Каму выдзяляецца зямля ў сталіцы?

Восем гадоў жыхары былой вёскі Цна дабіваюцца ад уладаў добраўпарадкавання адзінай пешаходнай сцежкі, якая праз поле і лес звязвае людзей з мінскім мікрараёнам Зялёны Луг.



ae490490adff4f695d8831b6d20b97cf_xl.jpg

Адрэзак сцежкі праз лес быў добраўпарадкаваны ў 2010 годзе. Аднак у 2012 годзе сцежку проста перакрылі і на ёй сталі ўзводзіць прыватны катэдж. Калектыўныя звароты мясцовых жыхароў да Прэзідэнта краіны і ў Следчы камітэт засталіся без адказу. Суд адмовіўся па сутнасці разглядаць скаргу на незаконныя дзеянні Мінскага гарвыканкаму па выдзяленні пляцу зямлі для будаўніцтва катэджу. У адказах чыноўнікаў як заклінанне паўтараюцца словы пра тое, што ўсё зроблена законна, паколькі зямельны пляц выдзелены шматдзетнай сям’і.

У судзе Маскоўскага раёна я ўбачыла шматдзетную маці Людмілу Купрыянаву. Яна, хатняя гаспадыня, будуе катэдж у адным з самых прэстыжных раёнаў сталіцы. У зале судовага пасяджэння мужчына, які суправаджаў Купрыянаву, мне пагражаў, і заявіў, што «трэба падабраць іншую дзялянку, а гэтую аддаць бандытам, няхай разбяруцца».

Зварот у міліцыю з нагоды гэтай пагрозы нічога не даў. Аднак стала вядома, што той мужчына, на самай справе — муж Людмілы, Алег Купрыянаў. Інтарнэт падказаў, што Алег Купрыянаў — скульптар, праца якога «Гандлярка і вераб’і» сустракае наведвальнікаў Камароўскага кірмашу каля яго цэнтральнага ўваходу.

Цікава, што многія  не менш адораныя скульптары, якія займаюць прынцыповую грамадзянскую пазіцыю, не атрымліваюць такіх замоў ад сённяшніх уладаў.

Гэтая інфармацыя выклікала ў жыхароў былой Цны не меншыя эмоцыі, чым будаўніцтва катэджу на пешаходнай сцежцы. Бо яе перакрыў прадстаўнік творчай прафесіі, які як правіла, асацыюецца з вобразам высакароднага чалавека.

Я мяркую, што зямля пад будаўніцтва прыватнага катэджа на месцы агульнай сцежкі была выдзелена сям’і Купрыянавых не па законе. Маё меркаванне засноўваецца на тым факце, што чыноўнікі змянілі прызначэнне зямлі ўпотай ад мясцовых жыхароў, а правы і інтарэсы сотняў грамадзян перакрэслілі, каб дагадзіць інтарэсам адной сям’і.