Крышнаіты адзначылі свята Нрысімха-Чатурдашы
5 мая ў Мінску адбылося свята індыйскай духоўнай культуры Нрысімха-Чатурдашы, у якім прынялі ўдзел каля 500 сябраў Мінскай абшчыны Міжнароднага таварыства свядомасці Крышны.
5 мая ў Мінску адбылося свята індыйскай духоўнай культуры Нрысімха-Чатурдашы, у якім прынялі ўдзел каля 500 сябраў Мінскай абшчыны Міжнароднага таварыства свядомасці Крышны.
У праграме штогодняга свята з’яўлення на пятнаццаты дзень пасля маладзіка Нрысімха-дэвы – Госпада Крышны ў выглядзе чалавека-льва, які абараняе людзей у цяжкія
хвіліны – лекцыя па ведычнай філасофіі і гісторыі свята з выкананнем ведычных мантр, спектакль, танцы, выступ пасла Індыі ў Беларусі Маноджа Кумара Бхарці аб духоўным развіцці
чалавека і ролі крышнаітаў у гэтым працэсе, а таксама ўслаўленне Бога Крышны і традыцыйны банкет, пад час якога вернікі раздаюць усім жадаючым прасад – вегетарыянскую асвячоную ежу.
У свяце, акрамя вернікаў, удзельнічалі прадстаўнікі індыйскай дыяспары ў Беларусі, аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Мінскага гарвыканкама, а таксама крышнаіты з іншых населенных пунктаў
краіны.
У інтэрвью карэспандэнту “Новага часу прэсавы сакратар Мінскай абшчыны крышнаітаў Сяргей Малахоўскі адзначыў, што ў назве свята – імя Бога, якое ўвасабляе абарону адданых
яму вернікаў і ўсіх жывых істот ад пераследу дэманаў і дапамагае чалавеку пераадолець у сябе дэманічны пачатак. Паводле ягоных слоў, вернікі ў Індыі традыцыйна пакланяюцца Нрысімха-дэву.
Малахоўскі звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі няма забароны на распаўсюджванне кніг веравызнання і статутную дзейнасць абшчын крышнаітаў. “У апошнія гады мы знайшлі
агульную мову са свецкімі ўладамі, якія таксама імкнуцца да кампрамісу з намі, – сказаў Малахоўскі.
Паводле ягоных слоў, Мінская абшчына свядомасці Крышны, якая была заснавана ў 1989, зарэгістравана ў 1992 годзе і ўключае прыкладна тысячу прыхаджан, з’яўляецца найстарэйшай
і найбуйнейшай у краіне. Усяго ў Беларусі дзейнічаюць больш за 10 абшчын крышнаітаў, што аб'ядноўваюць каля 3,5 тысяч вернікаў – у асноўным прадстаўнікоў інтэлігенцыі і бізнэсу,
адзначыў прэсавы сакратар абшчыны. Паводле ягоных слоў, індыйскай духоўнай культурай цікавяцца многія прадстаўнікі беларускай навукі, а таксама сфер адукацыі і выхавання, якія выкарыстоўваюць асобныя
элементы філасофіі індуізму ў сваіх даследаваннях, лекцыях і практыцы.
“Шэсць абшчын свядомасці Крышны, якія размяшчаюцца ва ўсіх абласных цэнтрах, прайшлі дзяржаўную перарэгістрацыю. Зараз праз гэты працэс праходзіць нашая абшчына ў Бабруйску (Магілёўская
вобласць). Акрамя таго, у шэрагу райцэнтраў краіны дзейнічаюць незарэгістраваныя абшчыны крышнаітаў", — сказаў Сяргей Малахоўскі.
Паводле ягоных слоў, згодна з палажэннямі закона "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях", рэлігійнае аб'яднанне крышнаітаў можа быць створана толькі пры
наяўнасці не менш за 10 зарэгістраваных абшчын.