Кампанія, чый склад піратэхнікі выбухнуў у Падмаскоўі, вінавата і ў трагедыі падчас салюту ў Мінску
Падчас адзначэння Дня Незалежнасці 3 ліпеня 2019 года ў Мінску салютам была забіта жанчына, 10 чалавек атрымалі траўмы. Кампанія «Пиро-Росс», склад якой учора выбухнуў у Падмаскоўі з жахлівымі наступствамі, пастаўляла ўстаноўкі для салютаў у Беларусь. Высвятляецца, былі і іншыя здарэнні падчас салютаў у Мінску.
Кампанія «Пиро-Росс» шмат гадоў дазваляла сабе не вельмі дбаць пра бяспеку, піша «Наша Ніва». Пра гэта сведчаць у тым ліку і неаднаразовыя здарэнні падчас салютаў у Беларусі.
Магутны выбух практычна ў самым цэнтры Сергіева Пасада прагрымеў учора ў 10:40 раніцы. Ударам выбухной хвалі былі моцна пашкоджаны цэхі завода, дзве школы, каледж і спарткомплекс «Луч», у 40 шматкватэрных дамах на найбліжэйшых вуліцах павыляталі шыбы. Ад выбуху пацярпелі каля 70 чалавек. Адна жанчына памерла ў бальніцы. Яшчэ пяцёра знаходзяцца ў рэанімацыі са стопрацэнтнымі апёкамі цела. 12 чалавек, паводле даных ТАСС, лічацца зніклымі.
Кіраўнік кампаніі «Пиро-Росс» Сяргей Чанкаеў быў затрыманы. Ён праходзіць падазраваным у справе аб «парушэнні патрабаванняў прамысловай бяспекі небяспечных вытворчых абʼектаў». У офісе фірмы прайшлі ператрусы.
Чатыры гады таму кіраўніцтва кампаніі не панесла ніякага пакарання за «крывавы салют» на Дзень Незалежнасці ў Мінску. 3 ліпеня 2019 года салютам была забіта жанчына, 10 чалавек атрымалі траўмы.
Адказнасць тады панеслі прадстаўнікі расійскага ААТ «Пиро-Росс» Максімільян Сапронаў і Канстанцін Дзянісаў. Яны адбылі па тры гады «хіміі» ў Беларусі і вярнуліся ў Расію.
Год таму былы галоўны інжынер расійскай фірмы Андрэй Інкін распавёў СМІ, што насамрэч здарылася 3 ліпеня ў Мінску.
Кампанія «Пиро-Росс», паводле даных «Коммерсанта», з 1994 года займалася вытворчасцю і продажам прафесійных салютных установак і феерверкаў, у тым ліку і на заказ Мінабароны РФ. Яна ж пастаўляла ўстаноўкі для салютаў у Беларусь.
Паводле Андрэя Інкіна, «Пиро-Росс» не толькі рабіла новыя ўстаноўкі, яна ж займалася і ўтылізацыяй старых.
Устаноўкі, якія пайшлі ў Беларусь, былі, паводле яго, якраз з ліку ўтылізаваных.
«Чаму так зрабілі? Каб хутчэй паставіць устаноўкі заказчыку — беларускаму Міністэрству абароны і, вядома, каб грошы хутчэй атрымаць», — шчыраваў былы інжынер.
Акрамя таго, зарады да ўстановак былі кітайскай вытворчасці, яны не адпавядалі параметрам установак.
Як расказаў Інкін, да 2012 года кампанія закупляла зарады ў расійскага навукова-даследчага інстытута прыкладной хіміі. Пасля вырашылі, што значна танней будзе набываць зарады ў Кітаі. Прычым, паводле слоў Андрэя Інкіна, на кітайскія зарады клеілі налепкі, быццам яны зроблены ў Расіі, на ААТ «Пиро-Росс».
«Каб было зразумела: расійскія зарады з НДІ прыкладной хіміі каштавалі 8 тысяч расійскіх рублёў, кітайскія зарады — 2 тысячы. На іх клеілі налепкі, што яны выраблены на «Пиро-Росс», і прадавалі за тыя ж 8 тысяч расійскіх рублёў», — казаў былы інжынер.
Ён распавёў, што інцыдэнты з устаноўкамі ў Беларусі былі з 2012 года рэгулярнымі, але «ўсім было па барабане».
Так, на салюце ў Брэсце ў 2012 годзе, паводле яго, некалькі ствалоў разарвала, але ніхто не пацярпеў.
«Сама ўстаноўка не разбурылася, інцыдэнт замялі. Бо ў мінскай вайсковай камендатуры былі добрыя стасункі з «Пиро-Росс». Ну, добрыя, бо там падарункі вазілі, зразумела. У 2013 годзе разваліўся прычэп, але гэтае «непаразуменне» зноў замялі», — казаў былы інжынер.
У 2017 годзе, паводле яго, расійская кампанія вырашыла набываць у Кітаі іншыя зарады — таннейшыя, другога гатунку. Бо так было выгадней.
«І на Дзень Незалежнасці ў Мінску ў 2017-м быў інцыдэнт — у полі разбурыўся прычэп салютнай устаноўкі. Дзіва, што ніхто не пацярпеў, бо быў дождж, і салдаты схаваліся ў аўтамабіль. Аскепкі разляцеліся на 250 метраў. І зноў усе прамаўчалі, усё замялі», — кажа Андрэй Інкін.
Ён сцвярджае, што ў 2018 годзе на Дзень Незалежнасці ў Мінску зноў быў інцыдэнт — узарваліся крайнія ствалы на ўстаноўцы, сама яна засталася цэлая. Гэта адбылося ў парку Горкага.
«Тады ўжо было зразумела, што зарады няякасныя, другога гатунку. Але паколькі ніхто тады зноў не пацярпеў, то нібыта праблемы і няма. Усім было па барабане. Устаноўку адрамантавалі, і ўсё. Хаця б тады хто задумаўся», — казаў былы інжынер.
Ён лічыць, што зарады з Кітая, якія выкарыстоўвалі ў 2019 годзе, не падыходзілі наогул да ўстановак.
«У Кітаі зарады мераюцца ў цалях, у нас — у міліметрах. І вось іх зарады 8 цаляў — гэта 200 міліметраў. Нашы ж, расійскія, былі 195 міліметраў. І вось зарады не лезлі ў ствалы, але ўсім было зноў па барабане. Грошы заплачаны, свята чакае салюту. Знайшлі выйсце — зняць частку абалонкі, падрэзаць зарады. Хлопцы стараліся акуратна абрэзаць у надзеі, што пашанцуе», — кажа Андрэй Інкін.
Аднак у выніку адбыўся выбух, устаноўка была разбурана. Ад аскепкаў загінула жанчына, дзесяць чалавек атрымалі траўмы.
Ён распавёў, што калі пачалося следства ў Беларусі, беларускі бок слаў запыты ў «Пиро-Росс», выклікаў спецыялістаў на допыты.
«Але хто паедзе? Паедзеш і не вернешся, вядома, ніхто туды не паехаў. <…> У выніку прызналі вінаватымі двух нашых хлопцаў, і ўсё на гэтым. Нібыта яны вінаватыя ў тым, што падразалі абалонку. Паказальна іх «адлупцавалі». Хоць экспертыза, паўтаруся, паказала, што і ўстаноўка не новая, і шары кітайскія. На хлопцаў усё звалілі, бо яны аказаліся побач, астатніх вінаватых дастаць было складана», — дадаў былы інжынер.
Пасля таго «Пиро-Росс» не займалася салютамі ў Беларусі.
Але ў Расіі займалася. Да 2020 года гэтае ААТ рэгулярна выйгравала тэндары на правядзенне феерверкаў практычна на ўсіх святочных мерапрыемствах у Маскве і Маскоўскай вобласці, уключаючы арганізацыю салюту ў гонар 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Апошнімі гадамі «Пиро-Росс» пачала адчуваць сурʼёзныя фінансавыя праблемы, якія прывялі ў выніку ў сакавіку 2023 года да банкруцтва.