Як перамагчы свае страхі і не баяцца паразаў?
Спрабуем разабрацца з тым, чаму трэба прымаць паразы і няўдачы і ставіцца да іх, як да карыснага жыццёвага досведу.
Паразы вызначаюць наш характар і лад мыслення. Ніколі не варта губляць аптымізму, тым больш трэба заставацца ў гуморы, калі ў вас нешта не атрымліваецца.
Да няўдачаў на жыццёвым шляху трэба ставіцца як да гульні і заўсёды заставацца цікаўнымі і задаваць самому сабе падобныя пытанні:
- Чаму ў мяне нічога не атрымалася?
- Якія ўрокі я магу атрымаць са сваёй паразы?
- Што трэба зрабіць, каб сітуацыя болей не паўтаралася?
Пры перамогах радуйцеся, як дзіця, пры паразах адключайце эмоцыі, аналізуйце і разважайце крытычна.
Рыхтуйцеся да няўдач
Напрыклад, у бізнесе няма нейкага набору дзеянняў, якія б гарантавана прывялі вас да поспеху. Адзінае, што можна дакладна гарантаваць — гэта няўдачы.
Няўдачы — гэта адваротны бок любых інавацый і поспеху, які абмінуць ніяк не атрымаецца, але аб якіх часцей за ўсё не надта любяць узгадваць. Пазбегнуць іх немагчыма ды і не трэба. Добры прадпрымальнік кіруе рызыкамі, а не пазбягае іх — гэта акурат тая кампетэнцыя, якой вучыцца ў бізнесменаў было б варта ў першую чаргу.
І хоць рызыкі ў любой справе непазбежныя, прадпрымальнік павінен зрабіць так, каб магчымая няўдача не была фатальнай ці крытычнай для ягонага бізнесу. У гэтым уласна і заключаецца мастацтва прадпрымальніцтва.
І гэта акурат тая рэч з капіталістычных адносін, якую варта пераносіць у іншыя сферы жыцця, якія зусім не абавязкова звязаныя са справай зарабляння грошаў.
Чаму не атрымоўваецца?
Часам няўдачы — гэта сапраўды вельмі траўматычна. Чалавек збіраўся, чысціў чаравікі, пакаваў валізы, апрануў лепшы гарнітур. Усім паведаміў, што ідзе ў новае жыццё да светлай будучыні. Але нічога не адбылося, бо нешта пайшло не так.
У выніку кепска пачуваешся, бо і непрыемна, і страшна. Хтосьці пасмяецца з таго, нехта паспачувае. Але факт застанецца фактам – адбылася чарговая жыццёвая няўдача. З такім на сваім шляху сутыкаецца кожны чалавек. Калі марыў аб нечым, спадзяваўся, а яно ніяк і не ўвасобілася…
Няўдача моцна б'е па самаўпэўненасці. Бо кожнаму з нас хочацца заўжды і ва ўсім быць паспяховым, трыумфатарам на кані, вечным пераможцам. Але ж далёка не ўсе даходзяць да фінішу ў сваёй справе, нехта нават і не спрабуе ісці ў бок запаветнай мары, застаючыся ў палоне ўласных мрояў. А хтосьці спыняецца ўжо на першай перашкодзе.
Часцяком нешта не атрымліваецца ў нас не таму, што мы здзяйсняем памылкі, а таму што мы занадта рана здаемся. Прыз чакае самых настойлівых, хто верыць у лепшае заўтра. Ёсць добрая показка: лепей да мэты паўзці на каленях, чым таптацца на месцы.
Не бойцеся няўдач
Чалавек, які пераадольвае паразы, падобны да пажарнага, што ўваходзіць у палаючы будынак. З боку будынак выглядае вельмі жахліва, але як толькі пажарны трапляе ўнутр, у яго больш няма часу думаць аб тым, што яму страшна.
Ён проста хутка вырашае праблемы і эвакуюе людзей. Як правіла, калі справа тычыцца няўдачаў або цяжкасцяў у працы, то, як толькі вы ўвойдзеце ў “палаючы будынак”, вы зразумееце, што ён знік.
Як спартовец распрацоўвае розныя групы цягліц, каб умацаваць усё цела, так і вы павінны гартаваць свае навыкі і не даваць ім атрафіравацца. Складаныя задачы дапамагаюць вашым "працоўным" цягліцам стаць мацней.
Аналізуйце свае няўдачы
У кожнага ў жыцці здараюцца няўдачы, і ў гэтым няма нічога дрэннага. Мы можам ставіцца да праблем абсалютна па-рознаму.
Для некаторых кожная параза становіцца драмай. Нават калі і так, то няхай гэта яшчэ стане для вас добрым урокам на будучыню і апраўданнем перамен да лепшага.
Аналізуйце няўдачы, адкрыта кажыце, што вы робіце няправільна, і плануйце, што вы будзеце рабіць наступным разам.
Заўжды варта памятаць, што кожны чалавек за плячыма мае мноства траўмаў, паразаў і няўдач. Але далёка не кожны імі пераймаецца і выхваляецца.
Шукайце станоўчыя бакі ў любой сітуацыі
Калі ўсе думкі заняты толькі негатывам, няпроста бачыць у праблеме хоць нейкую выгаду. Паглядзіце на сітуацыю з усіх бакоў: часцей за ўсё вы можаце знайсці ў ёй больш плюсаў, чым мінусаў.
Не ўдалося прайсці выпрабавальны тэрмін на працы? Значыць, вы будзеце шукаць іншы варыянт — бліжэй да дома або з больш высокай аплатай. Не атрымалася запусціць адзін праект, не бяды — атрымаецца нешта іншае.
Калі здаецца, што вы можаце бачыць толькі дрэннае, нагадайце сабе, што любы досвед — нават самы няпросты — каштоўны ўжо сам па сабе.
Тры факты пра няўдачы і паразы
1. Няўдачы гартуюць характар
Не варта чакаць, пакуль груз праблем раздушыць вас цалкам сваім цяжарам, трэба змагацца з цяжкасцямі і не баяцца перамен. Кожны смелы ўчынак абуджае ўнутраную сілу і дае выдатны вынік, гартуючы характар і пашыраючы пул магчымасцяў і здольнасцяў.
2. Уменне кіраваць эмоцыямі
Ніводная эмоцыя не праходзіць бясследна, іхны уплыў і энергетыка насамрэч вельмі моцныя, галоўнае, умець правільна накіраваць гэтую энергію, але не на разбурэнне, а на стварэнне. Негатыўныя эмоцыі не варта трымаць у сабе ці накіроўваць на навакольных, лепш скіраваць іх на вырашэнне сваіх праблем.
3. Перамагчы свае страхі
Цалкам пазбавіцца ад страхаў, якія замінаюць жыць паўнавартасна немагчыма, але можна прывучаць іх, і выкарыстоўваць у якасці дадатковай крыніцы энергіі. Гэта пад сілу кожнаму чалавеку, які мае адрэналін.