Калі беларускія сілавікі пачнуць адказваць за перавышэнне службовых паўнамоцтваў?

Падлетак атрымаў два гады «хатняй хіміі» за атаку на амапаўца ў той час, як супрацоўнікі міліцыі, якія напалі на кватэру лекара, пазбеглі адказнасці.

omon.jpg


У аўторак суд прыгаварыў 17-гадовага Аляксандра Харуту да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову за напад на супрацоўніка АМАП.
За дзень да гэтага стала вядома, што ўрач-педыятр Дзмітрый Серада абскардзіў адмову ва ўзбуджэнні ў дачыненні да сілавікоў крымінальнай справы. Людзі ў масках па памылцы ўзялі штурмам ягоную кватэру, паклалі тварам у падлогу ў прысутнасці цяжарнай жонкі і дзіцяці, а затым суткі пратрымалі ў няволі.
Калі беларускія сілавікі пачнуць адказваць перад законам нароўні з іншымі грамадзянамі?

Грыб: Сілавікі адчуваюць вялікую беспакаранасць, чым пры СССР

Генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб адзначае, што і ў часы Савецкага Саюза сілавыя структуры і судовыя органы былі «сабраны ў адзін кулак» і таму абаранялі адзін аднаго.
— Але гэта не выяўлялася так ярка і не так кідалася ў вочы, — кажа Мечыслаў Грыб. — Калі супрацоўнік міліцыі дапускаў нязначныя парушэнні, то яго начальства знаходзіла магчымасць дамовіцца з кіраўнікамі судовых органаў і нейкім чынам вывесці падначаленага з-пад удару. Але калі парушэнні былі значнымі, то на гэта рэагавалі партыйныя органы. Практычна ў кожнай арганізацыі была партыйная ячэйка. Яна перадавала парушальнікаў суду і тыя атрымлівалі пакаранне па самай высокай планцы.
Генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы паказвае, што да сур'ёзных парушэнняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў адносілася збіццё невінаватых людзей. Строгасць пакарання залежала ад цяжкасці цялесных пашкоджанняў.
Сёння беларускія сілавікі адчуваюць большую беспакаранасць, чым пры СССР, адзначае Мечыслаў Грыб.
— Спадзявацца на змены пры цяперашнім палітычным рэжыме цяжка, паколькі ён змагаецца за ўтрыманне ўлады любымі спосабамі. У краіне няма незалежных судоў і пракуратуры. Змены могуць прыйсці толькі пасля змены ўлады, — мяркуе эксперт.

Лагвінец: Судзіць парушальнікаў з ліку сілавікоў будуць толькі ў выключных сітуацыях

Палітаг Алесь Лагвінец лічыць, што органы ўлады могуць не заступіцца за прадстаўнікоў праваахоўных органаў толькі ў крайніх выпадках.
— У Беларусі створана паліцэйская дзяржава, якая грунтуецца на сілавіках. Гэта прывілеяваная група насельніцтва — і па заробках, і па тым, як яна пазіцыянуецца ў грамадстве. Паглядзіце на білборды з асобамі амапаўцаў, ваенізаваныя парады і іншае. Паліцэйская дзяржава не дасць у крыўду, тым больш публічную, тых, на каго яно абапіраецца, — кажа Алесь Лагвінец.
— Магчыма, у будучыні ўзнікнуць выключныя сітуацыі, калі для PR-эфекту ўлада пагодзіцца на тое, каб нейкага міліцыянта асудзіць публічна. Але змены агульнай пазіцыі я не чакаю.
Алесь Лагвінец адзначае, што ў гэтым годзе ён быў тройчы асуджаны па адміністрацыйных справах «на аснове хлуслівых паказанняў супрацоўнікаў міліцыі».
 Сістэма рэгулярна прымушае праваахоўнікаў парушаць законы ў дачыненні да сваіх грамадзян.
Палітолаг лічыць, што парушэнні правакуе, у тым ліку, і лад мыслення сілавікоў.
— Многія з іх лічаць, што яны на службе дзяржавы. Гэта значыць служаць ўладзе, а не грамадству.
Паводле zautra.by