Міліцыя вярнула мінчуку планшэт пасля экспертызы з порна і фатаздымкамі незнаёмых людзей
Мінчук Дзмітры, які цяпер жыве за мяжой, атрымаў ад міліцыі тэхніку, якую больш за год таму забралі на экспертызу. Міліцыя, верагодна, не знайшла на ёй нічога незаконнага, але сам Дзьмітры выявіў на планшэце чужыя файлы.
У іх ліку порнаролікі, аўдыёзапісы тэлефанаванняў, фоты незнаёмых людзей, кантакты ў мэсэнджэры Viber і мэсэнджэр Telegram, які ён не ўсталёўваў, электронная музыка, якую ён не спампоўваў, распавядае Дзмітры і паказвае знойдзеныя файлы.
Дзмітры быў затрыманы супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС Мінску напярэдадні 9 траўня 2015 году ў ліку 6 людзей, якіх называлі фанатамі менскага футбольнага клюбу «Дынама» (Дзьмітры кажа, ён не фанат, знаёмы не з усімі, нават не ведае імя аднаго). Ім далі па 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за нецэнзурную лаянку.
Заўзятараў падазравалі ў тым, што яны нібыта прысутнічалі пры перадачы зброі ці экстрэмісцкіх матэрыялаў, звязаных з Украінай, сказаў сябар Дзмітрыя. Сапраўдную прычыну затрымання Дзмітры не ведае — падазрае, што яго затрымалі праз тое, што ягоная жонка з Украіны. Ён кажа, яго шмат пыталі пра ўкраінскія «Правы сэктар» і батальён «Азоў».
Міліцыя забрала на экспертызу амаль што ўсю тэхніку Дзмітрыя, сцвярджае ён: планшэт, два тэлефоны, фотаапарат, ноўтбук, два цвёрдыя дыскі, адзін з якіх забралі з ягонай працы. Ніякіх дакумэнтаў, у тым ліку копіі падпісанага ім пратаколу, не давалі. Адна экспертыза нібы прайшла — праз год і два месяцы ягонай маці вярнулі тэхніку. На другую экспертызу, псіхалінгвістычную, узялі майкі з «Пагоняй» і сымболікай «Азова», значкі і іншае. Гэтыя рэчы не вярнулі і, магчыма, вяртаць не будуць. У яго знаёмых, затрыманых тады, таксама канфіскоўвалі тэхніку на экспэртызу, затым вярнулі. Заключэнняў па экспэртызах Дзьмітры не атрымліваў.
Што да іншай тэхнікі, то на тэлефонах Дзмітры не знайшоў чужых файлаў, а ноўтбук з Беларусі яму яшчэ не выслалі. Што тычыцца знойдзеных на планшэце файлаў, Дзмітры падазрае, што планшэт выкарыстоўваў у асабістых мэтах супрацоўнік міліцыі: фатаграфаваў сяброў і аператыўную дзейнасць, праслухоўваў чужыя размовы. Верагодна, кажа ён, у міліцыі думалі, што, калі Дзмітры з'ехаў за мяжу, вяртаць тэхніку не давядзецца, але калі маці занялася вяртаннем рэчаў, супрацоўнік міліцыі проста не паспеў у спешцы выдаліць свае файлы.
Прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі пацвердзіў, што выкарыстаньне тэхнікі ў час правядзення экспертызы рэгулюецца правіламі і што карыстацца чужой тэхнікай у асабістых мэтах «ня толькі нельга, але і неразумна». Ён параіў Дзмітрыю звярнуцца ў Маскоўскае РУУС Мінску, а калі там не атрымае належнага адказу, звярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі.
Паводле svaboda.org