Колькі алкаголю дазволена ў навагоднюю ноч?
Случчанін Юрый Мяцельскі, якога міліцыянты затрымалі ноччу 1 студзеня, пакуль што не атрымаў позвы ў суд. Але ўжо правёў двое сутак у ізалятары часовага ўтрымання.
![new_years_eve_951750_1280_logo.jpg new_years_eve_951750_1280_logo.jpg](/img/v1/images/new_years_eve_951750_1280_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сам Юры лічыць, што патрапіў у такую сітуацыю з-за сваёй дасведчанасці ў заканадаўстве, паколькі ён з’яўляецца валанцёрам праваабарончага цэнтру «Вясна».
— Супрацоўнікі АМАП падышлі да мяне з сябрам каля трох гадзін ночы 1 студзеня, калі мы знаходзіліся непадалёку ад Дома культуры, і запатрабавалі прад’явіць пашпарты і паказаць, што ў заплечніку сябра, — успамінае Юры. — Сябра моўчкі выканаў усе патрабаванні, а я паспрабаваў высветліць у міліцыянтаў, хто яны самі і па якой прычыне да нас прычапіліся. На вуліцы Леніна і на плошчы было шмат народу, які высыпаў на вуліцу пасля застолля. А мы ціха-мірна ўдвух гутарылі паміж сабой, стоячы на тэрасе каля Дома культуры, наводдаль ад усіх.
Пасля таго, як амапавец адмовіўся сябе назваць, я перапісаў нумар яго нагруднага жэтона. З гэтага ўсё і пачалося, бо міліцыянт вельмі абурыўся з-за таго, што я «качаю правы» і паведаміў, што затрымлівае мяне па артыкулу 17.3 КаАП (знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым выглядзе).
![Юры Мяцельскі Юры Мяцельскі](/img/v1/images/jura_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Юры Мяцельскі
Спачатку Юрыя Мяцельскага прывезлі ў выцвярэзнік, дзе ў крыві было выяўлена толькі 0,29 праміле алкаголю.
Паколькі нават для суддзяў такая колькасць алкаголю ў святочную ноч можа паказацца дзіўнай, супрацоўнікам міліцыі прыйшлося перапісаць пратакол.
![img_0277_1_logo.jpg img_0277_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_0277_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Перад тым, як накіраваць Юрыя Мяцельскага ў ізалятар, участковы інспектар РАУС старшы лейтэнант Аляксандр Савін склаў пратакол ужо па артыкуле 17.1 — нібыта за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы. Па словах маладога чалавека, за тое, што ён папрасіў патлумачыць свае правы, міліцынты пагражалі яму «ластаўкай» і «прэс-хатай» і патрабавалі «не вылузвацца» і падпісаць пратакол.
— Тады я ўзяў пратакол і пачаў уносіць заўвагі. Убачыўшы гэта, участковы схапіў маю руку, заламаў і пераваліў праз крэсла на падлогу, пратрымаўшы мяне ў такім становішчы каля хвіліны, — успамінае Мяцельскі. — Пасля такіх дзеянняў прыйшлося падпісаць паперу і перамясціцца ў камеру №5 Слуцкага ІЧУ, адкуль мяне выпусцілі ноччу 3 студзеня.
![img_0275_1_logo.jpg img_0275_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_0275_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Грамадскі актывіст распавёў, што падчас знаходжання ў ІЧУ яго два дні кармілі аўсянай кашай і катлетай тры разы на дзень, а таксама ён быў вымушаны быў спаць на ложку без пасцельнай бялізны.
— Я ўпершыню патрапіў у такія ўмовы, таму яны падаліся мне дзікунскімі, — распавёў маладзён. — Асабліва непрыемна было спраўляць патрэбы пад вочкам відэакамер. Увогуле, у мяне ўзнікла адчуванне, быццам 2 дні пражыў ва ўборнай, куды прыносілі паесці. Падыхаць свежым паветрам не дазволілі ніводнага разу. Нягледзячы на тое, што пастаянна гарэла дзяжурнае святло, чытаць з-за недахопу асвятлення фактычна было немагчыма. Кубкаў не было, іх арыштаваныя рабілі самі з бутэлек, якія перадавалі з волі сваякі. Калі б я быў у камеры адзін ці з непадрыхтаванымі суседзямі, то не было б з чаго піць.
![img_0276_1_logo.jpg img_0276_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_0276_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Таксама Юрый распавёў, што грамадскі актывіст Сяржук Кіўко пасля свайго арышту ўжо звяртаўся да кіраўніцтва РАУС наконт дрэнных умоў утрымання ў ІЧУ і атрымаў адказ, што «парушэнні выпраўлены».
Валанцёр праваабарончага цэнтра мае намер звярнуцца да начальніка РАУС з патрабаваннем забяспечыць у ізалятары годныя мовы для ўтрымання людзей.
— Мы ўсе плацім падаткі, з якіх грошы ідуць і на ўтрыманне людзей у ІЧУ і турмах. Да людзей трэба ставіцца, як да людзей, нельга над імі дадаткова здзекавацца, — гаворыць праваабаронца. — На жаль, міліцыянты так сябе паводзяць, паколькі грамадства ім дазваляе гэта рабіць. Калі ж адзінкі з гэтага грамадства спрабуюць напомніць пра існаванне правоў чалавека, яны проста шалеюць і помсцяць за заўвагі.
Знаёмыя Юрыя сцвярджаюць, што ніколі не чулі, каб ён лаяўся матам у грамадскіх месцах і з’яўляўся ў нецвярозым выглядзе, зневажальным для грамадзян.
Зразумела, каб у нас было сапраўднае правасуддзе, то можна было б лёгка давесці, што такія паводзіны для яго не характэрныя. Пакуль што такім ускосным доказам з’яўляецца зусім малая колькасць алкаголю ў крыві нават у навагоднюю ноч.
![Знаёмыя Юрыя сцвярджаюць, што ніколі не чулі, каб ён лаяўся матам у грамадскіх месцах і з’яўляўся ў нецвярозым выглядзе, зневажальным для грамадзян. Знаёмыя Юрыя сцвярджаюць, што ніколі не чулі, каб ён лаяўся матам у грамадскіх месцах і з’яўляўся ў нецвярозым выглядзе, зневажальным для грамадзян.](/img/v1/images/jurij_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Знаёмыя Юрыя сцвярджаюць, што ніколі не чулі, каб ён лаяўся матам у грамадскіх месцах і з’яўляўся ў нецвярозым выглядзе, зневажальным для грамадзян.
Карэспандэнт НЧ паспрабавала высветліць адносіны выпадковых случчан да такога затрымання. Рэакцыя траіх мужчын была аднолькавай, нягледзячы на розныя выказванні.
— Магчыма, трэба было папоўніць выцвярэзнік, каб пасля атрымаць прэмію, вось і схапілі, каго папала, — заявіў мужчына сталага ўзросту.
Другі мужчына, які назваў сябе Дзмітрыем, лічыць, што «міліцыя абарзела ад уседазволенасці і лічыць сябе па-за межамі заканадаўства».
— Хутка мы будзем баяцца міліцыянтаў больш за бандытаў і вечарамі не высоўвацца з дома, — адказаў трэці жыхар Слуцка. — У нашай краіне няма добрага заробку, каб надта культурна адпачываць. І што тут такога, калі другі рабацяга крыху і выпіў? Дык ён адразу перастае быць чалавекам і яго трэба хапаць? Што датычна гэтага канкрэтнага хлопца, дык яго ўхапілі, бо палічылі занадта разумным і захацелі паставіць на месца.
Ці можна крыху выпіць шампанскага і пагуляць у навагоднюю ноч па горадзе, навошта хлусіць і навошта было пры складанні пратакола заломваць рукі Юрыю? З гэтымі пытаннямі па тэлефоне я звярнулася да старшага лейтэнанта Аляксандра Савіна, які склаў пратакол на Юрыя Мяцельскага.
Старшы лейтэнант быў скупы на словы: «Аповеды пра заломванне рук — гэта суб’ектыўнае стаўленне да сітуацыі, а з усімі астатнямі пытаннямі звяртайцеся да прэс-сакратара РАУС».