У Мінску звольнілі кіраўніцу медцэнтра, якая адмовілася падпісваць ліст праўладных прафсаюзаў
У «Рэспубліканскім цэнтры медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння» адбылася замена кіраўніка.
Страціла працу галоўная доктарка Наталля Карловіч, якая спецыялізуецца на лячэнні цукровага дыябету. На замену ёй прызначаны экс-начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксандар Пацееў, піша «Свабода».
Інфармацыя пра кадравыя змены з'явілася на сайце
медустановы.
Згодна з афіцыйным тлумачэннем, Наталля Карловіч «не
знайшла агульнай мовы з калектывам». Аднак па факце, як сцвярджае
спецыялізаваны тэлеграм-канал «Белыя халаты», яна была сярод тых кіраўнікоў,
хто падтрымаў сваіх супрацоўнікаў у рашэнні не падпісваць ліст праўладных
прафсаюзаў за адмену заходніх санкцый. Тое, што на яе месца прыслалі
прадстаўніка Міністэрства аховы здароўя, красамоўна сведчыць пра сітуацыю,
падсумоўваюць «Белыя халаты».
Таксама стала вядома, што ў прафесійны дзень
траўматолага-артапеда, які адзначаецца 20 траўня, звольнены з прычыны
грамадзянскай пазіцыі Сяргей Худніцкі — лекар вышэйшай катэгорыі, які загадваў
траўматалагічным аддзяленнем «Навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і
артапедыі».
Як адзначаюць яго калегі, у актыве спецыяліста мноства
ўдалых аперацый і выратаваных жыццяў. Дзякуючы яму зроблены інавацыйныя крокі
ў развіцьці беларускай медыцынскай навукі, ён — аўтар шэрагу патэнтаў.
Ад мінулага года з цэнтра добраахвотна і пад прымусам сышлі
больш за два дзясяткі лекараў і навуковых супрацоўнікаў, і гэтых прафесіяналаў
нікім не замянілі.