Кобрынскія замалёўкі: новыя імёны ў спісе ахвяраў Халакосту

Уры Віленскі наведаў Савецкі Саюз 12-гадовым хлопчыкам у 1967 годзе разам з бацькам, які вывучаў архівы і бібліятэкі Масквы, Ленінграда і Кіева. З гэтай вандроўкі на ўсё жыццё запомніў некалькі фраз па-руску: «Как живут ударники?» — «Ударники живут хорошо!».

Гмах былой Кобрынскай сінагогі — сімвал больш чым 500-гадовай прысутнасці габрэяў у жыцці Кобрыня. Дарэчы, гэтая святыня юдаізму вылучалася ва ўсёй Усходняй Еўропе сваім прыгожым інтэр’ерам і вялікімі памерамі

Гмах былой Кобрынскай сінагогі — сімвал больш чым 500-гадовай прысутнасці габрэяў у жыцці Кобрыня. Дарэчы, гэтая святыня юдаізму вылучалася ва ўсёй Усходняй Еўропе сваім прыгожым інтэр’ерам і вялікімі памерамі

Спіс ахвяраў Халакосту ў Кобрыне папоўніўся трыма імёнамі. Гэта Шая, Абрам і Шмуэль Віленскія, якія загінулі ў горадзе пад час Другой сусветнай вайны.
Пра гэта распавёў пляменнік ахвяраў нацызму, грамадзянін ЗША Уры Віленскі, які разам з жонкай Донай ладзіць вандроўку па габрэйскіх мясцінах Беларусі.
Уры і Дона — навукоўцы з Чыкага. Ён — прафесар у галіне штучнага інтэлекту і складаных сістэм, яна — прафесар у галіне медычнай псіхалогіі.

Уры і Дона Віленскія каля Кобрынскай сінагогі

Уры і Дона Віленскія каля Кобрынскай сінагогі

Уры шмат гадоў вывучае свае карані. Прычым па лініі бацькі ён ведае свой радавод аж да 14 калена, а па лініі маці — да прапрадзеда.
Сярод сваіх кобрыньскіх продкаў спадар Уры ўзгадаў прадзеда-рабіна, зацятага сіяніста Іосэфа Віленскага, які з’ехаў у Амерыку ў 1907 годзе, і ягоную жонку Лею Берг, што засталася ў Кобрыне, а таксама дзядулю і бабулю Шрагу Файвеля Віленскага і Шэву Чвейхоўскую, якія загінулі ў полымі Халакосту.
У міжваенны час сённяшняя вуліца імя Аляксандра Суворава ў Кобрыне насіла імя нацыянальнага героя Польшчы, кіраўніка Кобрынскага паўстанцкага атраду і Нацыянальнага ўраду ў Варшаве падчас нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць расійскага царызму 1863-64 гадоў Рамуальда Траўгута. На вуліцы Траўгутавай, 33 бабуля з дзядуляй мелі сваю лаўку, дзе гандлявалі бакалеяй. Прычым большай камерцыйнай жылкай і дзелавой хваткай вылучалася менавіта бабуля Шэва, зазначыў навукоўца.
Прыкладна ў 1933 годзе ля гэтага дому быў зроблены здымак, на якім бацька спадара Уры Мардэхай стаіць разам з сваімі малодшымі братамі васьмігадовым Шаям, шасцігадовым Абрамам і чатырохгадовым Шмуэлем. У 1934 годзе Мардэхай эміграваў у ЗША, а ягоныя малодшыя браты засталіся ў Кобрыне і загінулі падчас акупацыі гораду нацыстамі.
Уры Віленскі прагледзеў спіс ахвяраў Халакосту ў кнізе «Памяць. Кобрынскі раён» і не знайшоў там імёнаў Шаі, Абрама і Шмуэля Віленскіх. І гэта невыпадкова, бо ў кнізе прыведзены спіс не больш за 550 ахвяраў Халакосту, у той час як па афіцыйных дадзеных пад час акупацыі з 16 тысяч даваенных жыхароў гораду нацысты забілі 6 900 чалавек, у асноўным габрэяў. Вось чаму спадар Уры прапанаваў супрацоўнікам Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя Аляксандра Суворава ўнесці імёны ягоных дзядзькоў у спіс мірных жыхароў-габрэяў, забітых у горадзе нацыстамі ў 1941-1944 гадах.

На гэтым здымку 1933 года бацька Уры Віленскага Мардэхай са сваімі малодшымі братамі Шаям, Абрамам і Шмуэлем, якія загінулі ў Кобрынскім гета пад час Другой сусветнай вайны

На гэтым здымку 1933 года бацька Уры Віленскага Мардэхай са сваімі малодшымі братамі Шаям, Абрамам і Шмуэлем, якія загінулі ў Кобрынскім гета пад час Другой сусветнай вайны


Такія ж захады Уры Віленскі зробіць і ў бок Нацыянальнага мемарыялу Катастрофы і Гераізму еўрапейскага габрэйства «Яд ва-Шэм» у Ерусаліме (Ізраіль).  
Бацька спадара Уры Мардэхай Віленскі даследавай габрэйскую мінуўшчыну, быў прафесарам гісторыі Габрэйскага ўніверсітэту ў Ерусаліме на гары Скопус, Габрэйскага каледжу ў Бостане і Гарвардскага ўніверсітэту (абодва ў ЗША). Сярод тэмаў, якія вывучаў навукоўца, — перыяд II Ерусалімскага храму (348 г. да н.э. — 70 г. н.э.), гісторыя габрэяў Расійскай імперыі, а таксама хасідзім і мітнагдзім, як напрамкі юдаізму.
Дарэчы, пад час працы ў Габрэйскім універсітэце ў Ерусаліме бацька пазнаёміўся з будучай жонкай і маці спадара Уры, якую звалі Сара. Яна нарадзілася ў Цфаце — адным з чатырох гарадоў, святых для габрэяў, у сям’і, сем каленаў якой стала жылі ў гэтым вядомым сваімі мудрацамі і непаўторнымі краявідамі месцы на адной з гор Верхняй Галілеі. Дарэчы, продак Уры Віленскага ў 14 калене таксама жыў у Цфаце, а другі продак у 10 калене — знакаміты Ём-Тоў Ліпман-Геллер — у сярэдзіне XVII стагоддзя быў рабінам у Кракаве.  
У 1967 годзе разам з бацькам, які вывучаў архівы і бібліятэкі Масквы, Ленінграда і Кіева, 12-гадовым хлопчыкам Уры наведаў Савецкі Саюз. З гэтай вандроўкі на ўсё жыццё запомніў некалькі фраз па-руску: «Как живут ударники?» — «Ударники живут хорошо!». Дарэчы, у Уры Віленскага ўдарнікі чамусьці атаясамліваюцца з шахцёрамі…
Навукоўца распавёў, што ягоныя продкі разам з бацькам Мардэхаем у 1930-я гады жылі ў Кобрыне на вуліцы Ратненскай (зараз Інтэрнацыянальная) каля дому мясцовага рабіна Ісака Юзла Яхаса. Дарэчы, калі ў верасні 1939-га горад апынуўся пад Саветамі, гэтая вуліца, дзе спрэс жылі тутэйшыя габрэі, атрымала імя вядомага габрэйскага пісьменніка Іцхака Лейбуша Пераца. Аднак мясцовыя ўлады хутка адмовіліся ад такой назвы, якая падалася ім залішняй, і дзесьці напрыканцы 1940 — напачатку 1941 гэты тапанім знік з мапы гораду — вуліца Пераца была перайменаваная ў Інтэрнацыянальную…  
Уры і Дона Віленскі падтрымалі ініцыятыву мясцовай інтэлігенцыі пра неабходнасць усталявання ў цэнтры Кобрына сціплага сімвалу памяці гараджанаў пра тых, з кім яны паўтысячы гадоў жылі разам адной сям’ёю. Гэткім сімвалам можа стаць невялікая пластычная кампазіцыя «Удзячныя кабрынчане сваім землякам-габрэям», у якой будзе адлюстраваны больш чым 500-гадовы ўнёсак мясцовага габрэйства ў гісторыю месца, амаль поўнае знішчэнне тутэйшай габрэйскай супольнасці пад час Другой сусветнай вайны, а таксама той факт, што значная частка камяніцаў у гістарычным цэнтры Кобрына некалі належыла сем’ям габрэяў…
Дарэчы, падобны мемарыяльны знак быў усталяваны каля 15 гадоў таму ў гарадскім пасёлку Любча Навагрудскага раёну Горадзенскай вобласці.
Як вядома, з гістарычнай Кобрыншчынай непасрэдна звязаныя лёсы многіх выбітных беларускіх габрэяў, у тым ліку першага прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Хаіма Вейцмана і амерыканскага матэматыка Оскара Зарыскага.
Уры і Дона Віленскія выказалі падзяку вядомай даследчыцы айчыннай спадчыны, былой дырэктарцы Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музею і стваральніцы ў Навагрудку Музею габрэйскага супраціву Тамары Вяршыцкай, якая суправаджала вандроўнікаў пад час іхнага падарожжа па Беларусі, супрацоўнікам Кобрыньскага ваенна-гістарычнага музею імя Аляксандра Суворава Лідзіі Курашовай, Ганне Чэб і Алене Рысь, а таксама кобрынскаму краязнаўцу Віктару Бордзюгу, якія цёпла віталі нашчадкаў кобрынскіх габрэяў, адказалі на іхныя пытанні, ахвотна дапамагалі адшукаць даваенныя адрасы і на развітанне падаравалі амерыканскім навукоўцам кнігу «Памяць. Кобрынскі раён».