Як зарабляць на «Пагоні» (відэа)
Кіраўнік «Арт-сядзібы» Павал Белавус расказаў куды пойдуць 5 кіламетраў бел-чырвона-белай стужкі, як улады ставяцца да беларускай нацыянальнай сімволікі і як БТ рабіла здымкі ў памяшканні «Арт-сядзібы».
— Гэтымі днямі тэма нацыянальнай сімволікі стала з розных нагодаў галоўнай у СМІ і сацыяльных сетках. Нядаўна да вас на «Арт-Сядзібу» прывезлі 5 км бел-чырвона-белай стужкі. Давайце пачнём з гэтага.
— 20 кастрычніка, учора, мы забралі са складу дзяржаўнай фабрыкі ў Магілёве гэтую стужку. І так супала, што нядаўна мы пачалі акцыю «Пагоня побач», і адначасова нам прывезьлі стужку. Паводле дамовы, якую мы падпісалі яшчэ 18 жніўня, яны нам павінны былі яе адгрузіць цягам месяца. Бо мы адразу заплацілі за ўсю партыю. Але за некалькі дзён да таго, як сканчалася дамова, яны кажуць — «прабачце, у нас праблемы з сыравінай, зробім толькі пры канцы кастрычніка». Але як толькі скончыліся выбары, нам патэлефанавалі і сказалі — «мы ўжо запусцілі ў вытворчасць, хутка будзе».
— То бок вы намякаеце, што праблема была не ў сыравіне?
— Мне так падалося. Быў яшчэ цікавы выпадак. Некалькі дзён таму на сайце «рускай моладзі» зьявілася інфармацыя, што яны патэлефанавалі на фабрыку «Стужка», і ім намесьнік па ідэалёгіі нібыта сказаў, што ўсё гэта паклёп і ніякай такой замовы няма. Таму ў нас было адчуваньне, што яны спалохаюцца і нашай замовы ня зробяць.
— Як можна здабыць, купіць, атрымаць гэтую стужку?
— Першая наша задача была — стварыць прэцэдэнт, спраўдзіць самім, ці пагодзіцца дзяржаўная фабрыка зрабіць бел-чырвона-белую стужку. І мы хацелі гэтым паказаць, што ня трэба баяцца, трэба ісьці нават на дзяржаўныя прадпрыемствы. Што калі захацець, гэта можна зрабіць.
У нас адпачатку не было такой сумы на гэтую стужку. Я тады даў абвестку ў сацыяльных сетках. Адгукнулася Партыя БНФ, Алесь Мазанік — уладальнік крамы Imbryk.by, яшчэ некалькі людзей. У выніку мы за некалькі дзён сабралі патрэбную суму. Цяпер кожны ўладальнік сваёй долі стужкі будзе яе выкарыстоўваць па-свойму.
Мы ўчора запусці інтэрнэт-акцыю, напісалі падрабязна пра стужку і паведамілі, што даём стужку за кожны перапост гэтай інфармацыі ў сацыяльных сетках. І толькі сёння за раніцу да нас прыйшло чалавек 30 школьнікаў.
Стужкі, на жаль, не так шмат. Калі мы будзем яе бясплатна раздаваць — яна разыдзецца за дзень. Але мы так не можам, бо гэта нашы грошы. Таму частку мы прадаём, а таксама прапаноўваем людзям стаць спонсарамі, каб мы зрабілі гэтую акцыю раздачы стужкі яшчэ больш шырокай і маштабнай.
— За гэтыя гады вы не раз кантактавалі з уладамі наконт іхняга стаўлення да нацыянальных сімвалаў. Ці можаце вы сфармуляваць, як прадстаўнікі ўлады ставяцца да «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга? Бо падзеі здараюцца вельмі розныя і часам супярэчлівыя.
— З тых заяваў, якія рабіў прэсавы сакратар міліцыі, а потым і сам міністар унутраных спраў, можна зрабіць выснову, што «Пагоня»
і сьцяг — гэта не забароненыя сымбалі. Пагоня ўнесеная ў рэестар гісторыка-культурных каштоўнасцяў, у сцяга ніякай юрыдычнай падтрымкі няма.
Ён не забаронены і не дазволены — ён ніяк не зарэгістраваны.
Мы сваімі дзеяннямі якраз хочам паказаць, што гэта не апазыцыйны, а нацыянальны сымбаль, пад якім Беларусь атрымала незалежнасьць, які ўсе павінны паважаць і
ганарыцца
Тое, што часам адбываецца — і з фанатамі, і з кадэтамі — гэта ўнутранае стаўленне таго ж канкрэтнага міліцыянта, кіраўніка вучэльні. У іх за апошнія гады склалася перакананне, што гэта апазіцыйны сімвал, гэта рэвалюцыя. Мы сваімі дзеяннямі якраз хочам паказаць, што гэта не апазіцыйны, а нацыянальны сімвал, пад якім Беларусь атрымала незалежнасць, які ўсе павінны паважаць і ганарыцца.
Наша задача на сёньня — ня тое, каб гэта адразу стала дзяржаўнымі сымбалямі, бо пакуль гэтага мы ня можам зрабіць. Наша задача — зрабіць так, каб усе выпадкі з рэпрэсіямі і самаўпраўствам чыноўнікаў спыніліся.
— Як улады адказвалі на вашы запыты і лісты? Якія найбольш паказальныя прыклады вашага ўзаемадзеяньня з чыноўнікамі?
— Дзякуй Богу, нас ужо каля году не чапаюць. Хоць гэта наша шостае памяшканьне — але апошні год мы робім што хочам. Быў выпадак, калі да нас прыйшоў міліцыянт — але толькі для таго, каб спраўдзіць, ці мы сапраўды легальна прадаём бел-чырвона-белыя сьцягі.
Апошнім часам, калі мы запусьцілі крамы і пачалі прадаваць сувэніры, да нас пачалі хадзіць дзяржаўныя СМІ, асабліва калі пачаўся бум з вышымайкамі. Прыходзіць БТ, у нас «Пагоня», сьцягі. Пытаемся — вы будзеце ўсё гэта здымаць? — Ну, мы здымем тое, што нам трэба.
Пачалі нас запрашаць і на дзяржаўныя мерапрыемствы, гарадзкую масьленіцу, розныя фэстывалі. Знайсьці памяшканьне апошні год для сваіх акцыяў нам таксама ня цяжка.
— Так, адбыўся відавочны паварот за апошні год. Чым вы гэта тлумачыце?
— Мы са свайго боку нічога не мянялі — чым займаліся, тым і займаемся. Ні ў кога не пытаемся дазволу. Але так сталася, што апошнім часам мы сваёй дзейнасьцю пачалі «працаваць на сістэму». Бо мы выступаем за незалежнасць, патрыятызм, у нас адна з акцыяў — «пазнач сябе беларусам». Мы не ворагі сваёй краіны, мы тыя, хто хоча, каб Беларусь была незалежнай, свабоднай і прыгожай. Нашы акцыі нават пераймае ўжо БРСМ, яны пачалі раздаваць стужкі з арнаментам.
— Але калі затрымлівалі заўзятараў з шалікамі з «Пагоняй», то міліцыянты казалі ім і пра фашысцкія сымбалі, і пра бандэраўцаў, якія дзяцей ядуць.
— Трэба канкрэтна зь імі працаваць. Вярхі думаюць адно, нізы робяць іншае. Я думаю, што менавіта гэты міліцыянт ці ягоны начальнік так думае. Але, я спадзяюся, міністар ім не казаў затрымліваць за «Пагоню». Мы сваёй дзейнасьцю хочам, у тым ліку, і данесьці гэтым міліцыянтам, што ня трэба так рабіць. Кіраўнік дзяржавы ў свой час даваў прысягу, паклаўшы руку на Канстытуцыю з Пагоняй.
— А ці не гучыць крытыка на ваш адрас з іншага боку — апазіцыйнага? Маўляў, пайшлі на супрацу з уладай, зарабляеце на святынях?
— Па-першае, мы з уладай не супрацоўнічаем. Мы ніколі не выконвалі загадаў улады, не рабілі таго, што яна нас папрасіла. Мы рабілі сваё, а яны прымалі ці не прымалі тое, што мы робім. Мы ніколі не выконвалі нейкіх загадаў Міністэрства культуры ці там выканкаму.
Другое, наконт «гандлюеце святым». Шмат такога гучыць, асабліва апошнія дні, нібыта мы ўжо ў золаце купаемся, зарабіўшы на сцягах і «Пагонях». Хачу сказаць, што на сёння ўсё больш людзей пачынае гандляваць рознай прадукцыяй з «Пагонямі». Мы, мабыць, адзіныя, хто сумяшчае грамадскую дзейнасць і камерцыйную. І мы ў тым ліку хочам данесці астатнім, што Пагоня, арнамент, вышыванка можа быць прыбытковай, на ёй можна зарабляць. Гэта трэнд, і людзі будуць купляць.
Мы зрабілі адмысловую базу «Пагоні» ў вектары. Бярыце, друкуйце, распаўсюджвайце, вырабляйце больш прадукцыі, маек. Мы не хочам адны гэтым займацца, хай гэтым займаецца як мага больш людзей і арганізацыяў.