Беларускія лялькаводы расійскіх пратэстаў

Адна з самых папулярных цяперашніх тэмаў расійскіх медыя — абмеркаванне пытання, ці стане жонка Навальнага Юлія расійскай Святланай Ціханоўскай?

_116556156_8a11b1a1_367c_4e6f_a3dd_37001b1cc977.jpg


Пасля таго, як скончыліся нядзельныя мітынгі ў падтрымку Навальнага, многія каментатары прыйшлі да высновы: арганізатары пратэставых акцый абралі для сябе беларускі сцэнар. «Падобна, на Захадзе вырашылі: калі ў Беларусі схема “разварушвання рэжыму” працуе, то навошта прыдумляць для Расіі нешта іншае? Ужо занадта аднолькавыя ўсе крокі. Аж да таго, што кіраўнік штаба арыштаванага на 30 сутак блогера-апазіцыянера Навальнага заклікае з Германіі збірацца на несанкцыянаваныя мітынгі ў Расіі ў наступныя выходныя», — піша расійская «Комсомольская правда».
У такім выпадку, відавочна, трэба чакаць выхаду на авансцэну расійскага варыянту Ціханоўскай. Гэтыя лаўры ўжо прадракаюць жонцы Навальнага. Розніца толькі ў тым, што ў Беларусі гомельскую хатнюю гаспадыню раскручвалі экспромтам, за пару месяцаў да выбараў. У Расіі, як лічаць некаторыя аналітыкі, гульня плануецца працяглая. Галоўны прыцэл — прэзідэнцкая кампанія 2024 года з Юліяй Навальнай у амплуа бясспрэчнага правадыра апазіцыі.
Якія шанцы ў «расійскага аналага Святланы Ціханоўскай»? На першы погляд, далёка не кепскія. Жанчыны на чале пратэсту цяпер у модзе, і інфармацыйна іх лёгка раскручваць. Тым больш, у сітуацыі, калі жонка выступае ў ролі прадаўжальніцы справы. Прэзідэнткі Карасон Акіна на Філіпінах, Віялета дэ Чамора ў Нікарагуа, прэм’ер Беназір Бхута ў Пакістане прыходзілі ў палітыку як прадаўжальніцы справы загінулых або мужа, або сваяка.
Але гэта — толькі тэорыя. Зрабіць з Юліі Навальнай другую Беназір Бхута, і нават Святлану Ціханоўскую, будзе не так проста.
Юлія Навальная нарадзілася ў 1976 годзе ў Маскве ў сям’і навуковага работніка, скончыла факультэт міжнародных эканамічных адносінаў Расійскай эканамічнай акадэміі імя Пляханава, некаторы час працавала ў адным з маскоўскіх банкаў. У 2000 годзе стала жонкай Аляксея Навальнага, нарадзіла двух дзяцей. Пасля 2007 года Юлія нідзе не працавала афіцыйна, дапамагала мужу — крытыку Пуціна. Яна стала публічнай асобай праз рост папулярнасці Навальнага, і нават атрымала мянушку «першая лэдзі апазіцыі».
Нягледзячы на такі гучны тытул, пра саму Юлію вядома вельмі мала. Яна заўсёды падкрэслена грала ролю «жонкі дзекабрыста» і ні на хвіліну не выходзіла за межы такога вобраза. Гэты аспект і выклікаў дэбаты — ці пацягне яна ролю правадыра?
Па гэтым пытанні згоды няма. Напрыклад, выданне «Рабкор» лічыць, што праект Юліі Навальнай будзе паспяховым, і нават больш эфектыўным, чым Ціханоўскай. У тым ліку праз тое, што Юлія не прыйшла ў палітыку з вуліцы, у адрозненне ад Святланы Ціханоўскай. У жонкі Навальнага ёсць уяўленне пра палітычную кухню, адчуваецца нейкі вопыт публічнай камунікацыі.
Трэба адзначыць, што тых, хто скептычна ацэньвае лідарскія таленты Юліі, значна больш. Увесь апазіцыйны рух трымаецца на харызме Аляксея Навальнага. Ён ніколі не дапускаў нават тэарэтычнай магчымасці канкурэнцыі з сабой. Гэта тычылася прыхільнікаў, паплечнікаў, часовых саюзнікаў — і Юліі Навальнай у тым ліку.
Ці зможа Юлія стаць эрзацам Аляксея ў вачах шараговых актывістаў? Асабліва з улікам таго, што за ўвесь час знаходжання ў палітычнай сферы спадарыня Навальная ніводнага разу не выяўляла якасцяў, якія неабходныя, каб цяпер падмяніць мужа?
Акрамя таго, пішуць, што ў Навальнай будзе шмат арганізацыйных спраў. Старая аўдыторыя Аляксея — канапавыя барацьбіты за свабоду, — настолькі інертная, што і палітычнай цэнзуры не трэба. Яны варацца самі ў сабе і на акцыі не ходзяць.
Зрэшты, можна пагадзіцца з тымі, хто заклікае не рабіць хуткіх высноў, а дачакацца першых разгорнутых інтэрв’ю Юліі. Паводле іх зместу можна будзе ацаніць патэнцыял жонкі Навальнага.
Нельга забываць і пра Любоў Собаль — «правую руку» Навальнага. Пасля арышту Аляксея, па логіцы, менавіта яна павінна ўзначаліць рух. Ці пагодзіцца яна саступіць месца лідара?
На яшчэ адзін мінус праекту «расійскай Ціханоўскай» у каментары «Новаму Часу» звярнуў увагу маскоўскі журналіст Дзмітрый Кастэнка:
— Улады сапраўды баяцца, што Юлія Навальная можа стаць новым сімвалам пратэсту — як Святлана Ціханоўская. Але ёсць важная дэталь: для простага народа Юлія — ніхто. У Ціханоўскай ёсць статус альтэрнатыўнай кандыдаткі ў прэзідэнты, якая, як мяркуюць яе прыхільнікі, нават выйграла прэзідэнцкія выбары. Зразумела, што гэта было вынікам збегу абставінаў. Ціханоўскую ці не выпадкова зарэгістравалі на выбарах, і яна на пратэставай хвалі, як ні круці, набрала шмат галасоў. Таму яна выклікае ў людзей эмацыйныя пачуцці. Такой стартавай пляцоўкі ў Юліі Навальнай няма, і ніхто яе ёй не надасць. Дамагчыся нефармальнага тытула лідара апазіцыі і інфармацыйнай пазнавальнасці, напэўна, можна, але ў народзе ўсё роўна будуць тупа казаць: «Хто такая гэтая Навальная?».
Пакуль праект Навальнай не выклікае вялікага энтузіязму. У любым выпадку, калі ён і стартуе, то вельмі хутка. Сваю заяву наконт паходу ў палітыку, як і ў выпадку з Ціханоўскай, Юля Навальная, згодна з законамі жанру, павінна была агучыць адразу пасля зняволення мужа. Мяркуюць, што адпаведны вердыкт на адрас Аляксея Навальнага будзе агучаны на пачатку лютага.