна больш размаўляць і памятаць у самых крывавых падрабязнасцях.
Здавалася б, пасля жахаў Другой сусветнай вайны, з якімі сутыкнулася Беларусь, тут як нідзе мусіць шанавацца лозунг «ніколі зноў», але ў рэальнасці куды больш папулярным усё яшчэ застаецца «можам паўтарыць».
І на сімвалічным узроўні людзі вайну і праўда паўтараюць — і дзеці, і дарослыя апранаюцца 9 траўня ў савецкую вайсковую форму (для фота ці цэлага шпацыру), а сёлета напярэдадні Дня перамогі ўвогуле зладзілі рэканструкцыю спальвання вёскі ў Віцебскай вобласці. На фоне гэтага так званая салдацкая каша, якой так любяць харчавацца на гарадскіх святкаваннях, падаецца проста мілай забавай.
Беларусь жыве з культам вайны і культам зброі, і гэта дакладна не спрыяе таму, каб дзеці вучыліся вырашаць канфлікты мірным шляхам. Ці магу я гарантаваць, што пры пазбаўленні ад культу вайны ніхто ніколі не будзе расстрэльваць школьныя класы? Не, не магу. Але гэты культ дакладна падвышае імавернасць такіх злачынстваў.
І менавіта школа як галоўны цэнтар ідэалагічнай апрацоўкі дзяцей гадуе ў іх гэтую любоў да зброі і гвалту. Вось свежы прыклад: у адной з пачатковых школ у Берасці нядаўна прайшла выстава цацачнай зброі. Паміж класамі было спаборніцтва — хто прынясе больш цацачных пісталетаў і аўтаматаў. Планавалася, што ў фінале дзеці мусілі гуляць у вайну на свежым паветры. І гэта ж дакладна прапісана ў нейкім плане працы з дзецьмі, у такой выставы вызначаны нейкія мэты, а дарослыя людзі — педагогі — упэўнены і нават маюць абгрунтаванне, чаму конкурс «у каго больш зброі» можа быць карысным для дзяцей.
Мне здаецца, карысць ад гэтага можа быць толькі бацькам — ім даюць надзвычай яскравы сігнал, што ад гэтай школы трэба трымаць сваіх дзяцей падалей. Але ж і бацькам, як паказала практыка, збольшага быццам бы ўсё адно. «Гэта ж проста гульня», — кажуць яны.
Затое гэтая ж сістэма адукацыі і гэтыя ж бацькі вельмі паспяхова дэманізуюць кампутарныя гульні. Аказваецца, кіраваць віртуальнай зброяй на маніторы — гэта вельмі страшна, а браць у рукі пластыкавы аўтамат і наводзіць яго на жывога чалавека — «проста гульня», а пры правільнай падачы яшчэ і патрыятычнае выхаванне.
А потым яны так здзіўляюцца, калі нейкі хлопец бярэ ўжо сапраўдную зброю і страляе ў іншых людзей. Крычаць і плачуць, што яго вучылі не гэтаму.
Гэтаму, менавіта гэтаму.