Байкот–удзел: не так і не гэтак

Чарговыя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў Беларусі павінны прайсці не пазней за 25 верасня. Пачатак выбарчай кампаніі выпадае на чэрвень. Часу яшчэ быццам дастаткова, але актыўнасць бакоў, як уладнага, так і апазіцыйнага, у абмеркаванні фармату выбараў надзіва высокая.



bajkot_udziel.jpg

З чаго б гэта? Падстаў хвалявацца для ўладнай вертыкалі за свой сцэнар правядзення выбараў і іх вынікі быццам бы не праглядаецца. Схема — адпрацаваная, заканадаўчая база — падагнаная, кадры — вышкаленыя, камісіі — статысты, ЦВК — без прэтэнзій на самастойную ролю. Палітычнае поле зачышчана.


Сітуацыя


Пасля брутальнага разгону Плошчы–2010 рэпрэсіі набылі сістэмны характар, накрылі, пакуль што кропкава, але ўсю краіну — ад сталіцы да рэгіёнаў. Маюцца вартыя даверу сведчанні пра катаванні, кепскае абыходжанне і бесчалавечныя ўмовы ўтрымання, што прымяняюцца ў дачыненні да палітычных зняволеных, у тым ліку да Андрэя Саннікава, Мікалая Аўтуховіча, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Бандарэнкі і Змітра Дашкевіча. Ідзе паляванне на праваабаронцаў. За краты кінуты лідар незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі. Пад неаслабным рэпрэсіўным ціскам знаходзяцца незалежныя СМІ.


Выбары без выбараў. Ідэальна адладжаная імітацыйная мадэль. Так званая Палата прадстаўнікоў абсалютна страціла ўсе рысы парламента, самастойнай галіны ўлады. Яна нічога не вырашае. Усе яе чальцы па-сутнасці ёсць прызначэнцамі прэзідэнцкай адміністрацыі.


Умовы вядзення выбарчых кампаній на сучасны момант як ніколі жорстка абмежаваныя. На кожны пікет, кожную сустрэчу кандыдата з выбаршчыкамі, кожную ўлётку, кожны артыкул патрабуецца папярэдні дазвол ад уладных адміністрацый. І кожнага непажаданага для ўладаў кандыдата можна падвесці пад крымінальную адказнасць. У выступах па радыё і тэлебачанні, напрыклад, знайсці абразу і паклёп. Пры абыходзе кватэр «ад дзвярэй да дзвярэй» затрымаць і судзіць «за брудную лаянку». Прарвацца праз гэтыя рэпрэсіўныя кругі абароны «чужому» не дадзена. Калі звесці разам усе артыкулы на абмежаванне грамадзянскіх свабодаў, што ўтрымліваюцца зараз у Крымінальным кодэксе, атрымаем ці не паўтор знакамітага артыкула 58 сталінскіх часоў.


Тактыка рэжыму


Усё для ўлады, здавалася б, спакойна, усё пад кантролем. Эканамічныя прэферэнцыі з Масквы далі ёй магчымасць перавесці дух і зноў паабяцаць зарплату ў 500 долараў.


Тым не менш нервовы цік раз-пораз працінае вертыкаль. Гэта праява амаль што інстынктыўнай рэакцыі, уласцівай любому таталітарнага тыпу ўлады на рост незадаволенасці сярод насельніцтва. Нават пасіўнага — на кухнях, у чэргах, на працы. Прычым, рэакцыя гэта таксама заўсёды аднолькавая — узмацненне рэпрэсій, нагнятанне ў грамадстве паралізуючага страху, ізаляцыя лідараў апазіцыі, дэмаралізацыя і разбурэнне іх структур. З пашырэннем пры неабходнасці на ўсе слаі думаючых інакш. Аж да суцэльнай масавай зачысткі. Сцэнар, які, на жаль, не выглядае неверагодным і для нас.


Інстынкт самазахавання падказвае таталітарнаму рэжыму, што момантам зрыву пасіўнага пратэсту ў актыўны можа стацца любая, нават нязначная, выпадковая нагода ці акалічнасць матэрыяльнага ці маральнага кшталту. Выбары ж, нават цалкам кантралюемыя, утрымліваюць такіх патэнцыйных пагроз найбольш. Прывід Плошчы — кашмар беларускага рэжыму.


У сённяшніх умовах уладзе як ніколі патрэбны вельмі ціхія выбары. Але з наяўнасцю дэмакратычнай мішуры. А значыць, патрэбна, каб у выбарах бралі ўдзел абазнаныя, а не псеўдаапазіцыйныя кандыдаты — на знак не толькі Захаду, але і Расіі. Таму што відавочна ўсё ж неабходнасць мець запасны манеўр у бок Еўропы, бо і з крамлёўскіх пакоеў нешта ўзмацніўся звон пра лібералізацыю, і невядома, якім бокам павернецца Масква да Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў.


Аднак пры гэтым удзел апазіцыі ў выбарах беларускай вертыкалі трэба абавязкова ўтрымаць у жорсткіх рамках і лёгкачытальным кантэксце: апазіцыя слабая, расколатая, раздзіраецца ўнутранымі сваркамі, смешная і ўвагі не вартая. Яркія кандыдаты, і нават лёгкае паслабленне абцугоў для вядзення агітацыі, тояць у сабе рэальную пагрозу ўсплёску сацыяльнай актыўнасці, што і паказалі выбары прэзідэнцкія. Нясе ў сабе пагрозу і байкот як падзея нетрафарэтная, якая можа стаць крышталізатарам пратэстных настрояў і зрабіць бачным маштаб фальсіфікацый, што рыкашэтам сцебане і па міфу аб усенародна абраным.


Праблемы апазіцыі


Так, логікай абставін, перад дэмакратычнымі сіламі як ніколі востра паўстала праблема ўдзелу ў гэтых выбарах. І канкрэтна пытанне пра іх байкот. Прычым, жарсці разгортваюцца не на жарт. Часам складваецца ўражанне, што некаторыя палітыкі і палітычныя сілы змагаюцца цяпер не з рэжымам, а з калегамі па апазіцыі, якія маюць іншыя погляды. Не чуюць адзін аднаго, не ўдумваюцца ў аргументацыю іншага боку, а адразу бяруцца за выкрыццё «ворагаў», пошук «агентаў».


Нельга папракаць апазіцыю за яе слабасць пад такімі рэпрэсіўным ціскам на працягу ўжо амаль двух дзесяцігоддзяў. Але можна і варта ўпікаць за сваркі паміж сабой, за амбіцыі і нежаданне дасягнуць магчымага: дамовіцца аб адзінай стратэгі і тактыцы, хаця б падчас выбарчай кампаніі. Гэта адзінае, што можа ўзмацніць яе сілы і яе ўплыў на ход падзей, вярнуць аўтарытэт у грамадстве.


Грамадству ж ад апазіцыі патрэбна адно і зразумелае пасланне, якое б мела шанс натуральна супасці з нарастаючым ва ўсіх слаях недаверам да палітыкі ўладаў, пратэстнымі настроямі. Такога паслання пакуль няма.


Праўда, ужо ёсць прызнанне дамінантнай ідэяй абвяшчэння кампаніі байкоту. Але трактоўка яго зместу і фармату на розных этапах перадвыбарчай кампаніі мае істотныя, калі не сказаць прынцыповыя, разыходжанні. Размытым выглядае і разуменне апазіцыйнымі лідарамі азначэння тэрміна «актыўны» байкот, яго напаўнення канкрэтнымі практычнымі дзеяннямі.


Тактыка апазіцыі


На індывідуальным узроўні разуменне байкоту простае і дакладнае — у адпаведнасці з дысідэнцкім прынцыпам: «Не хлусіць!» ці з прынцыпам, сфармуляваным Салжаніцынам: «Не ўдзельнічаць у хлусні!». У кантэксце выбараў гэта азначае: самому ў кандыдаты не вылучацца, у галасаванні не ўдзельнічаць. Думаю, што львіная доля беларускіх выбарцаў так і зробіць. А частка з іх даўно так і дзейнічае.


Іншая справа — рэалізацыя байкоту для партый і палітычна ангажаваных арганізацый, па азначэнню скіраваных на барацьбу за ўладу: праз свабодныя выбары ў дэмакратычных краінах і сацыяльныя ўзрушэнні, рэвалюцыю — у недэмакратычных. Яшчэ складаней, у такіх, як Беларусь, — недэмакратычных, але з рудыментамі дэмакратычных працэдур. Магчыма, асэнсаванне байкоту ў новым фармаце, вынайдзеным Махатмам Гандзі і аздобленым у шэрагу краін яго паслядоўнікамі, а менавіта, негвалтоўнага супраціву — дапамагло б апазіцыі дакладна вызначыцца з практыкамі рэалізацыі ідэі байкоту.


Пакуль жа грамадству прапанавана дзве версіі ўдзелу-няўдзелу ў выбарах, акрэсленых у даволі агульных контурах.


Першая версія, бескампрамісная — безагаворачны актыўны байкот («Пратэст праз байкот») без вылучэння кандыдатаў. Тактыка агучана прадстаўнікамі незарэгістраваных Камітэтаў народных сходаў, Еўрапейскай Беларусі і зарэгістраванага прафсаюза РЭП. Формулу «актыўны байкот» палітык Віктар Івашкевіч расшыфраваў так: актыўная агітацыя за тое, каб не хадзіць на выбары; актыўнае назіранне за галасаваннем, з тым, каб зафіксаваць, што выбарцы праігнаравалі выбары; пасля арганізацыя людзей на вулічны пратэст з патрабаваннем свабодных парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. Згодныя ісці на выбары, па гэтай канцэпцыі, свядома ці не гуляюць на рэжым.


Другая версія, кампрамісная, зводзіцца да ўдзелу ў выбарчай кампаніі і няўдзелу ў саміх выбарах. Кандыдаты вылучаюцца, аднак мусяць (пакідаюць за сабой права) зняцца перад датэрміновым галасаваннем. Паводле сябра сойму БНФ Юрыя Чавусава: «Агітацыя за байкот, але вылучэнне кандыдатаў як своеасаблівых легальных агітатараў за байкот».


З пэўнымі нюансамі аб прыхільнасці да гэтай тактыкі заявілі паасобку: зарэгістраваныя Партыя БНФ і Аб’яднаная грамадзянская партыя, камітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Партыя левых «Справядлівы свет», якая разам з вышэйназванымі арганізацыямі стварыла «кааліцыю шасці», сваёй пазіцыі і гатоўнасці аб зняцці кандыдатаў не выказала.


Сумесную заяву «Кааліцыя шасці» пакуль што не прыняла. Такі намер яе чальцы мелі, з гэтай нагоды сабралі нават журналістаў, аднак зноўку пасварыліся, да пендалю ўключна. Можна, канешне, і так адстойваць свой асабісты гонар, губляючы пры гэтым супольны гонар дэмакратычнай апазіцыі ў вачах людзей.


Ні словам не адгукаецца на выклік часу Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), даведзеная яе старшынёй Анатолем Ляўковічам да стану крайняй маргіналізацыі. Не чуваць і Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.


Па міннаму полю


Відавочна, што зняцце апазіцыйных кандыдатаў з выбарчай дыстанцыі магло б стацца гучнай, заўважнай падзеяй, здольнай актывізаваць беларускае грамадства, адкрыўшы яму ўяве ўвесь імітацыйны характар выбараў, прыцягнуць да праблем Беларусі ўвагу міжнароднай супольнасці. Але зняцце толькі адначасовае і толькі ўсіх.


Але менавіта тут і палягаюць як лініі ўнутраных расколаў апазіцыйных сіл, так і міннае поле, на якім яны ўжо не раз і не два падрываліся — адсутнасць адзінства. Кантроль за кандыдатамі — як вылучыць іх, так і зняць — маюць выключна зарэгістраваныя партыі. На што і зрабіла ўпор АГП. Тыя ж, што вылучаюцца праз збор подпісаў, — вольныя гульцы. Ды і партыі часцяком грашылі адмовамі ад ранейшых рашэнняў, са спасылкай на змену абставін. І патэнцыял іх істотна падарваны. Усё зноў можа атрымацца так, як заўсёды.


Яшчэ ёсць час, каб апазіцыі выйсці на, хай сабе на недасканалую, але адзіную тактыку, што лепш за яе адсутнасць. Аднак час бяжыць надзвычай імкліва.