«Каханне — мая рэлігія». Каханне — гэта окей

Пачаўся збор сродкаў на падтрымку ЛГБТКІ-актывістак і актывістаў унутры Беларусі. Медыяініцыятыва «Гэта Окей» прапануе прыгожы мерч, сродкі ад продажу якога дапамогуць аплаціць псіхалагічныя сесіі для тых з актывістаў, хто мае ў гэтым патрэбу.

bez_imeni_13.png

Медыяініцыятыва «Гэта Окей» запускае грамадскую інфакампанію «Каханне — мая рэлігія» да Дня закаханых, мэтай якой з’яўляецца збор сродкаў для псіхалагічнай падтрымкі ЛГБТКІ-актывістаў і актывістак. 

«Гэта Окей» — медыяніцыятыва, якая працуе ўжо другі год і праз адукацыю, асвету і інфакампаніі змагаецца з дыскрымінацыяй і стыгматызацыяй ЛБГТКІ+ людзей.

— ЛГБТКІ+ людзі ў Беларусі сутыкаюцца з многімі праблемамі, з якімі сутыкаюцца і гетэрасэксуальныя людзі ўнутры краіны, — гаворыць праваабаронца Тоні Лашдэн. — Гэта і агульная небяспека, рызыкі палітычнага пераследу, эканамічны крызіс і часта звязанае з ім беспрацоўе, сацыяльная ізаляцыя і іншыя. Аднак, акрамя гэтага, ЛГБТКІ+ падвяргаюцца дыскрымінацыі менавіта на падставе сваёй ідэнтычнасці і арыентацыі, што робіць іх становішча асабліва ўразлівым. 

Сёння шмат ЛГБТКІ+ людзей у Беларусі сістэматычна сутыкаюцца не толькі з дыскрымінацыйнай гамафобнай рыторыкай у дзяржаўных і прадзяржаўных медыя, але і з сітуацыямі, дзе іх базавыя правы на бяспеку, здароўе, адукацыю парушаюцца. Ва ўмовах прававога дэфолту ўнутры краіны юрыдычныя інструменты для абароны і адстойвання інтарэсаў ЛГБТКІ+ людзей практычна адсутнічаюць.


Глядзіце таксама

— Людзі вымушаны разлічваць на падтрымку з боку блізкага кола, найчасцей, з улікам высокага ўзроўню непрымання ў сем'ях, на сябрыну і на актывістак/актывістаў, а не на сацыяльныя інстытуты, — працягвае праваабаронца. — Калі для нейкіх прыватных сітуацый такой падтрымкі можа цалкам хапаць — і мы бачым, як ЛГБТКІ+ людзі ў Беларусі сапраўды дапамагаюць і падтрымліваюць адно аднаго, то ў вырашэнні істотных праблем, звязаных з фізічным і псіхічным здароўем, бяспечнай вучобай у школах і ўніверсітэтах, камфортнай абстаноўкай на працоўным месцы, ЛГБТКІ+ людзі застаюцца, у цэлым, сам-насам са сваімі сітуацыямі.

ЛГБТКІ+ актывісткі і актывісты ўнутры краіны зараз знаходзяцца ў вельмі знясіленым стане, бо шмат каму з іх давялося ўзяць на сябе працу сацыяльных інстытутаў, якія падвялі беларускіх ЛГБТКІ+ людзей. Зараз ЛГБТКІ+ актывісткі і актывісты арганізоўваюць псіхалагічную падтрымку для ЛГБТКІ+ людзей, і дапамагаюць людзям, якія сутыкнуліся з бяздомнасцю і галечай, і робяць сацыяльныя мерапрыемствы для самападтрымкі. Гэта вялізны пласт працы, якую немагчыма падзяліць з дзяржаўнымі ўстановамі з-за іх адкрытай гамафобіі і трансфобіі.


Адзін з варыянтаў цішоткі, якую можна замовіць у рамках кампаніі

Адзін з варыянтаў цішоткі, якую можна замовіць у рамках кампаніі

У нас няма афіцыйнай статыстыкі, якую мы маглі б выкарыстоўваць для ацэнкі маштабаў дыскрымінацыі ЛГБТК+ людзей, але ёсць ускосныя даныя, якія сведчаць пра тое, што дыскрымінацыя сістэмная. Так, паводле даных даследавання ініцыятывы «Queer Parenting» за 2022 год, 41% ЛГБТКІ+ людзей у Беларусі ацэньвалі свой псіхічны стан як вельмі дрэнны, і 85% пры гэтым задумваліся аб эміграцыі з Беларусі.

Цяперашняя інфакампанія прывязаная да Дня закаханых і мае на мэце не толькі сфакусаваць увагу на дыскрымінацыі людзей па сэксуальнай і гендарнай прыкметах, але і агучыць такія праблемныя пытанні, як увядзенне дзяржавай змен у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях за так званую «прапаганду ЛГБТ», якая прапісаная адным радком разам з педафіліяй (што з'яўляецца крымінальным злачынствам) і зменай полу (цэлы працэс карэкцыі гендарнай ролі для адпаведнасці гендарнай ідэнтычнасці, які злачынствам не з’яўляецца і з’яўляцца не можа).


Шопер «Каханне — мая рэлігія»

Шопер «Каханне — мая рэлігія»

— На прыкладзе Расіі, якая стала ў 2014 крыніцай закона аб «ЛГБТ-прапагандзе» мы бачым, як гэты закон прымяняецца выключна ў карных мэтах у дачыненні да палітычна актыўных ЛГБТКІ+ людзей і як мера запалохвання тых, хто выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю, — падкрэслівае Тоні Лашдэн. — Наяўнасць такога закона ў краіне маргіналізуе ЛГБТКІ+ і літаральна сцірае іх з грамадскага жыцця, бо рэгламентуе, як і калі ЛГБТКІ+ людзі могуць казаць самі пра сябе. Па вялікім рахунку, такі закон легітымізуе гамафобію і трансфобію і дазваляе праваахоўным органам бесперашкодна пераследаваць ЛГБТКІ+ людзей.

Акрамя ўплыву на ментальны стан ЛГБТКІ+ людзей і іх становішча ў грамадстве, такі закон уплывае на якасць сэксуальнай адукацыі і асветы, бо забараняе публікаваць матэрыялы аб сэксуальных практыках, якімі карыстаюцца гетэрасексуальныя людзі ў тым ліку, што непазбежна вядзе да росту інфекцый і захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам.


Глядзіце таксама

«Каханне немагчыма забараніць, яно не можа быць абмежавана полам, гендарам, рэлігіяй і г. д.», — упэўненыя актывісткі «Гэта Окей». Яны прапаноўваюць увесь люты лічыць Месяцам кахання — кахання для ўсіх — і гаварыць пра гэта, у тым ліку ў сваіх сацсетках, у публічнай прасторы, праз медыйных персон. Для таго, каб падтрымаць кампанію і дапамагчы збору сродкаў, трэба замовіць мерч з мэсэджамі, якія прасоўваюць каштоўнасці роўнасці і павагі. Сабраныя сродкі пойдуць на аплату псіхалагічнай падтрымкі ЛГБТКІ-людзей у Беларусі і на падтрымку самой ініцыятывы «Гэта Окей». 

Адно замоўленае худзі — адна аплачаная псіхалагічная сесія

Чаму месяц? Аднаго дня на год недастаткова для ўсіх асоб, гендараў і відаў сэксуальнасці. Можна кожны дзень святкаваць каханне. Да таго ж, месяца дастаткова, каб сабраць неабходныя сродкі.


merch_its_ok_hoodie.jpg

Да кампаніі ўжо далучыліся вядомыя беларускі і беларусы: Кацярына Сныціна, Мікіта Мелказёраў, Крысціна Рыхтэр, Каця Пытлева, Павел Гарадніцкі, Марго Ворыхава, Максім Паршута і іншыя. Далучыцца можаце і вы. Для гэтага трэба запоўніць анкету ў Instagram-акаўнце «Гэта Окей», выбраць памер і колер худзі, цішоткі або шопера, якія вам спадабаліся, і аплаціць замову з картак розных краін. 

Звяртаем увагу, што замовы з Беларусі, на жаль, немагчымыя.