Канстытуцыйны суд пакінуў без разгляду зварот грамадзянаў
Канстытуцыйны суд адмовіўся разглядаць зварот грамадзянаў наконт калізій паміж нормамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (ГПК), што вызначаюць прадстаўніцтва ў грамадзянскім судаводстве. Пра гэта паведаміла карэспандэнту НЧ жыхарка гораду Бабруйск Валянціна Каваленка.
Яна распавяла, што разам з зямлячкай Любоўю Санкевіч яны двойчы звярталіся ў Канстытуцыйны суд з просьбай узбудзіць вытворчасць наконт устаранення калізій паміж нормай Канстытуцыі, што дае
грамадзяніну права на выбар свайго прадстаўніка ў судзе, і нормай ГПК, які ўтрымлівае абмежаваны пералік тых, хто можа прадстаўляць інтарэсы грамадзянаў у судзе.
Свой зварот жанчыны матывавалі тым, што, згодна ГПК, менавіта грамадзяне абавязаны прадстаўляць у судзе доказы сваёй пазіцыі і могуць вольна распараджацца сваімі правамі. Гэта азначае, што
грамадзяне маюць права выбіраць сваім судовым прадстаўніком любую давераную асобу. Дарэчы, такое права прадастаўляе грамадзянам і Канстытуцыя. Аднак артыкул 72 ГПК абмяжоўвае гэтае права грамадзянаў
вычарпальным спісам прадстаўнікоў, у які ўваходзяць, у тым ліку, і адвакаты.
У выніку суддзі Канстытуцыйнага суду не разгледзелі па сутнасці зварот грамадзянаў, і ён не пайшоў далей сакратарыяту ўстановы, які даў заяўніцам фармальную адпіску. Хоць на сустрэчы з
грамадзянкамі старшыня Канстытуцыйнага суду Пётр Міклашэвіч абяцаў разгледзець зварот і прызнаў, што доказы жанчын маюць рацыю. Дарэчы, зварот выкліканы тым, што пры разглядзе справаў заяўніцаў у
судзе Бабруйскага раёну і горада Бабруйск суддзі не дапусцілі ў працэс прадстаўніка грамадзянак, які не ўваходзіў у пералік, прадугледжаны нормай ГПК.
У сваім каментары юрыстка Тамара Сяргей зазначыла, што новы закон пра канстытуцыйнае судаводства, які ўступіў у сілу ў мінулым годзе, прыадчыніў дзверы для грамадзянаў.
“Цяпер і яны могуць звяртацца ў Канстытуцыйны суд дзеля ўстаранення з нарматыўных актаў прабелаў, выключэння з іх калізій і прававой нявызначанасці. Аднак на справе зрабіць гэта
аказалася немажліва. Прычына ў тым, што праблема адпісак з дзяржаўных структураў на звароты грамадзянаў стала ўсеагульнай і захапіла, у тым ліку, і Канстытуцыйны суд”, —
заявіла юрыстка.