Калі ў беларускай міліцыі з'явіцца чалавечы твар
Як палепшыць імідж праваахоўных органаў Беларусі? Меркаванне кіраўніка праекта BelarusSecurityBlog Андрэя Паротнікава.
— Справа ў тым, што сістэма перамолвае людзей пад сябе, — распавёў эксперт у каментары «Салiдарнасцi». — І да таго часу, пакуль у міліцыі не будзе сістэмных зменаў, казаць пра тое, што яна кардынальна зменіцца ў лепшы бок, не даводзіцца.
Па словах Паротнікава, сёння МУС мае патрэбу ў прынцыповых зменах:
— Першае — гэта дэмілітарызацыя міліцыі. Трэба, нарэшце, зразумець, што міліцыя — гэта не разнавіднасць арміі, а ваенізаваная, але ў той жа час грамадзянская структура.
Другі момант — вельмі важны — гэта тое, што ніякая сістэма не можа рэфармаваць сябе сама. Патрэбен нейкі прыток новай крыві. Магчыма, ёсць сэнс прыцягваць кіраўнікоў збоку. Патрэбныя людзі, якія ведаюць праваахоўную сістэму і ўяўляюць, як яна працуе...
Але каб у іх не было ніякіх ўнутраных абавязацельстваў унутры міністэрства. Гэта можа быць чалавек, які прыйшоў з пракуратуры або судоў, але не са спецслужбаў.
І трэці момант — міліцыі трэба пашыраць міжнароднае супрацоўніцтва з Захадам. Я скажу непапулярную рэч. Так, з аднаго боку, у нас міліцыя з'яўляецца органам палітычнага тэрору. У дачыненні да апанентаў улады. З іншага — чым часцей яна камунікуе са сваімі калегамі з заходніх краін, тым больш пераймае заходні вопыт.
На думку эксперта, «калі гэтыя тры моманты будуць рэалізаваны, то з часам мы ўбачым змяненне якасці працы міліцыі».
Адказваючы на пытанне пра тое, калі беларусы пачнуць часцей сустракаць ветлівых і ўсмешлівых міліцыянтаў, Андрэй Паротнікаў заўважае:
— Гэта, у першую чаргу, пытанне стаўлення да ўлады. Пытанне таго, як шараговы супрацоўнік міліцыі ўспрымае сябе ў адносінах да людзей. Ці ён адчувае сябе прадстаўніком улады, які можа аддаваць указанні, абавязковыя да выканання. Ці ж ён паводзіць сябе як прадстаўнік сэрвіснай мадэлі, якая за грошы падаткаплацельшчыкаў аказвае пэўны сэрвіс па падтрыманні публічнай бяспекі. Вось гэта галоўнае.
У той жа час не трэба забываць, што міліцыя — гэта зрэз беларускага грамадства, шматлікія рысы якога ўласцівыя і праваахоўных органаў.
Паводле gazetaby.com