Ліст з-за кратаў
Днямі я атрымаў ліст ад палітычнага вязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Доўгі час ад Мікалая не было ніякіх звестак.
Ліст, датаваны 29 студзеня, да мяне дайшоў 3 лютага. Надзіва хутка. Факт, які можна зразумець так: інфармацыйная блакада знятая. А вось ці надоўга?
“Даруй, што так позна адказваю, — піша Мікалай, — але з 10 снежня паўтара месяца кідалі па розных ШІЗО і ПКТ, а там то пісаць нельга, то канвертаў не было. Зараз я ў
Магілёўскай турме… Мне грэе душу твая ўпэўненасць, што вызваленне блізкае, але пакуль што сітуацыя развіваецца ў іншым накірунку. Ціск, які пачаўся яшчэ 5 жніўня і паціху павялічваўся, у
канцы лістапада — пачатку снежня рэзка ўзмацніўся. Праўда, нядаўна даведаўся пра сітуацыю ў Андрэя, і зразумеў, у чым справа.
Мікалай з вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадвае сваіх родных за іх падтрымку і барацьбу за яго вызваленне. “Мы з Валянцінай, — піша ён, — можам ганарыцца нашымі дзецьмі. І
як бацьку, мне сапраўды вельмі прыемна, калі дзеці так змагаюцца за маю свабоду. Што тычыцца Марыны, то ў яе ёсць такая абсалютна не жаночая якасць, як шляхетнасць. Мікалай адзначае, што да апошняга
не верыў, што ім дадуць распісацца. З лёгкай іроніяй праводзіць паралель: “Мабыць, узялі прыклад з Напалеона, які ажаніў сваіх генералаў, каб не рабілі змоў супраць яго.
І вяртаецца да жорсткай рэчаіснасці: “Сапраўды, тут ёсць рацыя — адказнасць за сям’ю, за блізкіх міжволі прымушае быць абачлівей. Але ў маім выпадку мае блізкія, жонка і
дзеці разумеюць матывы маіх учынкаў і падтрымліваюць мяне. Мне бывае вельмі шкада і бацьку, і Марыну, але я заўсёды памятаю, што ў людзей на Плошчы таксама былі блізкія. Таму я ўяўляю тут розныя
варыянты падзей, у тым ліку і самыя крайнія. Не ўяўляю толькі аднаго — здрады гэтым людзям.
Нагадаем, 12 студзеня прайшло судовае пасяджэнне па справе Мікалая Статкевіча. Па рашэнні суда, палітвязня асудзілі на тры гады крытай турмы ўзмоцненага рэжыму. Ініцыятыва зыходзіла ад адміністрацыі
Шклоўскай калоніі, дзе да гэтага ўтрымліваўся Статкевіч. Суд палічыў, што Статкевіч не стаў на шлях выпраўлення і не пакаяўся.
Палітык асуджаны пасля акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года, калі шматлікія беларусы выйшлі выказаць пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Тады яго асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў
калоніі ўзмоцненага рэжыму.