Завершана следства па справе аб выбуху падчас салюту 3 ліпеня

Адзін чалавек загінуў, яшчэ 11 пацярпелі падчас салюту на Дзень незалежнасці ў Мінску ў 2019 годзе. Прычынамі выбухаў стала бракаваная расійская піратэхніка. Абвінавачанымі па справе праходзяць тры чалавекі. Вынікі расследавання паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Фота Мікалая Пятрова

Фота Мікалая Пятрова

Паводле следства, напярэдадні правядзення салюту супрацоўнікі Мінскай ваеннай камендатуры выявілі неадпаведнасць большай частцы піратэхнічных вырабаў калібра 195 мм, што прызначаліся для святочнага салюту, нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі. Закупленая раней у расейскай кампаніі піратэхніка была з бракам, дапушчаным на прадпрыемстве-вытворцы. Так, дыяметр (калібр) вырабаў перавышаў норму, што не дазваляла іх зараджаць у ствалы салютных установак у штатным парадку, яны падлягалі безумоўнай адбракоўцы і не маглі бяспечна выкарыстоўвацца пры правядзенні салюту. Па ўзгадненні з камендатурай для выпраўленні на месцы выяўленых дэфектаў і замены бракаваных вырабаў у Мінск прыбылі два інжынера прадпрыемства-вытворцы.
«У працэсе зараджання салютных установак феерверачнымі вырабамі названыя асобы разам з камандзірам роты Мінскай ваеннай камендатуры дапрацоўвалі іх шляхам унясення зменаў (памяншэнне дыяметра шляхам механічнага ўздзеяння), якія не прадугледжаны кіраўніцтвам па эксплуатацыі, нарматыўнай і тэхнічнай дакументацыяй. Такія змены прыводзілі вырабы ў небяспечны для выкарыстання стан, што пацвярджаецца вынікамі экспертных даследаванняў і следчага эксперыменту», — гаворыцца ў паведамленні СК.
У восем салютных установак зарадзілі 480 феерверачных вырабаў калібра 195 мм, больш за 190 з іх выкарыстоўваць было нельга.
З-за дапушчаных парушэнняў пры правядзенні салюту адбыліся выбухі вырабаў на нізкай вышыні і ў ствалах марцір. У выніку адзін чалавек загінуў, яшчэ адзінаццаць пацярпелі. Маёмасці фізічных і юрыдычных асоб нанесена шкода на агульную суму звыш 740 тысяч беларускіх рублёў.
Па выніках расследавання двум супрацоўнікам прадпрыемства-вытворцы феерверачных вырабаў прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 299 (Парушэнне правілаў абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Дзеянні камандзіра роты Мінскай ваеннай камендатуры кваліфікаваныя следствам па ч. 2 арт. 463 (Парушэнне правілаў абыходжання з прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, 3 ліпеня 2019 года пад час святочнага салюту ў Мінску адбылося надзвычайнае здарэнне. Загінула 64-гадовая жанчына, яшчэ 10 чалавек пацярпелі. У Мінабароны расказалі, што падрывы адбыліся ў трох з шасці месцаў, дзе вырабляўся салют.
СК разглядаў чатыры асноўныя версіі: пра няспраўнасць салютных установак, няспраўнасці феерверачных вырабаў, няправільным зараджанні салютных установак, няправільнай эксплуатацыі салютных установак.
На наступны дзень затрымалі двух расіян з фірмы «Піра-Рос», якая пастаўляла феерверкі Мінабароны Беларусі. Супрацоўнікі кампаніі заявілі, што падчас салюту ў Мінску ўжываліся феерверкі ўласнай вытворчасці 2017 года выпуску. Кампанія шмат гадоў супрацоўнічала з Мінабароны Беларусі, сума кантракту складала каля 20 млн расійскіх рублёў (звыш 300 тысяч долараў).
Паводле tut.by