Кныровіч пра прапановы ўладаў па адукацыі: Гэта махлярства — да 10 гадоў кожнаму ўдзельніку нарады
Прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч — пра новыя прапановы ўладаў па размеркаванні выпускнікоў ВНУ.
Нагадаем, на нарадзе 21 верасня чыноўнікі выказаліся аб неабходнасці павелічэння тэрмінаў адпрацоўкі пасля размеркавання (Аляксандр Лукашэнка: «Што такое два гады?») і ўвядзення адпрацоўкі для «платнікаў» (міністр адукацыі Андрэй Іванец: «Сёння платнік пакрывае не больш чым 50-70% ад кошту свайго навучання»).
Прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч у сваім новым відэа патлумачыў, што не так у заявах прадстаўнікоў улады, піша «Салідарнасць».
Ён развянчаў міф аб платнай адукацыі на Захадзе: у Еўропе як мінімум у палове краін існуе бясплатная вышэйшая адукацыя — без усялякай адпрацоўкі! Напрыклад, у Польшчы.
Прычым у Польшчы атрымаць бясплатную вышэйшую адукацыю можа і замежнік. Калі ён мае або карту паляка, або пастаянны від на жыхарства (карту рэзідэнта ЕС), або сертыфікат аб валоданні польскай мовай на ўзроўні С1.
Кныровіч таксама звярнуў увагу, што хоць у ЗША вышэйшая адукацыя і каштуе ад 20 да 40 тысяч долараў у год, але студэнты маюць магчымасць узяць крэдыт на адукацыю і затым выплачваць яго на працягу многіх гадоў.
Кныровіч таксама закрануў апеляцыю Лукашэнкі да практыкі адпрацоўкі пасля размеркавання ў СССР: маўляў, яны з іншымі чыноўнікамі таксама адпрацоўвалі, і нічога дрэннага ў гэтым не было.
Прадпрымальнік прывёў прыклад свайго бацькі, які пасля
размеркавання атрымліваў усяго на 25% ніжэй сярэдняга заробку па Савецкім Саюзе
і ўжо праз тры гады атрымаў кватэру.
А раз так, то цяперашнім выпускнікам у Беларусі на першым месцы працы павінна была быць прапанаваная зарплата ў памеры 1500 рублёў, а таксама прадастаўлена «нармальнае чалавечае жыллё», лічыць блогер.
Кныровіч звярнуў увагу, што штогод дзяржава збірае каля 3 мільярдаў долараў з усіх грамадзян РБ у выглядзе падаткаў на адукацыю.
— Людзі, якія дарваліся да ўлады, збіраюць з насельніцтва грошы, за іх арганізуюць паслугу ў выглядзе ВНУ, а потым кажуць: хлопцы, у нас чамусьці ніфіга не атрымалася, бюджэты не сыходзяцца, таму давайце вы яшчэ раз за гэта заплаціце, — сказаў Кныровіч. — Гэта называецца махлярствам. У асабліва буйных памерах — да 10 гадоў. Усім удзельнікам нарады.
Меншасць, якая ўтрымлівае ўладу ў краіне, аказалася
яшчэ і ашуканцамі. Яна спрабуе з вас другі раз сабраць (або грашыма, або
адпрацоўкай-рабствам) за тую паслугу, за якую вы ўжо заплацілі.