Юрась Беленькі: «Не трэба гуляць з дыктатарам на ягоным полі альбо гуляць з ім у напарсткі»

«Перамагаюць людзі пад сваёй сімволікай, аб’яднаныя сваёй нацыянальнай ідэяй. І рэжым гэта цудоўна разумее», — перакананы Юрась Беленькі.

Фота з фейсбука Вадзіма Васільева

Фота з фейсбука Вадзіма Васільева

Намеснік старшыні партыі КХП—БНФ распавёў «Народнай Волі» пра тое, як іх арганізацыя ставіцца да апошніх падзей у краіне і ці праўда, што «партыі апошнім часам не чуваць».

— Хто хацеў, той нас пачуў, — кажа Юрась Беленькі. — Мне здаецца, лідар нашай партыі Зянон Пазьняк вельмі актыўны. Пастаянна выходзілі яго артыкулы, у якіх даваліся рэкамендацыі і палітычная ацэнка сітуацыі, рабіліся розныя прапановы.

Я толькі не ведаю, чаму людзі не хочуць прыслухоўвацца да лідара старэйшай партыі Беларусі. Зрэшты, хтосьці чытае адны інфармацыйныя рэсурсы, нехта іншыя. А сябры нашай партыі пастаянна абмяркоўваюць інфармацыю наконт сітуацыі ў краіне.

— Перад выбарамі вы казалі, што Партыя КХП—БНФ прынцыпова не будзе браць удзел у гэтым «цырку»…

— Хацелася б памыліцца ў сваіх ранейшых прагнозах, але, на вялікі жаль, мы ўсё дакладна спрагназавалі адносна таго, як будуць разгортвацца падзеі ў перыяд так званай выбарчай кампаніі і пасля гэтага. Мы заўсёды сцвярджалі і сцвярджаем: не трэба гуляць з дыктатарам на ягоным полі ў яго гульні альбо гуляць з ім у напарсткі.

Якія маглі быць выбары ў нашай краіне? Што, незразумела было з папярэдняга досведу? Тут усё відавочна і лёгка чыталася. І сёння мне проста шкада збітых, пакалечаных і забітых людзей. Вось за што душа баліць!

— Але ж многія беларусы абудзіліся і паказалі сваё стаўленне да тых, хто пры ўладзе. Як вам такі масавы ўздым народа?

— Паслявыбарны перыяд паказаў, што сёння ў Беларусі ўжо зусім іншая супольнасць, чым была дзесяць ці нават пяць гадоў таму. Тыя, хто спаў, і насамрэч прачнуліся.

Шкада толькі, што многія так позна выйшлі са сну і даведаліся, што ў краіне няма дэмакратыі, што тут пануе жорсткі рэжым, які знаходзіцца пад кантролем расійскіх спецслужбаў. Апошнія гэты рэжым трымаюць і ратуюць. На жаль, большасць людзей не бачылі гэтага. Альбо бачылі, але рабілі выгляд, што нічога не адбываецца.

Калі нас, дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання, у свой час збілі ў парламенце, то тады нехта з маіх калег сказаў: «Калі рэжым адважыўся пабіць дэпутатаў, то што ж ён зробіць з простым чалавекам?» Пытанне было зададзена рытарычнае.

Хочацца адзначыць яшчэ адзін момант. Так, народ пасля выбараў абудзіўся, сотні тысяч беларусаў выходзілі на вуліцу. Але што ў выніку? Любыя дзеянні павінны мець мэту — дасягненне пэўнага выніку. Тыя дэклараваныя задачы, што абвяшчалі людзі, якія ішлі на выбары, сёння дасягнуты? Не. Таму, калі вы заклікаеце людзей да нейкіх дзеянняў, а затым у выніку гэтых дзеянняў церпяць людзі, то вы павінны прызнаць свае памылкі. Не трэба сёння рабіць выгляд, што адбылося ўсё так, як вы планавалі. З любых памылак трэба рабіць высновы.

— Што чакае краіну далей?

— Cёння беларусам трэба рабіць тое, пра што мы кажам увесь час, — быць салідарнымі і стаяць на сваім. Захоўваць і шанаваць сваю мову і культуру, а менавіта гэта цяпер у краіне знішчаецца. Таму тут не трэба чакаць літасці ад некага. Трэба самім вучыць дзяцей на роднай мове, распавядаць пра сваю культуру і гісторыю.

І вы паглядзіце, якая цудоўная кансалідацыя адбылася вакол нацыянальных сімвалаў і якая варожая рэакцыя рэжыму на гэтыя сімвалы. Сёння нават за штаны з бел-чырвона-белымі лампасамі выпісваюць вялізныя штрафы.

— Бел-чырвона-белы сцяг стаў сімвалам пратэсту, таму і спрабуюць яго забараніць?

— Сімволіка — гэта адзін з асноўных элементаў яднання нацыі, вяртання яе да сваіх каранёў. Перамагаюць людзі пад сваёй сімволікай, аб’яднаныя сваёй нацыянальнай ідэяй. І рэжым гэта цудоўна разумее.

Краіне патрэбны шырокі нацыянальны рух. Вакол сімволікі людзі аб’ядналіся, але патрэбна, каб была ўмова. Каб беларусы адчувалі сябе беларусамі. Дарэчы, пра ўсё гэта яшчэ раней казаў Зянон Пазьняк, які валодае палітычным талентам. І сёння хачу сказаць: «Шаноўныя беларусы! Яднайцеся вакол Зянона Пазьняка!»

— Можа быць, калі б Зянон Станіслававіч падчас пратэстаў вярнуўся з-за мяжы ў Беларусь, то змог бы павесці за сабой беларусаў? Магчыма, ім якраз і не хапала моцнага лідара?

— Як вы сабе гэта ўяўляеце? Зянон Пазьняк з самага пачатку заклікаў да байкоту выбараў. Яго якраз не паслухалі, і іншыя людзі ўжылі абсалютна іншы сцэнарый. Зянон Станіслававіч быў супраць гэтага, бо сам алгарытм дзеянняў быў фальшывы. Дык чаму ён затым павінен станавіцца галоўнай дзеючай асобай у гэтым сцэнарыі? Гэта абсалютна нелагічна.

Але мне здаецца, што сама пастаноўка пытання пра вяртанне Пазьняка гучыць як тролiнг. Гэта кшталту таго, каб лiдар антыфашысцкага руху прыехаў у Берлiн у 1944 годзе. Няўжо не зразумела, чым можа закончыцца гэты прыезд?

— Якія вашы далейшыя прагнозы?

— Гэтая беларуская сістэма нежыццяздольная як у палітычным, так і ў эканамічным сэнсе. Пэўны час яна яшчэ можа існаваць, але ўсё будзе залежаць ад беларусаў. Павінна адбыцца кансалідацыя вакол нацыянальнай ідэі, і павінна быць разуменне, што ёсць свая дзяржава, свой народ і свае інтарэсы.