Размова Кастусёва і Зайдэса: праца рэстарацыі «Паедзем, паядзім» будзе прыпыненая?
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў пра ўчарашнюю сустрэчу з саўладальнікам рэстарана «Поедем, поедим» Леанідам Зайдэсам.
Нагадаем, што 12
ліпеня дэмакратычныя актывісты, якія паўтара месяца нясуць варту ля мемарыяла ў
Курапатах, пратэстуючы супраць працы рэстарана «Поедем, поедим», правялі круглы стол, падчас якога абмеркавалі сітуацыю, што склалася на гэты момант.
А пасля гэтага старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сустрэўся з саўладальнікам рэстарана Леанідам Зайдэсам.
Рыгор Кастусёў распавёў пра гэта «Радыё Рацыя»:
— Ініцыятыва аб сустрэчы паступіла з боку бізнесмена, ён мне сам патэлефанаваў. Спачатку я пагутарыў з дырэктаркай рэстарана, а затым і са спадаром Зайдэсам. У выніку вырашана, што трэба абавязкова сустрэцца ўсім разам — і ўладальнікам рэстарана, і абаронцам Курапат. Зараз будзем вызначаць дату сустрэчы.
— Пра што яшчэ ішла размова?
— Па сутнасці, паўтарылі ўсё тое, пра што дамаўляліся раней, калі ў Курапаты павінны былі прыехаць замежныя дэлегацыі. Тады сустрэча была адменена, а зараз перамовы аднавіліся. Тым больш, што чакаем, калі ўсе абаронцы Курапат выйдуць на волю. Непрыгожа было б пра нешта дамаўляцца ў той час, калі хлопцы знаходзяцца «на сутках».
— Ці можна будзе знайсці нейкі кампрамісны варыянт?
— Яго трэба шукаць, бо супрацьстаянне павінна прывесці да нейкага станоўчага выніку. Зараз і ва ўласнікаў рэстарана, і ў абаронцаў ёсць разуменне, што на перамовы трэба ісці. А на час перамоваў дзейнасць рэстарана будзе прыпынена. З гэтым пагадзіўся і спадар Зайдэс.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя