«Яны не павінны сядзець у турме». Дзяўчына прыйшла падтрымаць студэнтаў у судзе і атрымала штраф

Студэнтку Вольгу Вайтовіч аштрафавалі на 100 базавых велічынь (2900 рублёў) за тое, што прыйшла 14 мая на працэс па справе студэнтаў.

3eb76cc5_eb56_48df_93e5_eecb0ad0a8db_cx0_cy19_cw0_w1023_r1_s.webp

У той дзень затрымалі 14 чалавек (сярод іх 11 студэнтаў з розных ВНУ), частку адпусцілі ў той жа дзень. 19 мая такія самыя штрафы ў 2900 рублёў атрымалі Савелій Дубовік, Міра Булгакава, Віктар Палтаржыцкі і Кірыл Макаранка. На іх, як і на Вольгу Вайтовіч, склалі пратаколы па частцы 1 артыкула 24.23 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, распавядае «Свабода».

«З пратаколу зразумелі, што нас затрымалі з прычыны ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»

Вольга вучыцца ў Белдзяржуніверсытэце на другім курсе факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. 14 мая разам з іншымі прыйшла да суду, каб трапіць на пасяджэнне па справе студэнтаў.

«Калі мы прыехалі (каля 10.10, а суд пачынаўся ў 10.30), то каля Дому правасуддзя ўжо было многа людзей, каля 50-60. У залу ўсіх, хто хацеў, не пусцілі, таму што, як мы пазней даведаліся, яна была разлічана на 20 месцаў. Пасля пачатку пасяджэння чалавек у форме пачаў гаварыць у мегафон, што месцаў больш няма і што варта разысціся, — кажа Вольга. — Мы пачалі адыходзіць з хлопцамі ў бок метро. Калі мы пераходзілі ўжо другі пешаходны пераход, то да нас падышлі амапаўцы і папрасілі прайсці з імі ў бусік».

Разам з Вольгай затрымалі 6 чалавек і адвезлі ў Маскоўскі РУУС. Паводле Вольгі, затрыманне адбывалася спакойна, ніхто не супраціўляўся і не спрабаваў уцячы. Толькі ўвечары ім далі азнаёміцца з пратаколам.

«З яго мы зразумелі, што нас затрымалі з прычыны ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Усіх студэнтаў адпусцілі з РУУС позна ўвечары, пры гэтым мы напісалі распіскі, што павінны з'явіцца 19 мая ў суд, дзе будуць судзіць ужо нас».

«На судзе былі два Іваны Іванавічы»

Вольга не пагадзілася з пратаколам. Але яна кажа, што суд не прыняў гэтага да ўвагі, бо, маўляў, яна не напісала, з чым менавіта не згодная. Судовае пасяджэнне цягнулася з 10 раніцы да 16 гадзіны, калі зачыталі рашэнне.

Суд не захацеў разглядаць і прыкладаць да справы фота- і відэаматэрыялы, якія загадзя былі скапіяваныя на дыск. Аднак у адміністрацыйных справах ёсць скрыншоты з тэлеграм-канала «Баста» з заклікам прыходзіць да Дома правасуддзя на акцыю.

«Ніхто з нас не быў падпісаны і ніколі не чуў пра гэты канал. Больш за тое, на тэлефоне ў мяне няма тэлеграма. А скрыншоты ўсё роўна прыкладзены, — кажа Вольга. — Яшчэ на судзе былі два Іваны Іванавічы, якія, на наша здзіўленне, сказалі, што мы не выкрыквалі лозунгаў і былі без плакатаў і што затрымалі нас не ў дворыку, а ўжо ў пераходзе да метро. Тым не менш яны сцвярджалі, што мы ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Паводле Вольгі, сведкі не змаглі адказаць на пытаньне адваката, як яны адрознівалі людзей, якія бралі ўдзел у пікеце, і тых, хто прыйшоў на іншы суд або проста праходзіў міма.

У Вольгі забралі тэлефон да выплаты штрафу.

«Дагэтуль хачу трапіць на суд, каб выступіць у якасці сведкі Тані»

Пасля таго як Вольгу пакаралі штрафам у сто базавых, яе ў дэканат не выклікалі.

Чаму дзяўчына хацела трапіць на працэс супраць студэнтаў у Доме правасуддзя?

«Я знаю асабіста Таню Екельчык, знаёмая з Ксюшай Сырамалот і Ягорам Канецкім. Пісала каля дзесяці лістоў Насці Булыбенка, Тані Екельчык, Іллі Трахтэнбэргу, Ксюшы Сырамалот. Але ніводнага разу не атрымлівала адказу. Хацела вельмі іх убачыць і падтрымаць. Дагэтуль хачу трапіць на суд, каб выступіць у якасьці сведкі Тані. Вельмі моцна перажываю за іх усіх, таму што яны ўсе прыкладна майго ўзросту, зусім маладыя. А ім ламаюць жыцці. Яны не злачынцы і не павінны сядзець у турме».