Ён збіраецца жыць вечна?
Калі дзеці ідуць у школу — гэта і радасць, і шмат клопатаў. Але калі ў школе з першаклашкамі адразу пачынаюць праводзіць ідэалагічную працу — гэта ўжо нагадвае сталінскія часы.

Прынамсі, шмат пытанняў у мяне ўзнікла з нагоды «падарунка прэзідэнта першакласнікам». Гэтае выданне называецца «Беларусь — наша радзіма». Але гэтая радзіма нешта вельмі перанасычаная адной асобай. Узнікае адчуванне, што без гэтай асобы і радзімы няма.
Выданне, канешне, класнае. У цвёрдай вокладцы, з каляровымі малюнкамі і фотаздымкамі. Калі гэта, як пазначана на вокладцы, падарунак кіраўніка дзяржавы, то без ягонага ўступнага слова абысціся нельга, тут ужо нічога не папішаш. Аднак побач з уступным словам сябры-выдаўцы змясцілі фотаздымак, які мне нагадаў савецкі анекдот яшчэ хрушчоўскіх часоў. Калі рэдактары газеты думалі, як падпісаць фота Хрушчова, які наведваў свінаферму. «Свінні вакол Хрушчова» — нейкі намёк на ЦК КПСС. «Таварыш Хрушчоў сярод свінняў» — не лепш. У выніку сышліся на назве «Трэці злева — таварыш Хрушчоў».

Хто з іх Лукашэнка А.Р.?
На галоўным фотаздымку Аляксандр Рыгоравіч апынуўся адзін ў трох асобах. Як з іншага анекдота: «Гэта шкілет Чапаева, а гэта — шкілет Чапаева ў дзяцінстве».
Канешне, у такой кнізе павінны прысутнічаць герб, сцяг і гімн. Хацелася б, канешне, каб гэта была «Пагоня», і сцяг адпаведны. Але маем, што маем. Тым не менш, навошта пасля гэтага рабіць разварот пра тое, што «ў другую нядзелю мая святкуюць Дзень дзяржаўнага герба і сцяга»? Зашмат чырвона-зялёнага — гэта ўжо перабор. Узнікае ўражанне, што самі аўтары гэтай сімволікі не ўпэўненыя ў яе законнасці і абгрунтаванасці, а таму імкнуцца ўбіць у галаву першакласніку — «вось яно, самае важнае».

Пра раздзел «Наша краіна — Беларусь», дзе па абласцях раскрываецца дзяржава, казаць нічога не буду. Там ўсё файна і добра. Прыгожыя фотаздымкі, добрыя вершы. А вось «Гісторыя і славутыя імёны Бацькаўшчыны» неяк падкачалі. Самая цікавая штука — партрэт Максіма Багдановіча з пазнакай года смерці (1917) упёрлі на старонку «1919 год — утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Канешне, разам з Багдановічам там Янка Купала і Якуб Колас, якія хаця б пажылі пры БССР. Але, зноў жа, побач з Багдановічам і стваральнік беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, які, як вядома, памёр у тым жа 1917 годзе.
Маглі б змясціць іх на папярэдняй старонцы, разам з Дуніным-Марцінкевічам і Францішкам Багушэвічам — гэта было б лагічней. Але там, відавочна, не хапала б месца. А даць для БССР толькі адну старонку — не дазволіла рэвалюцыйнае сумленне. Вось і апынуліся Багдановіч і Буйніцкі ў БССР.
Канешне, ані згадкі пра Беларускую Народную Рэспубліку ў кнізе не прагучала.
Адразу пасля стварэння БССР ідзе Вялікая Айчынная вайна. Як прапагандысты згубілі такі момант, як уз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі — незразумела. ВАВ прадстаўленая ў кнізе аднымі помнікамі. Навошта туды ўключылі раздзел «70 год вялікай перамогі» — незразумела таксама. Бо кніга ж — не на адзін год. І ранейшыя першакласнікі, калі зазірнуць у кнігу нават у наступным годзе, зразумеюць, што зрабілі гэта дарма, бо яна, у іх уяўленні, безумоўна састарэе.
Гэты раздзел быў уключаны, пэўна, дзеля аднаго фотаздымку: як Лукашэнка вітае ветэранаў. Бо і так ужо 26 старонак прайшлі без гэтай асобы — дзеці могуць забыцца, ад каго ім перапала кніжэнцыя.
«Гісторыя і славутыя імёны Бацькаўшчыны» заканчваюцца фотаздымкамі беларускіх касманаўтаў, да якіх дадалі партрэт Юрыя Гагарына. Больш славутасцяў у найноўшым часе ў Беларусі не знайшлося. Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Алесь Адамовіч, Святлана Алексіевіч, Рыгор Барадулін — усе імёны, дзякуючы якім краіну ведаюць у свеце — усё побаку.
«Ага — скажа з’едлівы чытач, — вы б у гэты шэраг Пазняка з Някляевым дадалі б!». Ну, хай не Пазняка з Някляевым, але навошта, не прыніжаючы іх заслугаў, абмяжоўвацца выключна касманаўтамі?
Ну а далей уся гісторыя Беларусі непарыўна звязаная з Аляксандрам Лукашэнкам. Напісана, што ён быў абраны ў 1994 годзе, а фота з інаўгурацыі 2011-га. Усебеларускі народны сход, выступ на з’ездзе БРСМа (яшчэ тая падзея ў гісторыі, як жа). Побач з узнагародамі Беларусі фота першага героя краіны лётчыка Уладзіміра Карвата з абавязковай згадкай, што гэта Аляксандр Рыгоравіч надаў яму пасмяротную ўзнагароду. Фоткі нашых прадпрыемстваў , аўтобусаў, аўтамабіляў, тэлевізараў і пральных машынаў — аж да сыроў. А на фота «Першы дзень у школе» настаўніца раздае вучням той самы «падарунак ад прэзідэнта». І ў гэтым не стрымаліся.

І Лукашэнка, Лукашэнка, Лукашэнка. Лукашэнка ўручае дыпломы, узнагароды, з клюшкай на лёдзе, і з героем Беларусі Дашай Домрачавай.



Складаецца ўражанне, што Аляксандр Рыгоравіч збіраецца жыць вечна. І вечна заставацца кіраўніком краіны. Таму з маленства прывучае дзетак да свайго твару. Хаця сённяшнія дзеткі і без таго яго ведаюць, бо глядзяць у тэлевізар.
Ёсць яшчэ адзін аспект гэтай праблемы. «Падарунак ад прэзідэнта», гэта, канешне, добра, хай ён і такі нязграбны, як выдаўся. Але Аляксандр Лукашэнка зараз — не прэзідэнт, а кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Прынамсі, так запісана ў дакуменце, які яму выдаў ЦВК.
Ці не ёсць раздача такіх кніжак першакласнікам апасродкаванай формай подкупу выбаршчыкаў? Бо відавочна, што на «падарунак» звернуць увагу не толькі маленькія чытачы, але і іх бацькі. А гэта вам не камуністычныя газеткі на пікетах раздаваць, гэта ўжо паўнавартасны «падаруначак». Дарэчы, колькасцю у 113 тысячаў 700 экземпляраў.
Ці дасць Аляксандр Рыгоравіч справаздачу, колькі грошай было ў ягоным перадвыбарчым фондзе, і колькі грошай пайшло на стварэнне гэтай кнігі? Бо што ні кажы, але гэта ўсё ж — агітка. А за агітацыю трэба плаціць грошамі з перадвыбарчага фонду.