Журналісту Яўгену Меркісу прысудзілі штраф — 5 базавых (стрым)

У Навабеліцкім судзе Гомеля сёння, 2 мая, судзілі Яўгена Меркіса. Журналістам-фрылансера прысудзілі да штрафу за нецэнзурную лаянку.

uah3qdogvso_logo.jpg

Суд распачаўся а 11:10. Працэс вёў суддзя Сяргей Новікаў. Яўгена Меркіса абвінавачваюць паводле артыкулу 17.1 «дробнае хуліганства». Сведкі сцвярджалі, быццам Яўген лаяўся матам у грамадскім месцы — у двары дому па вуліцы Ільіча ў Гомелі.



Яўгена затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту па дарозе да дому  30 красавіка  — напярэдадні санкцыянаванай першамайскай акцыі, якую журналіст планаваў асвятляць.

Міліцыянты прывезлі Яўгена Меркіса ў Навабеліцкі РУУС. Затрыманнем кіраваў маёр Кісліцкі.

Час да суда наш калега правёў у ізалятары часовага ўтрымання.



Сведкамі ў судзе выступілі супрацоўнікі АМАП Кісліцкі і Лук'яненка. Яны казалі, што Яўген Меркіс ішоў і сварыўся матам сам з сабой.

Адвакат, які задаваў пытанні сведкам, заўважыў, што іх паказанні разыходзяцца, бо міліцыянты не змаглі дакладна назваць месца затрымання, а таксама канцэптуальны кантэкст Яўгенавай лаянкі.

Аднак суддзя даў веры сведчанням міліцыянтаў і без перапынку на абмеркаванне вынес рашэнне.

Сяргей Новікаў асудзіў журналіста на 5 базавых велічыняў штрафу за нецэнзурную лаянку.

«Мяне затрымалі 30-га красавіка, калі я вяртаўся дамоў. У двары дома, праз які я часта скарачаю дарогу мяне нагналі два амапаўца і сказалі, што я нібыта лаяўся ў публічным месцы і таму мушу праехаць з імі. На мяне склалі пратакол за "хуліганства" і, паколькі былі выходныя, да суда змесцілі ў ІЧУ.

Умовы ў ІЧУ былі адносна добрымі. Для мяне досвед знаходжання "па той бок" ізалятара быў першым, але было заўважна, што кіраўніцтва гэтай установы ўсяляк імкнулася забяспечыць мне нармалёвыя ўмовы знаходжання. То бок я знаходзіўся ў стандартнай камеры, але нікога да мяне не падсялялі. Уся бялізна была максімальна чыстай, цэлай. Камера была чыстая і г.д. Персанал быў максімальна ветлівы і гэта адчувалася.

Канешне, калі б я быў "стандартным" хуліганам, то ўсё гэта магло б адрознівацца ў горшы бок, але "палітычным", як там мяне назвалі, відаць імкнуліся ісці насустрач.

І я гэта наўпрост звязваю з тымі зваротамі, што скіроўвалі ў адпаведныя органы шматлікія актывісты і простыя гомельцы, што гэтай вясной траплялі за краты праз свой удзел у акцыях пратэсту супраць дэкрэту №3. Там яны фіксавалі вялікую колькасць хібаў і невыканання супрацоўнікамі гэтай установы нават уласных правілаў, а часта і іх няведанне.

На маёй дзейнасці гэта ніяк не адаб'ецца, таму хацелася б нагадаць тым, хто прымае рашэнні ў гэтай краіне: трэба вырашаць праблемы, а не хапаць шчырых журналістаў на вуліцах і прыпісваць ім тое, чаго не было. У ХХІ стагоддзі бессэнсоўна змагацца з розгаласам затрыманнямі, бо цяпер анлайн-трансляцыі можа рабіць кожны наўпрост са свайго смартфона», — пракаментаваў Яўген адмыслова для «Новага часу». 

Таксама журналіст распавёў што на гэтым тыдні яго чакае яшчэ адзін суд па артыкуле 22.9 (парушэнне заканадаўства аб СМІ) за анлайн-трансляцыю з-пад ІЧУ у Гомелі ў дзень, калі мусіў выйсці, але так і не выйшаў гомельскі блогер Максім Філіповіч.


Фота і відэа Марыны Драбышэўскай