Беларусь не збіраецца выконваць рэкамендацыі АБСЕ
Беларускі бок лічыць, што высновы дакладчыка АБСЕ па Беларусі не заснаваныя на пацверджаных фактах, не ўлічваюць афіцыйную пазіцыю беларускіх уладаў. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніцтва Беларусі пры АБСЕ з нагоды прадстаўленага дакладу прызначанага ў рамках Маскоўскага механізму дакладчыка АБСЕ Вольфганга Бенедзека аб меркаваных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі па выніках прэзідэнцкіх выбараў.
"Урад Беларусі лічыць, што змест прадстаўленага дакладу, высновы і рэкамендацыі не заснаваныя на досыць пацверджаных фактах і доказах, не ўлічваюць афіцыйную пазіцыю беларускіх уладаў і таму не забяспечваюць поўнага і ўсебаковага аналізу сітуацыі з пункту гледжання заканадаўства і міжнародных абавязацельстваў Беларусі", — сказана ў заяве, тэкст якой мае ТАСС. Па гэтай прычыне беларускія ўлады не лічаць прадстаўлены дакумент юрыдычным заключэннем, заснаваным на аналізе ўсіх даступных фактаў і абставінаў, не прымаюць яго высновы і не лічаць сябе звязанымі змешчанымі ў ім рэкамендацыямі.
У заяве таксама сказана, што Беларусь асуджае спробы аказання ціску на суверэнную краіну-ўдзельніцу АБСЕ, які ідзе насуперак з асноватворнымі дакументамі арганізацыі.
"Урад Беларусі ў чарговы раз асуджае спробы аказання палітычнага і эканамічнага ціску на Рэспубліку Беларусь як суверэнную дзяржаву-ўдзельніцу АБСЕ. Такі ціск ідзе насуперак з духам Хельсінскага Заключнага акта 1975 года і іншымі асноватворнымі дакументамі арганізацыі", — адзначаецца ў заяве.
Мінск заклікаў правесці рэвізію выкарыстання "Маскоўскага механізму" як "састарэлага, неэфектыўнага і некансенсуснага інструмента ціску, які спрыяе толькі абвастрэнню канфліктных сітуацый, а не іх эфектыўнаму вырашэнню".
У заяве адзначаецца, што сёння беларускія ўлады "адчуваюць пагрозу сур'ёзнага ўмяшання звонку ва ўнутраныя справы суверэннай краіны", таму "папросту вымушаныя ісці на жорсткія і часта неадназначна ўспрыманыя крокі па падтрыманні ў краіне сацыяльна-эканамічнай і ўнутрыпалітычнай стабільнасці і забеспячэнні нацыянальнай бяспекі".
"Любы нацыянальны ўрад можа дапускаць у гэтай працы памылкі або прымаць далёкія ад ідэальных рашэнні. Аднак у свеце няма ніводнага падручніка з выразна прапісанай паслядоўнасцю крокаў, неабходных для рашэння ў канкрэтнай краінавай сітуацыі", — сказана ў заяве. У ёй адзначаецца, што пошук "залатой сярэдзіны" паміж забеспячэннем у поўнай меры правоў і свабод грамадзян і падтрыманнем у грамадстве неабходнага ўзроўню бяспекі і парадку — выключнае права і адказнасць дзяржаўных уладаў кожнай суверэннай дзяржавы.
Нагадаем, учора на закрытым пасяджэнні Пастаяннага Савета АБСЕ ў Вене Вольфганг Бенедзек прадставіў даклад арганізацыі па сітуацыі ў Беларусі, падрыхтаваны ў межах Маскоўскага механізму.
У дакуменце, апублікаваным на сайце АБСЕ, гаворыцца пра тое, што назіральнікі БДІПЧ былі запрошаны занадта позна, парушэнні правоў чалавека насілі масавы і сістэматычны характар, задакументаваныя факты катаванняў не прывялі да прыцягнення да адказнасці, СМІ быў нанесены масіраваны ўдар, а паведамленні пра тое, то прэзідэнцкія выбары не былі празрыстымі, свабоднымі і сумленнымі, варта прызнаць пацверджанымі.
У сувязі з гэтым у дакуменце выкладзены шэраг рэкамендацый для Беларусі, АБСЕ і міжнароднай супольнасці, якія маглі б спрыяць паляпшэнню сітуацыі.