Кандрусевіч кажа пра рэвалюцыю, а Станеўскі дзякуе Лукашэнку: аб чым казалі біскупы на Вялікдзень

Каталіцкія біскупы Беларусі напярэдадні Вялікадня падрыхтавалі звароты, а таксама прамовілі гаміліі, у якіх акрамя літургічных разважанняў закранулі і сённяшні час. Аб чым яны казалі?

Фота: Павел Хадзінскі

Фота: Павел Хадзінскі

Як піша «Хрысціянская Візія», кіраўнік Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі мітрапаліт Юзэф Станеўскі аддаў належнае сённяшняй сітуацыі:
«Няхай Вялікдзень прынясе кожнаму з нас новае жыццё, нягледзячы на тое, якія катастрафічныя падзеі адбываюцца ў свеце і ў нашым асабістым жыцці. Няхай гэтая пасхальная ўрачыстасць адкрые магілы страху, нянавісці, граху, клопатаў, цяжкасцей і напоўніць нас надзеяй».
Аднак напрыканцы гаміліі, як у яго павялося, падзякаваў «дзяржаўным уладам», у тым ліку і Лукашэнку з Качанавай.

Ці дзякаваў ён менавіта за рэйдэрскі захоп Чырвонага касцёла — засталося толькі здагадвацца.


У сваю чаргу мітрапаліт-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч быў больш рашучы.
Іерарх звяртае ўвагу, што ад роспачы і безвыходнасці “людзі замыкаюцца ў сабе” і ў выніку ўпадаюць у “безвыходнасць і адчай”. Мітрапаліт эмерыт працытаваў вядомае выказванне “мы не выбіраем часу, у які нам выпала жыць, але выбіраем спосаб таго, як жыць у ім” і заклікаў “ні ў якім выпадку не ісці на кампраміс са злом, але жыць у праўдзе”. Акрамя іншага арцыбіскуп заклікаў да

“нацыянальнага духоўнага ўваскрашэння”.

«Праўда ўваскрасення Хрыста, будучы дарам, таксама з’яўляецца заданнем. Калі мы хочам уваскрэснуць да вечнага жыцця, то павінны жыць жыццём Уваскрослага Езуса.
Пасля ўваскрасення Хрыста, якое стала зваротным пунктам гісторыі, свет змяніўся і стаў іншым. Калі раней ён быў напоўнены грахом, то цяпер мае доступ да Божай ласкі. Хрыстус Уваскрос не для таго, каб вярнуцца да звычайнага зямнога жыцця і потым зноў памерці, але каб жыць вечна.
Яго ўваскрасенне спарадзіла адну з найпрыгажэйшых рэвалюцый у гісторыі, якая змяніла свет.
Біскупы не казалі наўпрост пра беларускія праблемы, аднак многія іх думкі відавочна адносяцца да лакальнага кантэксту».


Нунцый Ёзіч у сваім лісце задае рытарычнае пытанне:

"Колькі зняволеных усё яшчэ не могуць вярнуцца дадому і сустрэцца са сваімі блізкімі"?

Перамога Езуса над грахом і смерцю — гэта наша ўпэўненасць у тым, што мы таксама пераможцы ў нашых змаганнях, як казаў апостал Павел: «Сапраўды, калі мы разам з Ім памерлі, то з Ім і ажывём; калі церпім, то разам з Ім валадарыць будзем» (2 Цім 2, 11–12).
Але сёння мы ставім перад сабою пытанне, як пераадолець зло ў свеце, якое прыносіць столькі няшчасцяў, войнаў і іншых формаў насілля, што кідаюць мільёны людзей у выгнанне, забіраюць чалавечыя жыцці і знішчаюць маёмасць, правакуюць эксплуатацыю і бесчалавечнае абыходжанне са слабымі?
Віцебскі біскуп Буткевіч заклікаў “перастаць пагражаць і адмовіцца ад насілля і гвалту”.
Гродзенскі біскуп Кашкевіч таксама казаў пра неабходнасць адмовіцца ад нянавісці і абуджэнні жадання бачыць у іншым чалавеку брата, а не ворага “якога трэба перамагчы“.