Беларускія школьнікі выпусцілі мультымедыя-падручнікі з агучваннем

Беларуская ІТ-кампанія распрацавала мультымэдыйную бібліятэку школьніка. У адной праграме — усе падручнікі з 5 па 11 клас.

69dacc28_08a9_4504_ba96_aa0e2528dce6_w987_r1_s.jpg

І гэта не адсканаваныя версіі папяровых падручнікаў, а паўнавартасная праграма — з гіперспасылкамі, слоўнікамі, падказкамі, вонкавымі матэрыяламі і нават агучваннем ад Алеся Камоцкага.

Гэта як выкладчык-энцыкляпэдыст

Інавацыйны праект «Мультымедыя-бібліятэка школьніка». Так афіцыйна называюцца новыя электронныя падручнікі. Насамрэч жа гэта нешта большае, чым звычайны электронны падручнік. Самі распрацоўшчыкі называюць яе «бібліятэкай ведаў».

Валер Ягораў

Валер Ягораў

«Уся школьная база сабраная ў адным месцы, — сказаў пра распрацоўку дырэктар кампаніі «Сакрамент» Валер Ягораў. — З адной прылады вы атрымліваеце доступ да ўсіх школьных ведаў».
У мультымедыя-бібліятэку на сайце mbook.by увайшлі ўсе падручнікі з 5 па 11 клас. У аснове — тыповыя школьныя падручнікі, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі. Яны звярстаныя ў дынамічным дызайне. Гэта значыць, што шрыфт і маштаб старонкі можна ў любы час зьмяніць у залежнасці ад прылады, з якой праглядаецца падручнік.
Таксама тут ёсьць гласарый з усімі тэрмінамі школьнай праграмы. Калі, прыкладам, у 9-м класе школьнік забыўся на нейкае азначэнне з ранейшых гадоў, яго можна імгненна знайсці.
Акрамя гласарыю, ёсьць і пошук па ўсёй базе. Праз яго можна пабачыць, у якіх класах і на якіх прадметах згадваўся, напрыклад, Арыстоцель ці кісларод.
«Гэта канцэпцыя міжпрадметных сувязяў, — кажа Ягораў. — Розныя з'явы прыроды ў нашых падручніках разглядаюць у розны час. А сабраць гэта і ўсебакова патлумачыць можа толькі выкладчык-энцыклапедыст. Такіх адзінкі. А тут, нават ня будучы суперспецыялістам, можна знайсці і скампанаваць гэта ўсё».

Падручнікі, якія можна слухаць у дарозе

Кампанія «Сакрамент» з 2006 году зарэгістраваная ў Парку высокіх тэхналогій. Але раней яна не працавала над навучальнымі праграмамі. У «Сакраменце» спэцыялізаваліся на распазнаваньні і сінтэзе мовы. Сёння іх праграмы па агучванні тэкстаў працуюць на пяці мовах: беларускай, рускай, літоўскай, англійскай і грузінскай.

94da72dc_0020_465e_8666_a3c827920365_w610_r1_s.jpg


«Mbook арганічна выйшаў з мінулых распрацовак», — кажа Ягораў.
Агучванне тэкстаў — бадай, адзін з самых цікавых дадаткаў да мультымедыя-бібліятэкі. Можна ўключыць сінтэзатар мовы і паслухаць раздзел падручніка ці апавяданне з праграмы па літаратуры проста ў дарозе. Сінтэзатар працуе і для беларускай, і для рускай мовы.
Некаторыя вершы адмыслова для мультымедыя-бібліятэкі агучылі беларускія артысты і музыкі.
«Тут ёсьць дадатковыя кнігі, якія можна набываць, — кажа Ягораў. — Вось праходзяць Барадуліна, а на дадатак да школьнай праграмы можна набыць зборнік вершаў, якія агучыў Алесь Камоцкі».
Увесь час, як ішла праца над мультымедыя-бібліятэкай, распрацоўшчыкі раіліся са школьнымі настаўнікамі і рэпетытарамі. Іх заўвагі яны ўносілі ў электронныя падручнікі.

Андрэй Рубчэня

Андрэй Рубчэня


«Звычайна настаўнікам бракуе нагляднасці, — кажа Андрэй Рубчэня, галоўны мэтадыст «Сакраменту». — У школах сёння няма чучалаў, прэпаратаў для мікраскопаў, нават саміх мікраскопаў».
Таму шмат да якіх тэмаў побач з ілюстрацыямі з падручніка яшчэ з'явіліся фота (праўда, пакуль толькі ў дэма-вэрсіі падручніка). Або нават цэлыя энцыклапедыі, як, напрыклад, для курсу батанікі.
«Любую назву ці факт нічога не звязвае з вобразам, — кажа Рубчэня. — Абавязкова трэба, каб чалавек пабачыў. Таму ілюстраваць можна ўсё».
Ён параўноўвае ілюстрацыі сальвініі плывучай — чырвонакніжнага віду расліны — на малюнку з падручніка і на фота. Пасля школьнага падручніка біялогіі сальвінію сапраўды няпроста пазнаць у прыродзе.
«Моманты замацавання, дыдактыка — вельмі важная, — кажа Рубчэня. — Калі нагляднасці няма ў папяровых падручніках, яе трэба даць тут».
Таксама па просьбах выкладчыкаў у мультымедыя-бібліятэку ўключаць савецкія падручнікі па матэматыцы і фізіцы.
«У дадатковыя матэрыялы можна дадаць што заўгодна, — кажа Ягораў. — Усё, што цікава і трэба для навучання, мы можам дадаць».

Для настаўнікаў доступ да бібліятэкі бясплатны

Пасля трох год распрацоўкі, узгадненняў з рознымі дзяржструктурамі, падпісвання аўтарскіх дамоваў Міністэрства адукацыі 31 жніўня 2016 году рэкамэндавала мультымедыйную бібліятэку для выкарыстання ў школах.
Асобная кніга каштуе 1,5 рубля, камплект за ўвесь клас — 9 рублёў, а поўны камплект школьнай праграмы — 30. Плюс дадатковыя кнігі і дапаможнікі, якія не ўваходзяць у курс школьнай праграмы. А вось для настаўнікаў доступ да ўсёй бібліятэкі бясплатны.

dc5ec317_cc77_4ee1_afe7_4890ad718003_w610_r1_s.jpg


«Праз настаўніка бібліятэкай будуць карыстацца вучні і бацькі, — кажа Ягораў. — Таксама — вы ж ведаеце, што настаўнікі не вельмі багатыя».
Валер Ягораў кажа, што мультымедыя-бібліятэка можа быць цікавая ня толькі школьнікам. Падручнікі могуць спатрэбіцца людзям, якія б хацелі, напрыклад, вывучыць беларускую мову ці паўтарыць пэўныя правілы.
«За мяжой жывуць некалькі мільёнаў беларусаў, — кажа Ягораў. — Цяпер яны могуць выкарыстоўваць кнігі для дадатковага чытання летам у якасці літаратуры».
Што да вывучэння моваў, то ў «Сакраменце» хочуць падрыхтаваць электронны падручнік па беларускай і расейскай мовах для замежнікаў. Тэхналагічна для выдання любой кнігі ў кампаніі ўсё гатова.
«Трэба знайсці падручнік, падпісаць дамовы, звярстаць яго, верыфікаваць і выкласці. Гэта можна за пару тыдняў зрабіць».
З усімі аўтарамі тут падпісваюць дамовы і выплачваюць адлічэнні па аўтарскіх правах. Таму можна казаць, што разам са школьнай бібліятэкай тут развіваецца і онлайн-кнігарня.
За пару месяцаў з mbook.by, GooglePlay і Istore ужо спампавалі каля пяці тысяч падручнікаў. Складаней за ўсё да кніг у новым фармаце прызвычаіцца бацькам.
«Бацькі не разумеюць, што такое электронны падручнік, пакуль не растлумачыць, — кажа Ягораў. — Маўляў, яшчэ адзін pdf-падручнік за грошы. Навошта?»
Але ў дзяцей складанасцяў з бібліятэкай няма. А настаўнікі і рэпэтытары самі раяць ёй карыстацца. Напрыклад, Яўген Лівянт, рэпетытар па матэматыцы і фізіцы, яшчэ год таму тэставаў мультымэдыя-бібліятэку.

Яўген Лівянт

Яўген Лівянт


«Я крытычна стаўлюся да ўсіх гэтых электронных прыладаў, таму што гэта форма, а не змест, — сказаў Лівянт. — Але яшчэ год таму мне гэта вельмі спадабалася. Я сказаў, што ўзяў бы сабе і сваім дзецям такую штуку. Настолькі яна зручная ў карыстанні, настолькі яна запатрабаваная».
Лівянт кажа, што беларускія падручнікі ўжо шмат год выпускаюцца неякаснымі. Іх пішуць пад дрэнныя школьныя праграмы, яны не праходзяць апрабацыі, там шмат памылак. А ў мультымэдыя-бібліятэцы прадугледжана шмат карысных навучальных дапаможнікаў.
«Найзручнейшая рэч, якую я бачыў, — гэта праца з ключавымі словамі, — кажа Лівянт. — Умоўна кажучы, калі ты знаходзіш у тэксце тэарэму Піфагора, ты націскаеш на гэтае слова ці словазлучэнне, і адразу з'яўляецца падказка: што такое тэарэма Піфагора, адкуль яна ўзялася. Гэта было прадумана вельмі класна».

Такіх падручнікаў вельмі чакаюць у спецшколах

Сама ідэя электроннага падручніка, на думку Лівянта, — неадназначная. З аднаго боку, зручна несці адзін планшэт замест пяці падручнікаў. Гэта і танней, бо не трэба кожны раз выдаваць шматтысячныя наклады, а хібу ці памылку друку можна імгненна выправіць.

ed6440f4_900d_472a_8ceb_5228ed909631_cx0_cy3_cw100_w610_r1_s_r1.jpg


«Шварцэнэгер, калі балатаваўся ў губернатары Каліфорніі, абяцаў і выканаў пункт сваёй перадвыбарчай праграмы — замяніць усе папяровыя падручнікі для школьнікаў на электронныя, — кажа Лівянт».
У той жа час, калі вучань карыстаецца на ўроку планшэтам, у яго адначасова можа быць уключана яшчэ і гульня ці сацыяльная сетка.
У кожным разе, электронныя падручнікі цяпер укараняюцца па ўсім свеце. І ў «Сакраменце» мяркуюць прасоўваць сваю распрацоўку за мяжой.
«Нашай канцэпцыі бібліятэкі, дзе звязаныя ўсе веды школьнай праграмы, ёсць сінтэз мовы і гласарый — няма нідзе ў свеце, — кажа Ягораў. — Нейкія асобныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца, але ў такой сукупнасьці — не».
Распрацоўваць аналагічныя бібліятэкі для іншых краін у «Сакраменце» збіраюцца самі. А вось настаўнікі беларускіх спецшколаў вельмі чакаюць, калі такія падручнікі распрацуюць для іх вучняў.
«Такія падручнікі вырашаюць праблемы дзяцей, якія церпяць ад дыслексіі і дысграфіі, — кажа Рубчэня. — Для адных гэта зручна і прэстыжна, а для іншых — проста неабходна».
Паводле svaboda.org