Затрыманыя за «крывавы салют» расіяне толькі назіралі — «Московский комсомолец»
Газета «Московский комсомолец» пагутарыла са сваякамі і калегамі двух расійскіх грамадзян, затрыманых у справе аб выбуху салюту ў Мінску, ад якога загінула жанчына, паведамляе «Радыё Свабода».
Паводле выдання, затрыманыя супрацоўнікі кампаніі «Пиро-Росс» з Сергіева Пасаду, якая паставіла ў Беларусь піратэхнічныя снарады, — гэта 25-гадовы Максім Сапронаў і 28-гадовы Канстанцін Дзянісаў. Яны суправаджалі груз у Беларусь і меліся сачыць за запускам на свяце ў Мінску.
«Московский комсомолец» сцвярджае, што падчас святкавання ўсе наладачныя работы выконвалі беларускія вайскоўцы, а супрацоўнікі кампаніі «Пиро-Росс» толькі «назіралі за працэсам».
«Максім і Косця знаходзіліся там як звычайныя кансультанты, — цытуе выданне дырэктара вытворчасці Канстанціна Шапавалава. — Яны не маюць ніякага дачынення да вырабу прадукцыі. Паводле пасады яны інжынеры-канструктары. Іх там не павінна было быць. Іх адправілі проста праз таварыскія адносіны. Што тычыцца абвінавачванняў у тым, што прадукцыя няякасная, то пра гэта можна казаць толькі пасля правядзення комплекснай экспертызы».
«Московский комсомолец» таксама піша, спасылаючыся на неназваных экспертаў, што прычынай надзвычайнага здарэння «магла стаць дрэнная якасць марціры, а не зараду».
Між тым, Следчы камітэт Беларусі паведамляў: «У ходзе следства ўстаноўлена, што ў працэсе зараджання салютных установак прадстаўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка дапусцілі парушэнне парадку работы з феерверкавымі вырабамі. А менавіта ажыццяўлялі механічнае ўздзеянне на набоі піратэхнікі пры зараджанні мартыраў, не прадугледжанае правіламі абыходжання з імі».
Паводле выдання «Московский комсомолец», допыт Дзянісава і Сапронава працягваўся 12 гадзін, іх цяперашняе месцазнаходжанне невядомае, а ў Мінск адправіўся юрыст кампаніі «Пиро-Росс», які будзе вырашаць пытанне абароны затрыманых.
Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася
Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасці 3 ліпеня ў Мінску адбыліся 4 выбухі снарадаў для феерверку.
Ад ранення аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была смяротна параненая жанчына, было больш за 500 метраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разбілі на адлегласці больш як кіламетр.
Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Уруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
СК пачаў крымінальную справу за парушэнне правілаў абыходжання з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небяспеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
4 ліпеня ў Мінску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка феерверкаў.
Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя феерверкі, аднак пасля здарэння Мінабароны паведаміла ўначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расіі. Мінабароны Беларусі выказала меркаванне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
Дзяржаўныя СМІ не спяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэнне падчас святочнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
Гэта не першая трагедыя падчас святкавання афіцыйнага Дня Незалежнасці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Мінску падчас святкаванняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая металічнымі гайкамі і цвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі смяротнае пакаранне падчас працэсу аб тэракце ў мінскім метро.