Кацярына Сныціна: Мы стварылі гісторыю для англійскага баскетбола
Знакамітая беларуская спартсменка — пра завяршэнне кар'еры, новыя планы і прыватнае жыццё.
Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна правяла ўдалы сезон у складзе клуба «London Lions» і заявіла пра завяршэнне прафесійнай кар'еры. Сныціна гуляла за клубы Беларусі, Францыі, Расіі, Польшчы, Турцыі, Венгрыі, Вялікабрытаніі. У 2020 годзе спартсменка выступіла супраць фальсіфікацыі выбараў і жорсткага падаўлення пратэстаў сілавікамі Лукашэнкі. Ужо паўгода яна ўдзельнічае ў здымках фільма, у якім раскажа, як «стала сама сабой» і пра тое, што цяпер адбываецца Беларусі. «Deutsche Welle» пагаварыла з Кацярынай Сныцінай пра спорт, кіно і камінг-аўт.
— Кацярына, чаму вы вырашылі пакінуць вялікі спорт? Наколькі складаным было для вас гэтае рашэнне?
— Тое, што гэта будзе мой заключны сезон, я вырашыла яшчэ на самым яго пачатку. Я заўсёды хацела скончыць менавіта на нейкім піку, каб я была ў топе лепшых гульцоў таго ж Еўракубка. І я зразумела, што гэта будзе, нават да ўсіх перамог, якія потым здарыліся. Адыграць гэты сезон найлепшым чынам — гэта будзе класная кропка ў маёй баскетбольнай гісторыі. З таго моманту, як я прыняла гэтае рашэнне, агучыла яго людзям, я ні разу не пашкадавала.
— Апошні сезон стаў для вас асаблівым, вы кажаце. Ці можаце расказаць падрабязней?
— Ніколі за сваю кар'еру я не выйгравала ўсе турніры, у якіх удзельнічала. Мы выйгралі чатыры турніры: асноўны Еўракубак, гэта другі па значнасці еўрапейскі баскетбольны турнір, і ўсе тры турніры ўнутры Англіі. Гэта чэмпіянат, кубак і рэгулярны сезон. Такога ніхто не рабіў у Англіі. Мы стварылі гісторыю для англійскага баскетбола. І ў маёй кар'еры такога таксама не было.
«Я буду зоркай!»
— Чым вы плануеце займацца далей, у якой сферы?
— Цяпер я пакуль што не магу афіцыйна гэта абмяркоўваць, але я буду зоркай! (смяецца) Мы пачалі здымаць фільм пра маю кар'еру. Гэта будзе і на экране, і на сцэне (спектакль у Нью-Ёрку з удзелам Сныцінай анансаваў рэжысёр, сузаснавальнік «Беларускага Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін. — Заўв. рэд.).
Пакуль магу сказаць, што мы апошнія шэсць месяцаў здымаем фільм пра мяне, пра маю кар'еру, пра Беларусь, пра тое, як я стала сама сабой. І бліжэйшыя, напэўна, шэсць месяцаў я буду яшчэ даздымаць гэты фільм і яго прамоўціць. Я не лічу, што ў мяне шмат магчымасцей змагацца з рэжымам (у Беларусі. — Заўв. рэд.), але для сябе я абрала адзін з такіх варыянтаў — працягваць расказваць пра тое, што адбываецца ў маёй краіне, усяму свету.
— Як вы сябе адчуваеце ў новай ролі?
— Мне пашанцавала, таму што і на пляцоўцы, і ў жыцці я сапраўды хутка магу знайсці агульную мову з кім заўгодна, разняволіцца і паказаць сябе. У 2020 годзе, калі надышоў момант выступіць, паказаць, на чыім ты баку, вядома, першыя відэа, якія мы запісвалі са «Свабодным аб'яднаннем спартсменаў» (SOS BY), для мяне былі стрэсам. Я ніколі такога не рабіла, але памятаю, у той час Андрэй Гнёт (беларускі рэжысёр, журналіст, адзін з заснавальнікаў SOS BY, цяпер знаходзіцца ў сербскай турме, яму пагражае дэпартацыя ў Беларусь. — Заўв. рэд.) дапамагаў. Ён раіў заўсёды гаварыць тое, што сапраўды адчуваеш і думаеш. Тады табе не трэба запамінаць сваю хлусню, ты заўсёды павінна быць сумленнай і адкрытай з людзьмі, так яны табе будуць верыць, табе не трэба будзе прыдумляць нічога іншага. Мне яго парады вельмі дапамаглі, да гэтага часу імі карыстаюся.
Мне цікавы першапачаткова фільм — гэта мая ідэя. Я паглядзела на «Netflix» пра Дэвіда Бэкхэма. Мне вельмі спадабалася. Неяк я сказала пра гэта Надзі, маёй жонцы, як класна было б зняць такі ж фільм. «А што калі спытаць у Мікалая Халезіна, ці хочуць яны гэтым займацца?» Так усё склалася. На працягу сезону, калі пасля гульняў або пасля трэніровак я была стомленая, мне трэба было або здымацца дома, або ехаць на здымку кудысьці, я сабе нагадвала, што я сама сабе прыдумала гэты праект. Калі я выбіраю чымсьці займацца, то стараюся, каб я ад гэтага кайфавала.
«Я скончыла з вялікім спортам»
— А што тычыцца спартыўнай кар'еры, трэнерскай, магчыма — ці будзеце працягваць?
— Я ва ўсіх інтэрв'ю кажу, што я скончыла з вялікім спортам. На дадзены момант я стамілася ад спартыўнага раскладу, ад рэжыму. Быць трэнерам — гэта яшчэ вялікая адказнасць і нагрузка. Я для сябе гэтага проста не хачу. Выдатная магчымасць заняцца фільмам, пашукаць сябе ў чымсьці іншым.
— Хутка Алімпіяда ў Парыжы. На вашу думку, ці павінны беларускія спартсмены, якія не былі заўважаныя ў лаяльнасці да ўлады, у падтрымцы рэпрэсій ці вайны ва Украіне, браць удзел у Гульнях?
— Нейкія віды спорту зусім забанілі беларусаў, нейкія дапускалі. Наколькі я разумею, беларусы, якія не звязаныя з рэжымам, у каго няма кантракту ў нейкіх вайсковых ведамствах, такім спартсменам ніхто не забараняў ехаць выступаць пад нейтральным сцягам. Ці захочуць яны самі, ці змогуць, ці будзе ажыццяўляцца нейкі ціск рэжыму на іх — маўляў, як вы паедзеце, гэта ж нейтральны сцяг. Але, з іншага боку, спартсмены, якія працягваюць на дадзеным этапе атрымліваць грошы па такіх кантрактах (ад беларускай дзяржавы. — Заўв. рэд.), я на 100% упэўненая, што яны не могуць удзельнічаць у Алімпіядзе.
«Калі ты кахаеш чалавека, гэта твой выбар і гэта твая свабода»
— Кацярына, калі дазволіце, асабістае пытанне. У праграме Мікалая Халезіна (кулінарнае шоу «Ператром» на Youtube. — Заўв. рэд.) вы прадставілі сваю жонку Надзею. Ці падтрымалі вас вашы фанаты, знаёмыя, якой была рэакцыя?
— Я адкрывала кожную раніцу Instagram і думала, што вось цяпер мне дакладна «прыляціць». Я цэлымі днямі давала інтэрв'ю — і ні аднаго непрыемнага каментара. Людзі настолькі прынялі тое, якая я ёсць. Не ведаю, гэта я такая ці мы проста змаглі спакойна расказаць сваю гісторыю.
Гэта, дарэчы, была ідэя Мікалая Халезіна, зрабіць мой камінг-аўт вось такім простым — між іншым, я ў размове са сваім сябрам згадваю сваю жонку і потым расказваю пра яе. І гэта таксама паўплывала на тое, што людзі так спакойна гэта прынялі. З іншага боку я, вядома, разумею, нават калі мне будуць пісаць нейкі хейт, так, мне будзе непрыемна, але я разумею, што ён мяне не тычыцца. У гэтым свеце ёсць белае і чорнае. Ёсць і людзі, якія цябе прымаюць, і людзі, якія цябе не прымаюць. Гэта нармальна. Але мне здаецца, што тая сітуацыя паказала, наколькі афігеннае ў нас грамадства, гатовае прымаць людзей такімі, якія яны ёсць.
— У Беларусі ўсё больш узмацняюцца законы адносна ЛГБТ-супольнасці. Рэпрэсіўныя метады, у адзін шэраг ставяць ЛГБТК+ людзей і педафілаў...
— Я ў Вільні спынілася пагаварыць з нейкім чалавекам, ён, хутчэй за ўсё, беларус, бо ён мяне пазнаў. І ён мне нешта доўга расказваў. І кажа мне, што вось гэта ж ЛГБТ, а там у іх педафілы. Я кажу: як наогул ЛГБТ звязана з педафіламі? Гэта звязана толькі на ўзроўні прапаганды, таму што людзям забіваюць гэта ў галаву. Грамадства рознае, і заўсёды ў прапаганды знойдзецца яе глядач, якому можна паказаць: гэта гей, гэта лесбійка — і нібыта педафіл побач з імі. Усе яны нібыта ў адным шэрагу. Вядома, прапаганда працуе ўнутры краіны. Я не ведаю, на самой справе, як цяпер з гэтым змагацца, акрамя таго, што паказваць, што аднаполыя адносіны — гэта нармальна, што калі ты кахаеш чалавека, гэта твой выбар і гэта твая свабода.