Крыжы для Курапатаў перасталі лічыць «прадметам правапарушэння»
Пакуль сілавікі думалі, што рабіць з канфіскаванымі крыжамі, актывісты ўжо зрабілі новыя і ўсталявалі іх у мэмарыяльным комплексе Курапаты, з боку рэстарацыі «Поедем поедим», паведамляе Радыё Свабода.

Актывіст Валер Мінец апублікаваў на Facebook пастанову Міністэрства ўнутраных справаў аб выніках праверкі па адміністрацыйнай справе супраць яго. Справа за «парушэнне правілаў гандлю» спыненая ў сувязі з адсутнасцю складу правапарушэння. Канфіскаваныя крыжы, якія Мінец вёз у Курапаты, можна забраць з Ленінскага РАУС.
Сам Мінец усё адно абураны: пытае, «нахалеру было распачынаць дурны спектакаль».
Яго, а таксама актывістаў Ягора Лаўрухіна і Змітра Дашкевіча, 29 чэрвеня затрымлівалі з удзелам ДАІ і «людзей у цывільным», ды адпусцілі праз тры гадзіны, склаўшы пратаколы і канфіскаваўшы крыжы. Затым на вытворчасць кампаніі Дашкевіча «Цесляры», дзе вырабляліся крыжы, прыехаў супрацоўнік АБЭП, ды яго прагнаў уладальнік арэндаваных кампаніяй памяшканняў, бо той не меў законных падставаў для праверкі.

Ужо 6 ліпеня Дашкевіч і паплечнікі ўсталявалі новыя крыжы ў Курапатах, нягледзячы на пратэсты з боку чыноўнікаў: актывістам пагражалі міліцыяй, адказнасцю і зносам крыжоў дырэктар Бараўлянскага лясгасу Аляксандар Мірановіч і намеснік старшыні Менскага райвыканкаму Аляксандар Мякіннік.

Што будзе з канфіскаванымі крыжамі, якія цяпер можна забраць, актывісты пакуль не ведаюць. Як сказаў Дашкевіч, ён яшчэ не змог звязацца з міліцыянтамі, каб удакладніць дэталі вяртання крыжоў. Але калі крыжы атрымаецца вярнуць, яны будуць усталяваныя, пераконвае Дашкевіч.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Даследчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Мінскам.