Эдуарду Пальчысу пагражае да 15 гадоў зняволення

Блогеру Эдуарду Пальчысу сёння афіцыйна прад'яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 293 КК РБ (Арганізацыя масавых беспарадкаў), паведамляюць праваабаронцы. За гэта прадугледжана пакарання ажно да 15 гадоў пазбаўлення волі. Блогер застаецца пад вартай.

eduard_palchis_bloger_aktivist_logo_1.jpg

Нагадаем, 27 кастрычніка блогер Эдуард Пальчыс, які адбываў 30 сутак на Акрэсціна, не выйшаў на волю пасля заканчэння адміністрацыйнага арышту. Як паведамілі яго сябрам у ЦІП на Акрэсціна, блогер цяпер — фігурант крымінальнай справы.
Эдуард Пальчыс знік у канцы верасня. Яго жонка Вікторыя звярнулася праз Facebook да журналістаў і СМІ з просьбай асвятліць знікненне яе мужа. Паводле яе слоў, у апошні час ён падазраваў, што за ім сочаць, таму планаваў пераехаць у бяспечнае месца, папярэдзіўшы, што нейкі час будзе недасяжны. Па словах жанчыны, «рэжым цішыні» з яго боку зацягнуўся, таму яна вымушана была падняць трывогу.
30 верасня Вікторыя паведаміла, што яе муж знаходзіцца на Акрэсціна.
У чэрвені Пальчыс два разы быў завочна прысуджаны судом да 15 сутак арышту.
Калі беларускія ўлады ўлетку пачалі масава затрымліваць палітычных актывістаў, сям’я Пальчысаў ужо чакала дзіця. Эдуард і яго жонка Вікторыя мелі магчымасць з’ехаць з краіны, але прынцыпова засталіся на радзіме.
Цяпер на Эдуарда Пальчыса завялі крымінальную справу і пасадзілі на Валадарку. А Вікторыя — на восьмым месяцы цяжарнасці — усё ж выехала за мяжу.
Фонд салідарнасці забяспечыў яе ўсім неабходным на першы час, але сябры заклікаць падтрымаць сям’ю Пальчысаў у няпросты момант.
Грошы можна перавесці на беларускую картку маці Эдуарда Пальчыса — 5326 5800 0011 3669 (тэрмін прыдатнасці 03/24, ANTANINA PALCHYS).
Нагадаем, у 2016 годзе Эдуарду Пальчысу далі 1 год і 9 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Пальчыс быў прызнаны вінаватым у распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК). Тады беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Эдуарда Пальчыса палітычным вязнем, а справу супраць яго — палітычна матываванай.