Са святам, дарагія таварышы! Дзень настаўніка ў лічбах

Сёння Дзень настаўніка. Той самы дзень, калі беларуская дзяржава ўспамінае, што, акрамя абавязку фальсіфікаваць выбары, лічыць дармаедаў і збіраць «на шторы», у настаўнікаў ёсць і прамыя абавязкі — вучыць дзяцей чаму-небудзь добраму і па магчымасці карыснаму, таму, што можа спатрэбіцца ў будучым няпростым дарослым жыцці.

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__9__logo.jpg

Да гэтага, так бы мовіць, прафесійнага свята, Белстат выкаціў традыцыйную статыстыку. Эканаміст і блогер Аляксандр Кныровічпаглядзеў, што там нам пра настаўнікаў расказваюць у лічбах.

У краіне ў краіне цяпер 105,1 тыс. настаўнікаў (86,8% з іх — жанчыны) з нагрузкай 10 вучняў на кожнага і сярэднім заробкам за восем  месяцаў 1572,4 рубля. Святкуем?

Пачакайце! Адкрываем статыстыку мінулых гадоў, і...

Высвятляем: два гады таму настаўнікаў было 111 тысяч, а 12 гадоў таму — 133,1 тысяча. Гэта значыць — цэлых 28 тысяч настаўнікаў кудысьці сцерліся, растварыліся ў нябыт!

Але, можа быць дзяцей, вучняў стала менш?

Не. 12 гадоў таму нагрузка на аднаго спецыяліста, матэматычку або фізрука, была 7,2 вучня. Сёння 10 падшыванцаў. Гэта значыць — зніклі кудысьці менавіта настаўнікі!

Ну і зарплата, яна, вядома, вызначае. Вызначае каштоўнасць той ці іншай спецыяльнасці ў іерархіі грамадства. Гледзячы на ўзровень зарплаты настаўнікаў у ЗША, Германіі ці краінах Скандынавіі, мы выяўляем лічбы адразу «на нулік» большыя, чым вельмі сціплыя беларускія 480$, але справа і не ў гэтым.

Справа ў тым, што «там», на прагнілым антысацыяльным Захадзе, заробак настаўніка на 10-15% вышэйшы, чым сярэдні заробак у краіне. У нас жа, нават калі не звяртаць увагу на агульную матэрыяльную ўбогасць, адносны даход настаўніка чамусьці адсоткаў на 20% ніжэйшы, чым сярэдні.

З прыбыткам жа супрацоўніка АМАП і параўноўваць страшнавата.

Рэспубліканскі банк вакансій па запыце «настаўнік» прапануе адразу працаўладкавацца ў Смаргоні з акладам у 600 рублёў, або 183$.

Са святам, дарагія таварышы!


Глядзіце таксама