На страйкоўцаў з БМЗ завялі крымінальную справу за масавыя беспарадкі
2 лістапада на групу работнікаў Беларускага металургічнага завода завялі крымінальную справу паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (правядзенне незаконных групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і непадпарадкаванне законным патрабаванням прадстаўнікоў улады), паведамляе Радыё Свабода.
![БМЗ, архіўнае фота БМЗ, архіўнае фота](/img/v1/images/7e86a985_e75c_47fe_ae66_b27a638603d2_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
БМЗ, архіўнае фота
У пастанове пералічаны чатыры работнікі БМЗ і «іншыя нявызначаныя асобы».
Справа тычыцца падзей 17 жніўня. Тады работнікі БМЗ спрабавалі пачаць страйк і спынілі на час працу ўсіх трох доменных печаў.
Дыялогу з кіраўніцтвам тады не атрымалася, працоўныя крычалі «Забастоўка!» Кіраўніцтва завода сказала, што не забараняе страйку – гэта права працоўных, але трэба, каб яны сабралі подпісы. Работнікі пайшлі актыўна збіраць подпісы па цэхах, перагарадзілі дарогу транспарту з металаломам, прыпынілі працу трох печаў.
Пазней намеснік прэм'ер-міністра Юрый Назараў заявіў, што страты ад прыпынення працы печаў склалі 1,5 мільёна рублёў. Назараў сцвярджаў, што на БМЗ «прарваліся вонкавыя сілы і спынілі на дзве гадзіны тэхналагічную аперацыю загрузкі печаў».
У пастанове СК гаворыцца, што ад такіх дзеянняў работнікаў прадпрыемства пацярпела страты на 1088 рублёў і 29 капеек.