Латушка: Можна казаць пра перспектыву стварэння міжнароднага трыбунала па злачынствах, што адбываюцца ў Беларусі
Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, экс-дыпламат і былы дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка пракаментаваў даклад Маскоўскага механізму АБСЕ па Беларусі, прадстаўлены 5 лістапада.
Паведле Паўла Латушкі, даклад замацаваў непрызнанне Лукашэнкі кіраўніком дзяржавы і прызнаў доказы таго, што выбары былі сфальсіфікаваныя. Пацвердзіў абгрунтаванасць патрабаванняў грамадзян аб правядзенні новых сумленных выбараў.
Дадзены падыход ужо падтрыманы Дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампеа.
У АБСЕ рэкамендавалі заснаваць незалежны міжнародны орган для расследавання крымінальных злачынстваў у дачыненні да грамадзян Беларусі з удзелам экспертаў-крыміналістаў. Фактычна, можна гаварыць пра перспектыву стварэння міжнароднага трыбунала па злачынствах, што адбываюцца ў Беларусі.
Даецца прамая рэкамендацыя аб узбуджэнні крымінальных спраў супраць усіх супрацоўнікаў сілавых структур, якія ўчынілі злачынствы, у еўрапейскіх дзяржавах і іншых юрысдыкцыях. Аб падтрымцы дадзенага падыходу ўжо заявіў Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб.
Справаздача Маскоўскага механізму АБСЕ з'яўляецца доказнай базай для будучых судовых працэсаў у любой дзяржаве, якое падтрымае даклад.
Мільёны беларусаў атрымалі магутную міжнародную падтрымку сваіх патрабаванняў.
Яшчэ раз: у АБСЕ прадставілі доказы, што выбары ў Беларусі былі сфальсіфікаваныя. Даклад пацвярджае абгрунтаванасць патрабаванняў беларускіх грамадзян:
- правесці новыя сумленныя выбары;- спыніць гвалт з боку сілавікоў;- вызваліць усіх палітвязняў;- пакараць вінаватых у збіцці, забойствах і гвалце над мірнымі грамадзянамі.
З доказамі з дакладу Народнае Антыкрызіснае Кіраванне накіруе звароты ў МЗСы і амбасады розных дзяржаў аб спыненні любога супрацоўніцтва з рэжымам і пачатку працэдур крымінальнага пераследу вінаватых у гвалце ў дачыненні да беларусаў, дадае Павел Латушка.
Нагадаем, учора на закрытым пасяджэнні Пастаяннага Савета АБСЕ ў Вене Вольфганг Бенедзек прадставіў даклад арганізацыі па сітуацыі ў Беларусі, падрыхтаваны ў межах Маскоўскага механізму.
У дакуменце, апублікаваным на сайце АБСЕ, гаворыцца пра тое, што назіральнікі БДІПЧ былі запрошаны занадта позна, парушэнні правоў чалавека насілі масавы і сістэматычны характар, задакументаваныя факты катаванняў не прывялі да прыцягнення да адказнасці, СМІ быў нанесены масіраваны ўдар, а паведамленні пра тое, то прэзідэнцкія выбары не былі празрыстымі, свабоднымі і сумленнымі, варта прызнаць пацверджанымі.
У сувязі з гэтым у дакуменце выкладзены шэраг рэкамендацый для Беларусі, АБСЕ і міжнароднай супольнасці, якія маглі б спрыяць паляпшэнню сітуацыі.