Без спадзеваў на будучыню

Пакуль апазіцыя абвінавачвае Караткевіч у спробах «легалізацыі рэжыму», сама ўлада ў гэтую легалізацыю не верыць ні на ёту. І адпаведным чынам рыхтуе насельніцтва да таго, што ўсё будзе, як заўсёды.



belarus_es_sankcii2.jpg

Гэтую выбарчую кампанію назавуць самай сумнай і нецікавай за ўсю гісторыю Беларусі. Таццяна Караткевіч матляецца па рэгіёнах, Аляксандр Лукашэнка ўвогуле з’ехаў з краіны, маўчаць Сяргей Гайдукевіч і Мікалай Улаховіч. Паштовыя скрыні пустыя — пакуль што я не знайшоў ніводнай улёткі ніводнага кандыдата.

Агітацыйныя пікеты не выклікаюць такой цікавасці, як пікеты па зборы подпісаў. Нават нестандартныя хады Караткевіч не прыцягваюць увагі. Напрыклад, у аўторак, 22 верасня, яна паспрабавала напаіць студэнтаў кавай у дворыку Белдзяржуніверсітэта. Каву папілі добра калі паўтара дзясяткі чалавек.

Багата палітолагаў сцвярджаюць пра «апатыю насельніцтва» і «запужанасць электарату». Але наўрад ці гэта так. Хутчэй, гэта нагадвае стары, яшчэ савецкіх часоў анекдот, як у Маскве на Краснай плошчы мужык раздаваў «апазіцыйныя ўлёткі». Калі яго затрымалі, высветлілася, што ён раскідваў чыстыя аркушы, без ніводнага слова. «А чаго пісаць, і так усё зразумела», — патлумачыў ён КДБ.

Сапраўды, і так усё зразумела. Прафсаюз РЭП правёў зандаж грамадскай думкі наконт эканамічнага самаадчування беларусаў. 60% апытаных адзначылі, што за апошнія паўгода іх матэрыяльнае становішча пагоршылася, 32% — засталося без зменаў. І толькі 3% палепшылі свае матэрыяльныя ўмовы. Так што краіна — у глыбокім эканамічным крызісе.

Замест таго, каб скарыстаць гэтыя моманты для агітацыі насельніцтва, апазіцыя разбіраецца ў сваёй пясочніцы. Абвінавачванні Таццяны Караткевіч у тым, што яна гуляе на «легітымізацыю ўлады» ходзяць па інтэрнэтах і чуюцца з зайздроснай рэгулярнасцю. Апошняе важкае слова з гэтай нагоды выказаў палітэмігрант з 20-гадовым стажам Зянон Пазняк. Маўляў, Караткевіч завабіць народ на выбарчыя ўчасткі, а потым «элегантна пераможа» Лукашэнка, наступствам чаго будзе прызнанне выбараў з боку Захаду, то бок — легітымізацыя рэжыму.

Аднак сам «крывавы рэжым» не верыць у гэтую легітымізацыю ані на ёту.

Агенцтва "Reuters" паведаміла са спасылкай на свае крыніцы ў ЕС, што Еўропа можа прыпыніць санкцыі супраць беларускага чыноўніцтва. Стабільна невыяздная ў Еўропу старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, каментуючы гэтую інфармацыю, упэўнена сказала, што ў адносінах да сябе гэта не разглядае «нават гіпатэтычна». А значыць, выбары пройдуць дакладна так, як папярэднія, і Рыгоравіч атрымае чарговую «элегантную перамогу».

Пра тое, што ўсё будзе, «як звычайна», кажуць і апошнія лічбы сумеснага сацыялагічнага даследавання Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра і Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Паводле апытанкі гэтых праўладных інстытутаў, аб правядзенні выбараў 11 кастрычніка 2015 года ведае практычна ўсё насельніцтва краіны — 96,7%.

«Вынікі сацыялагічных апытанняў паказваюць, што 86,2% насельніцтва рэспублікі плануе прыняць удзел у маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах: на адпаведнае пытанне 72% апытаных адказалі «так», 14,2% — «хутчэй так», — такім чынам прыводзіць дадзеныя даследавання агенцтва БелТА. Паколькі гэта цытата БелТА, то на іх сумленні я і пакідаю розніцу паміж «насельніцтвам» і «выбаршчыкамі».

Таксама цікавыя лічбы атрыманыя ў ток-шоў вядомага праўладнага публіцыста Вадзіма Гігіна «Справа прынцыпу», якое прайшло па БТ. Згодна з паказанымі нам лічбамі, толькі 21% нібыта прагаласаваўшых вераць у тое, што пасля выбараў адносіны з Захадам палепшацца. 79% адзначылі, што чакаюць пагаршэння гэтых адносінаў.

Чаму важныя лічбы гігінскага ток-шоў? Таму што праз іх праходзіць падрыхтоўка грамадскай думкі. На адных з мінулых прэзідэнцкіх выбараў у аналагічным ток-шоў лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук не паленаваўся і чатыры разы на працягу перадачы вымяраў суадносіны тых, хто прагаласуе за Аляксандра Рыгоравіча, альбо за альтэрнатыўнага кандыдата. Дык вось, усе чатыры разы суадносіны былі аднолькавыя — 73 з нечым працэнты за Лукашэнку. З гэтага Ярашук зрабіў выснову — дзейснаму кіраўніку дзяржавы намалююць каля 73% галасоў. Прыкладна так яно і адбылося.

Канешне, беларускі рэжым вельмі б хацеў легалізавацца ў вачах Захаду. Ад гэтага шмат залежыць у эканоміцы, і не ў малой ступені — доступ да замежных крэдытаў і інвестыцыяў. Аднак правесці свабодныя і сумленныя выбары згодна са стандартамі АБСЕ і сумленна на іх выйграць — задача для сённяшняй улады невыканальная. Яны ўжо даўно развучыліся гуляць сумленна.

А таму яны загадзя плануюць песімістычны сцэнар — ніякага прызнання беларускіх выбараў не будзе, адносіны з Захадам пагоршацца. І да гэтага яны рыхтуюць насельніцтва.