Фігуранты справы аб выбуху на салюце атрымалі па тры гады пазбаўлення волі
Абвешчаны прысуд па справе аб НЗ на Дзень незалежнасці ў 2019 годзе, калі ў выніку выбуху адзін чалавек загінуў, больш за дзесяць атрымалі траўмы. Суд прызнаў вінаватымі ў тым, што здарылася камандзіра патрульнай роты Менскай вайсковай камендатуры Аляксея Кругліка і двух супрацоўнікаў расейскай фірмы «Піра-Рос», якая пастаўляла феерверкі, — Максіміліяна Сапронава і Канстанціна Дзянісава. Прысуд — тры гады пазбаўлення волі кожнаму, будуць адбываць пакаранне ў калоніі-пасяленні.
Таксама суд вынес прыватнае вызначэнне Міністэрству абароны аб выяўленых недахопах у працы ведамства і недапушчэнні парушэння закона з боку супрацоўнікаў у далейшым.
У мінулым годзе святочны салют у Дзень незалежнасці ў Мінску скончыўся трагедыяй. Падчас запуску салюту ўзарваліся зарады, загінула 64-гадовая жанчына, яшчэ 11 чалавек атрымалі траўмы, у тым ліку дзіця. З 480 зараджаных у выніку снарадаў 195 мм калібра амаль 200 аказаліся бракаванымі. Па версіі абвінавачвання, прычынай надзвычайнага здарэння стала механічная дапрацоўка снарадаў: замест таго, каб замяніць бракаваныя вырабы, якія па памеры былі больш за патрэбныя і не змяшчаліся ў салютныя ўстаноўкі, абвінавачаныя нажамі знялі частку абалонкі, абкаталі снарады і зарадзілі іх у ствол. Унутры металічнай марціры адбыўся выбух, аскепкі разляцеліся і трапілі ў гледачоў.
Па выніках расследавання, супрацоўнікам расійскага прадпрыемства было прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 ст. 299 КК (Парушэнне правілаў абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў буйным памеры; ад 2 да 7 гадоў пазбаўлення волі). Дзеянні камандзіра роты Мінскай ваеннай камендатуры кваліфікаваныя па ч. 2 арт. 463 КК (Парушэнне правілаў абыходжання з прадметамі, якія прадстаўляюць павышаную небяспеку для навакольных, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры; да 5 гадоў пазбаўлення волі).
Сапронаў і Дзянісаў працавалі інжынерамі ў расійскай кампаніі «Піра-Рос» , якая паставіла Беларусі і салютныя ўстаноўкі, і снарады. Круглік скончыў Ваенную акадэмію, прайшоў дадатковую падрыхтоўку ў кампаніі «Піра-рос» па працы з піратэхнікай. Абвінавачаны ў судзе заявіў, што «навучанне было фармальным».
Паводле яго слоў, падрыхтоўка да салюту на Дзень Незалежнасці пачалася 1 ліпеня 2019 года. Ён бачыў, што некаторыя феерверкі былі бракаванымі, але кіраўніцтву пра гэта не дакладваў, таму што 9 траўня была такая ж карціна.
— Усе пра гэта ведалі 9 траўня, і сітуацыя паўтарылася. Гэтым разам прыходзіў начальнік штаба, камандзір батальёна, намеснік ваеннага каменданта, — адзначыў Круглік і дадаў: — Кіраўніцтва бачыла, як абразаліся феерверкі, якія не падыходзілі па памеры. У аднаго кіраўніка гэта не выклікала ніякіх пытанняў, іншы спытаў, што яны робяць — але ніхто не спыніў.
Вядома, што начальніка Мінскай ваеннай камендатуры Мікалая Кураша па загадзе Следчага камітэта падвергнулі дысцыплінарнаму спагнанню — вынеслі яму строгую вымову. Цяпер ён працуе на іншай пасадзе. Звязана гэта з НЗ на салюце, Кураш у судзе казаць адмовіўся.
Сапронаў і Дзянісаў у судзе заявілі адразу — віну не прызнаюць. Галоўны інжынер Андрэй Інкін таксама настойваў, што дзеянні яго падначаленых не маглі прывесці да такога выніку. На яго думку, вырабы маглі спляскацца або пашырыцца ў некаторых месцах пры няправільным захоўванні або транспарціроўцы.
— Мы распрацоўшчыкі і вытворцы гэтых зарадаў, ведаем іх канструкцыю. За іншыя шары мы б не сталі ручацца, але з нашымі зарадамі мы так рабілі. Я так рабіў 9 траўня, і ўсё адстраляла штатна. Я і мае калегі прыязджалі ў Менск па дабрыні душэўнай, ніякага кантракту на дадатковыя паслугі з намі не заключалі. Мінабароны афіцыйна ніякіх прэтэнзій нам не прад'яўляла. Калі б яны сказалі, што вырабы бракаваныя, яны ў вас гарантыйныя, давайце ў адпаведнасці з кантрактам выпраўляйце альбо мяняйце на новыя, мы б, вядома, памянялі. Але ніхто нічога такога не казаў. Усё было аддадзена на водкуп. Максім і Косця надавалі геаметрычную форму вырабу. Гэта не пашкоджанне. Пашкоджанне — гэта калі трэснуў корпус, адламаная вышибная шклянка і гэтак далей. У дадзеным выпадку мелі справу з абалонкай няправільнай формы, — заявіў спецыяліст у інтэрв'ю TUT.BY.
Пазней Аляксей Круглік таксама заявіў у судзе, што ягоныя дзеянні не маглі прывесці да такіх трагічных наступстваў:
— Зыходзячы з матэрыялаў справы, экспертызы, не бачу, што мае дзеянні маглі пацягнуць такія наступствы. Праводзіўся следчы эксперымент, мы цэлы тыдзень стралялі, правяралі феерверкі ўсімі спосабамі, але такіх наступстваў не было.
Аднак пракурор Аляксандр Таўстагузаў настойваў, што віна фігурантаў даказаная, і запытаў для кожнага тры гады пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі-пасялення. Суддзя Святлана Бандарэнка такі прысуд і вынесла. Сапронаву і Дзянісаву будзе ўлічаны тэрмін знаходжання ў СІЗА, дзе яны ўтрымліваюцца ўжо больш за год (з разліку адзін дзень у ізалятары роўны аднаму дню ў калоніі). Круглік да ўступлення ў сілу прысуду застаецца на волі пад падпіскай аб нявыездзе.
Што тычыцца задавальнення грамадзянскіх пазоваў ад Мінскай ваеннай камендатуры і пацярпелых, то гэтае пытанне будзе вырашацца асобна, у рамках грамадзянскага суда. Сям'я загінулай жанчыны, да прыкладу, заяўляла пазоў аб кампенсацыі 100 тысяч рублёў.
Абаронцы супрацоўнікаў расійскай кампаніі заявілі, што будуць падаваць скаргу на прысуд, паколькі, на думку адвакатаў, іх віна не даказаная, і яны прасілі суд вынесці апраўдальны прысуд.
Суд вынес прыватнае вызначэнне ў адрас Міністэрства абароны аб выяўленых падчас разбору парушэннях, якія дапусцілі супрацоўнікі ведамства і падпарадкаваных Міністэрству арганізацый. У месячны тэрмін Мінабароны павінна даць справаздачу аб прынятых мерах для недапушчэння ў далейшым парушэнняў закона, якія прывялі да трагічных наступстваў.
Паводле tut.by