Сталінізм у галаве
Роўна 55 гадоў таму, у ноч з 2 на 3 лістапада 1961 года ў Мінску быў дэмантаваны помнік Сталіну. На некалькі дзён раней цела "правадыра" вынеслі з маўзалею. СССР спрабаваў развітацца з культам асобы. Ці атрымалася?
Тады краіна жахалася з фактаў, якія адкрыліся з нагоды «развянчання культу асобы». Людзі нарэшце пабачылі ў часопісах «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» Салжаніцына, даведаліся пра ГУЛАГ і выбудаваную сістэму рэпрэсій. Жахнуліся, варта адзначыць, тыя ж людзі, якія шчыра плакалі на пахаванні «любімага Іосіфа Вісарыёнавіча» яшчэ няпоўных дзесяць гадоў таму.
Потым быў брэжнеўскі «застой» і гарбачоўская «перабудова», падчас якой, падаецца, увесь СССР канчаткова павінен быў бы вызначыцца, што такое «сталінскія часы» і якая роля як самога Сталіна, так і створанага культу яго асобы. Зразумела, гэты культ ствараў не толькі сам Сталін. Яго стваралі тыя ж людзі, якія даносілі на суседзяў, шальмавалі Салжаніцына, шукалі ворагаў народа, а пасля жахаліся ад таго, што, аказваецца, рабілася ў краіне.
Але гэты культ асобы і яго праявы дасюль застаюцца з намі. Заўсёды знаходзяцца тыя, хто жадае «моцнай рукі», хто лічыць, што «Сталін прыняў краіну з сахой, а пакінуў з атамнай бомбай». І неістотна, якім коштам і якой крывёю гэта было дасягнута. Гэтыя людзі не задумваюцца: а калі б не было гэтай «моцнай рукі», няўжо б краіна заставалася «з сахою» — нягледзячы на ўвесь навукова-тэхнічны прагрэс ХХ стагоддзя?
На жаль, пра гэта не думаюць стваральнікі «лініі Сталіна». Дзякуй, што мы далей гэтага не пайшлі. У Расіі, якая зараз заклапочаная адраджэннем сваёй імперскай вялікасці, Сталіна ў чарговы раз уздымаюць на п’едэстал. У Сургуце — горадзе, абкружаным сталінскімі «зонамі», нечакана з’явіўся помнік Сталіну. Прычым грамадскасць збірала грошы на мемарыяльны знак ахвярам рэпрэсій, а атрымала бюст «правадыра народаў». У Рэспубліцы Комі памятную дошку адкрылі не ахвярам сталінізму, а стваральнікам лагпункту № 19 «Водараздзеллаг-Мікуньская». Гэта быў апошні з адкрытых пры Сталіне палітычны спецлагер ГУЛАГу. Ён быў ліквідаваны ў 1954 годзе, неўзабаве пасля смерці Сталіна.
Карацей, зараз шмат аматараў узгадаць Сталіна добрым словам. У адным з кастрычніцкіх нумароў мы друкавалі расповед Сяргея Харэўскага, дзе ён згадвае, што ягонага дзеда не раз арыштоўвалі, але потым адпускалі дзякуючы ганаровай грамаце, падпісанай Сталіным.
Не ўсім так шчасціла: майго прадзеда арыштавалі і выслалі за «антысавецкую агітацыю» нягледзячы на мандат, падпісаны самім Ульянавым-Леніным.
Так што аматарам сталінізму трэ было б падумаць, у які год яны б патрапілі пад каток: у 1935-м, 1937-м, 1940-м, 1947-м? І чым бы для іх скончылася «прыхільнасць»: расстрэлам альбо ГУЛАГам?
Сталінская сістэма прываблівая. І прываблівая, найперш, тым, што ў ёй не трэба ажыццяўляць самую цяжкую працу — працу над сабою. Там не трэба думаць. Тое, што сказаў правадыр, — апрыёры ісціна. Тое, што робіцца, робіцца, таму што «так трэба». І з-за гэтага яна яшчэ доўга будзе сядзець у галовах нашых суайчыннікаў.
Свежы прыклад: днямі ў Мінску знакаміты арыштамі апазіцыянераў суддзя Валер Есьман прысудзіў да двух гадоў абмежавання волі 17-гадовага падлетка нібыта за тое, што той збіў супрацоўніка АМАПу. Калі паглядзець на «збіўшага» — пра камплекцыю такіх у народзе кажуць «здыхлік неўміручы». «Збіты» ж больш падобны на Тэрмінатара ў выкананні Шварцнэгера.
Чаму суддзя Есьман не звярнуў увагу на відавочную недарэчнасць абвінавачвання? Таму што «так трэба», каб трымаць у страху грамадства. Таму што і суддзя, і міліцыянт у сістэме, а ў сістэме прадстаўнік улады (супрацоўнік міліцыі) апрыёры мае рацыю. Нават калі свядома хлусіць, як было ў справе Уладзіміра Мацкевіча, калі міліцыянты паказвалі, што ён быў на мітынгу, на якім фізічна не мог прысутнічаць, паколькі знаходзіўся за межамі краіны. І ніякай адказнасці міліцыянты не панеслі. Як пакуль не панеслі адказнасці іншыя суддзі, што выносілі несправядлівыя прысуды, іншыя сведкі-міліцыянты, якія хлусілі свядома. Як і шмат тых, хто выносіў прысуды і прыводзіў іх у выкананне 70 гадоў таму.
Гэта яшчэ адна апора «сталінізму ў мазгах» — татальная беспакараная хлусня.
Што можна зрабіць, каб выціснуць з галавы рэшткі сталінізму? У Беларусі грамадскасць арганізоўвала шмат розных мерапрыемстваў. У краіне адбыўся грамадскі трыбунал па разгляду злачынстваў сталінізму ў Беларусі, які вынес сваё заключэнне. Беларускія хрысціянскія дэмакраты не спыняюць кампаніі «Пакаянне» з ушанаваннем памяці рэпрэсаваных. «Дзяды», што праходзяць раз на год — гэта таксама своеасаблівая прышчэпка ад сталінізму.
Але, на жаль, усё гэта робіцца не на дзяржаўным узроўні. Дзяржаве (скажам шчыра) значна больш выгодаў трымаць людзей у «сталінскім стылі». Дзяржава рыхтуецца адзначыць 99 гадавіну Кастрычніцкага перавароту.