Латушка: Ёсць поўная доказная база злачынстваў сілавікоў

Чалец прэзідыума Каардынацыйнага савета і кіраўнік НАУ Павел Латушка даў інтэрв’ю тэлеканалам «Настоящее время» і «Дождь». У абодвух выпадках ён распавядаў, што ў яго ёсць інфармацыя аб расколе сілавікоў і чыноўнікаў у Беларусі.

protest_20200927_kom_tutby_phsl_5255.jpg


«Цэнтральны апарат Следчага камітэта ідзе фактычна на раскол. Дзевятага і дзясятага лістапада мінаюць тэрміны прыняцця рашэнняў па ўзбуджэнні крымінальных спраў па фактах учыненых злачынстваў у дачыненні да грамадзян Беларусі супрацоўнікамі міліцыі» — прыводзіць словы Латушкі Беларускі партызан.

Паводле яго слоў, з 2300 заяў аб катаваннях і гвалце, пададзеных да 18 верасня, праверку прайшлі 1800. Па 500 заявах ёсць поўная доказная база аб злачынствах сілавікоў.

«Трэба разумець, што калі ёсць поўная доказная база, значыць, ёсць прозвішчы ўсіх супрацоўнікаў МУС, усіх супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў, якія займаліся катаваннямі, забойствамі, мучылі і працягваюць катаваць беларускіх грамадзян. Калі следчы не ўзбуджае крымінальную справу, то ён фактычна сам становіцца саўдзельнікам злачынства», — удакладніў Латушка.

Па словах палітыка, цяпер кожны следчы павінен зрабіць выбар — «Ці сапраўды ён лічыць, што закон з’яўляецца прыярытэтам у яго дзейнасці».





Чалец прэзідыума Каардынацыйнага савета сцвярджае, што следчых, якія збіраюцца падпісаць паперу аб узбуджэнні крымінальнай справы, даволі шмат. «Таму цяпер стаіць пытанне аб адстаўцы ўсяго кіраўніцтва Следчага камітэта, аб замене кіраўніцтва Следчага камітэта супрацоўнікамі МУС, фактычна перападпарадкаванне Следчага камітэта органу дазнання і органу пераследу, якім з’яўляецца МУС. Гэта вельмі сур’ёзная ломка ў дзяржаўным апараце, улада гэтага вельмі баіцца. Яна, вядома, будзе перашкаджаць», — перадае словы Латушкі «Настоящее время».

Таксама палітык сцвярджае, што ўсё большая колькасць супрацоўнікаў сілавых ведамстваў пазбягаюць актыўнага ўдзелу ў разгоне людзей. Многія выказваюць у даступнай ім форме нязгоду выконваць злачынныя загады і падаюць рапарты.


Як прыклад у інтэрв’ю для тэлеканала «Дождь» Павел Латушка распавёў, што ў час апошняга маршу 1 лістапада некаторыя сілавікі проста «прасілі» пратэстоўцаў адысці, каб ім не далі загад страляць.