У Бабруйску фотаапарат прыраўнялі да зброі (фотафакт)
Бабруйская міліцыя 1 мая забараніла праносіць у гарадскі парк культуры і адпачынку фотаапараты. Інфармацыю пра гэта супрацоўнікі міліцыі размясцілі на спецыяльным стэндзе адразу пад візуальнай выявай пісталета і надпісам «Зброя, боепрыпасы».

У гэты дзень у гарадскім парку адзначалася «Свята вясны і працы». Між тым усе, хто ў гэты дзень хацеў трапіць у гарадскі парк, павінны былі прайсці праз кардоны супрацоўнікаў міліцыі пры ўваходах.

Датычылася гэтая працэдура і журналістаў. Так, у журналіста «Бобруйского курьера», які накіроўваўся на гэтыя мерапрыемствы, запатрабавалі выкласці ўсе рэчы з заплечніка на спецыяльны стол пры ўваходзе ў парк.

«Я хачу, каб да штыка прыраўнялі пяро», — марыў калісьці рускі паэт Уладзімір Маякоўскі. «Падобна, што мары паэта спраўдзіліся», — жартуюць журналісты.
baj.by