Каму і перад кім трэба каяцца?

Злавіў бы лося, ды не ўдалося, — гаворыць народная прыказка. Разбегліся грамадзяне далёка па свеце, нерат беларускага правасуддзя да іх не дастае. Той самы нерат, з якога ні ў зад, ні ўперад. А ўладзе хочацца, каб нерат той не пуставаў, разважае на старонках «Народнай Волі» Міхась Скобла.

b8d58aab_6cc9_430b_b3ca_c5d5a5398b67_w1023_r1_s_1.jpg

Падчас нядаўняга Паслання Аляксандра Лукашэнкі народу і парламенту не было звыклых авацый. Пляскалі слухачы падазрона рэдзенька, іх апладысменты выглядалі, кажучы па-народнаму, як адчэпнае. Гэта заўважыў і сам выступоўца, пакрыўджана адрэагаваў і публічна папракнуў: маўляў, я тут перад вамі лістом сцялюся, а вы сваіх далоняў шкадуеце. Падобным чынам выпрошвае апладысменты ў раённым Доме культуры сталічны спявак, чыя песенная кар’ера падыходзіць да завяршэння.

А неахвотна пляскалі дэпутаты і чыноўнікі таму, што пры ўсім жаданні паверыць у пачутае не маглі. Чаго быў варты, напрыклад, пасаж пра сотні тысяч іракскіх бежанцаў, расстраляных і закапаных польскімі памежнікамі на мяжы пад Гроднам. Такім «адкрыццям» пляскаць не падымаліся рукі нават у тых, хто на падобных форумах заўзята апладзіруе ўжо не першае дзесяцігоддзе.

Заўважна ажывілася зала хіба разы тры-чатыры, калі эмоцыі Лукашэнкі ўсё ж перамаглі нашэсце сонных флюідаў, якія сяго-таго адольвалі проста перад тэлекамерамі. У адным з выпадкаў пабудку сыграла наступная тырада, што прагучала як прэамбула да страшнага суда. Датычыла яна тых, хто пасля жніўня 2020 года быў вымушаны пакінуць Беларусь.

«Мой вам совет — кайтесь и становитесь на колени. Заплатите штрафные санкции за нанесенный ущерб. Хотя бы частично… Дальше будет хуже. Поэтому домой! На коленях! Ползком! Сопредседателями (камісіі па разглядзе спраў «збеглых». — М.С.) могут быть Генеральный прокурор и наш глашатай Григорий Азарёнок. И будем ориентироваться на решение этой комиссии».

Адразу ўявілася, як дзе-небудзь на Кургане Славы (гэткім сабе аналагу Паклоннай гары) засядае тая камісія, а да кургана на каленях паўзуць з-за мяжы тыя, хто вырашыў пакаяцца перад уладай. У вызначаны час ля кургана тармозіць «Тэсла» («падарунак Маска»), і Аляксандр Лукашэнка проста на капоце ўзгадняе спісы, рабалепна пададзеныя яму «глашатаем» Азаронкам…

Злавіў бы лося, ды не ўдалося, — гаворыць народная прыказка. Разбегліся грамадзяне далёка па свеце, нерат беларускага правасуддзя да іх не дастае. Той самы нерат, з якога ні ў зад, ні ўперад. А ўладзе хочацца, каб нерат той не пуставаў. Бо вяртанне блудных сыноў — карцінка эфектная яшчэ з часоў біблейскіх. Праўда, пасланне Лукашэнкі ў гэтым сэнсе спрацавала з дакладнасцю да наадварот. Калі хто і меркаваў вярнуцца, то цяпер дакладна ў родную краіну не паедзе. Пакуль не зменіцца ўлада.

Тут можна згадаць, як пасля Другой сусветнай вайны па лагерах перамешчаных асоб у Германіі ездзілі савецкія рэпатрыяцыйныя місіі і агітавалі беларусаў вяртацца на радзіму. Угаворвалі лёстачкамі, абяцалі райскае жыццё ў БССР. І сёй-той паддаўся на ўгаворы, сеў у падагнаны цягнік і паехаў у… ГУЛаг гадоў на дзесяць.

Аддамо належнае Лукашэнку — ён гаворыць адкрыта: прыпаўзайце, мы вас тут трохі засудзім, трохі аштрафуем, пракурорскую праверку зладзім, пакаяльныя відэаролікі запішам. Карацей, на літасць не разлічвайце. Плюс да таго адрасаванае апанентам «запрашэнне» прагучала на фоне бясконцых рэпрэсій і судзілішчаў, калі беларускія турмы папаўняюцца новымі і новымі палітвязнямі (іх ужо больш за 1000). Не спыняюцца і палітычныя звальненні — за ўдзел у пратэстных акцыях, за гумарныя кепікі з рэферэндуму, за допісы і лайкі ў інтэрнэце.

Дык навошта вяртацца? Ды яшчэ «паўзком і з пакаяннем»?

А калі задумацца, то за што і перад кім павінны каяцца, скажам, старшыні выбарчых камісій, якія на сваіх участках засведчылі паразу Лукашэнкі 9 жніўня? За што і перад кім павінны каяцца журналісты, якія спрабавалі данесці да народа небяспечную праўду? За што і перад кім павінны каяцца спартсмены і айцішнікі, настаўнікі і медыкі, прадпрымальнікі і акцёры, чыя віна толькі ў тым, што яны не жадаюць жыць у хлусні, не хочуць прыслужваць сагнутымі ў тры пагібелі лёкаямі на нячыстым валтасаравым гульбішчы?

Каяцца трэба зусім не тым, хто сёння змушаны жыць на ласкáвым хлебе за мяжой, пакінуўшы тут старых бацькоў, любімую працу, утульныя хаты. Каяцца найперш трэба ўладзе — з самага верху да нізу. За тое, што дашчэнту растаптала яго вялікасць закон, кіруючыся незабыўным «не да законаў». За тое, што не пакарала фальсіфікатараў выбарчага працэсу, хоць іх прозвішчы неаднаразова агучваліся ў СМІ. За тое, што кáты і забойцы сталі ў Беларусі недатыкальнымі….

Каяцца трэба перад народам. Бо смешна і недарэчна, калі пракурор і прапагандыст, які атрымліваў на вуліцах аплявухі ад жанчын, выстаўляюцца як нейкі калегіяльны arbiter elegantiarum.

А пакаяўшыся — перадаць стырно ўлады ў чыстыя рукі. Не на спешна сабраным сумніцельным спосабам «усебеларускім сходзе», не пераемніку з загадзя вызначаным узростам «за пяцьдзясят». А абранаму ўсенародна легітымнаму прэзідэнту — на сумленных і празрыстых выбарах.

Іначай нічога добрага ні тых, хто вернецца з-за мяжы, ні тых, хто чакае іх тут, у нашай краіне не чакае.