Амапаўцы паблыталі час і месца затрымання Севярынца

Затрыманы пасля мітынгу ў Мінску 1 мая палітык атрымаў 15 сутак арышту.

cam05331_logo.jpg

Павел Севярынец быў затрыманы 1 мая, калі выходзіў са станцыі метро «Пушкінская» і накіроўваўся дадому. Затрымлівалі яго двое ў цывільным, не прад’яўляючы пасведчанняў, пасля чаго даставілі ў Цэнтральны РАУС, пазней — у ізалятар.

На судзе Севярынцу інкрымінавалі ч.3 арт.23.34 («удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве»), прычым суддзя Вікторыя Шабуня «склеіла» ў адну справу адразу два эпізоды: мітынг у Курапатах 3 сакавіка ды акцыю пратэсту 1 мая.

cam05323_logo.jpg

«Рапарт на звальненне — самае годнае рашэнне ў вашым жыцці»

На пачатку пасяджэння Севярынец заявіў пра свой недавер да беларускай судовай сістэмы, а таксама прапанаваў суддзі падаць рапарт на звальненне. «Гэта будзе самае годнае рашэнне ў вашым жыцці», — адзначыў палітык. Сам працэс Севярынец назваў спектаклем і беззаконнем.

Падчас дачы паказанняў Севярынец так ахарактарызаваў прычыны, па якіх выйшаў на мітынг 1 мая:

«Па-першае, я салідарны з беспрацоўнымі, якіх змушаюць плаціць падатак на беспрацоўе. Па-другое, я салідарны з тымі, хто вымагае адстаўкі Лукашэнкі, — гэта яшчэ мяккае і карэктнае патрабаванне. Па-трэцяе, я салідарны з затрыманымі па «Справе патрыётаў»: хлопцаў наўпрост прадалі за пуцінскі мільярд».

cam05345.jpg


Сведкі не змаглі ўзгадаць, што за мітынг праходзіў 1 мая

З чатырох анансаваных сведкаў-міліцыянтаў на суд прыйшлі толькі трое. Чацвёрты, як аказалася, знаходзіцца ў службовым адпачынку. Па мітынгу ў Курапатах сведчыў ужо вядомы Вячаслаў Шкут, які амаль бесперапынна прысутнічаў цягам абароны месца масавых рэпрэсіяў з 20 лютага па 5 сакавіка.

Значна цікавей аказалася са сведкамі, якія нібыта затрымлівалі Севярынца 1 мая. Амапаўцы Яўген Мікалаеў (1990 г.н.) і Раман Ломыш (1994 г.н.) назвалі месцам затрымання палітыка Кастрычніцкую плошчу, хоць сам Севярынец сцвярджае, што быў затрыманы на выхадзе са станцыі метро «Пушкінская». Час таксама разыходзіцца: паводле амапаўцаў, гэта 14.30, паводле Севярынца — 15.30. Сам палітык упэўнена сцвярджаў, што затрымлівалі яго зусім іншыя людзі.

Супраць пазіцыі амапаўцаў сведчыць і той факт, што камандзір аддзялення АМАП Мікалаеў нават не змог патлумачыць, што за мітынг адбываўся на  Кастрычніцкай плошчы. У адказ на пытанне суддзі міліцыянт працягла маўчаў.

cam05325_logo.jpg

Яшчэ 18 прозвішчаў у пратаколе разам з Севярынцам

Тым не менш, нестыкоўкі ў паказаннях ніякім чынам не перашкодзілі суддзі прызначыць Севярынцу пакаранне ў выглядзе 15 сутак арышту.

cam05347.jpg

Перад вывазам у ізалятар па заканчэнні суда Севярынец паспеў сказаць, што ў пратаколе, які ён бачыў у пастарунку, побач са сваім прозвішчам ён бачыў яшчэ каля 18 прозвішчаў іншых удзельнікаў першамайскага пратэсту. Сярод іх: Славамір Адамовіч, Марына Адамовіч, Уладзімір Някляеў, Аляксей Клюшнічэнка, Вячаслаў Сіўчык і іншыя.