Кобрынскія замалёўкі: Дзень Перамогі
Свята да Дня Перамогі ў Кобрыне было падрыхтаванае і шматлюднае. Аднак на свяце не было таго, што павінна прысутнічаць праз 73 гады пасля перамогі, калі шмат чаго ўжо вядома, асэнсавана і зразумела.
9 траўня ў Кобрыне ўрачыстым шэсцем па цэнтральнай вуліцы горада, што носіць імя Уладзіміра Леніна, і святочным канцэртам у мясцовым Палацы культуры быў адзначаны Дзень Перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне.
Свята было падрыхтаванае і шматлюднае. З удзелам ветэранаў, моладзі і чынавенства. З шэсцем «Несмяротнага палку», з мажарэткамі, духавым аркестрам і паветранымі балонікамі, з шчырымі словамі пра тое, што перамога выратавала народ Беларусі ад знішчэння, з традыцыйным ускладанннем кветак да мемарыялу савецкім вайскоўцам, хвілінай маўчання і набажэнствам праваслаўнага святара, з цёплымі сустрэчамі сяброў і знаёмых, з радасцю ад сонечнага веснавога дня з моцным дажджом (урэшце!), з сумам па загінулых і адышоўшых у лепшы свет удзельніках былой вайны…
Аднак на свяце я не ўбачыў і не пачуў тое, што, на мой погляд, павінна прысутнічаць на Дне Перамогі праз 73 гады пасля яе, калі шмат чаго ўжо вядома, асэнсавана і зразумела.
Так, горад двойчы пад час вайны баранілі — у верасні 1939-га, калі Кобрын знаходзіўся ў складзе Польшчы, і ў чэрвені 1941-га, калі горад ужо быў пад саветамі. І таму на свяце трэба было абавязкова ўшанаваць памяць загінулых за горад вайскоўцаў польскай арміі — 83-га пяхотнага палка імя Рамуальда Траўгута.
Неабходна ўзгадваць і забітых у 1941-1944 гадах мірных габрэяў-кобрынцаў, у асноўным старых і нямоглых, жанчынаў і дзяцей, якія складалі большасць насельнікаў месца напярэдадні германа-савецкай вайны, былі кінутыя саветамі без усялякай абароны і таму сталі немінучымі ахвярамі Халакосту.
На маё меркаванне, на свяце неабходна было агучыць канкрэтныя страты — людскія і матэрыяльныя, што панесла Бацькаўшчына з 1939 па 1945 гады, нагадаць пра масавыя палітычныя рэпрэсіі ў СССР, што прывялі да цяжкіх паразаў у 1941-1942 гадах і шматлікіх людскіх стратаў, у тым ліку шасці мільёнаў палонных, кінутых савецкім кіраўніцтвам на волю лёсу.
А дзе слова падзякі народам і краінам антыгітлераўскай кааліцыі, якія разам з намі змагаліся з нацызмам у Другой сусветнай вайне і дапамагалі беларусам пераадолець пасляваенныя цяжкасці, у тым ліку жахлівую галадоўку 1947-га? Толькі па ленд-лізу ў 1941-1945 гадах ЗША паставілі ў СССР зброі і вайсковага рыштунку на 11,3 млрд даляраў, што адпавядае сённяшнім 146 млрд даляраў. На гэтыя грошы саветы атрымалі 3770 бамбавікоў, 11594 вынішчальніка, 5980 зенітак, 2000 лакаматываў, 51000 армейскіх джыпаў, 361000 грузавікоў, 56445 палявых тэлефонаў, 600000 кіламетраў тэлефоннага проваду, 22 мільёны снарадаў, амаль мільярд патронаў і 15 мільёнаў пар армейскіх ботаў.
На жаль, на свяце не гучала беларуская мова — дзяржаўная мова краіны, родная мова тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь, усё святкаванне адбывалася спрэс па-расейску. А без роднай мовы немажліва выхаваць у беларусаў нацыянальную ідэнтычнасць і годнасць, гонар за сваю Бацькаўшчыну, так неабходныя нашаму народу, каб супрацьстаяць агрэсіўнаму «русcкому миру». Не гучалі творы знаных беларускіх літаратараў і кампазітараў, што ўслаўляюць нашую багатую гістарычную спадчыну, наш цудоўны край творцаў і ваяроў, палёў, пушчаў і балотаў, рэк і вазёраў…
Пажадана, каб апроч святароў праваслаўных на святкаванні Дня Перамогі гучалі словы прадстаўнікоў іншых канфесій хрысціянства, у тым ліку каталіцкай і пратэстанцкай, а таксама іншых веравызнанняў, у тым ліку юдаізму і ісламу. Усё гэта надае святу больш глыбокага зместу, духоўнасці і сапраўды народнага характару.
Ці скажам, чаму беларусы капіююць шэсце «Несмяротнага палка», што прышло да нас разам з «русским миром»? Вось вядомы мясцовы прадпрымальнік Павел Мішэвіч на святлодыёдных экранах свайго прадпрыемства ў цэнтры горада зрабіў лепшую рэч — змясціў дзясяткі падпісаных здымкаў сваякоў кобрынцаў — загінулых франтавікоў і сышоўшых у лепшы свет ветэранаў вайны. Гэты прыклад яскрава сведчыць пра тое, што беларусы — самі з вусамі!
Спадзяюся, што з часам святкаванне Дня Перамогі ў Кобрыне будзе грунтавацца на нацыянальных каштоўнасцях, больш адпавядаць гістарычнай праўдзе, духоўным і інтэлектуальным запатрабаванням народу Рэспублікі Беларусь.
Фота аўтара