Лічбавыя адбіткі — назаўжды

Здавалася б, няма ў нашым жыцці нічога больш эфемернага, чым дадзеныя ў лічбавым выглядзе. Просты набор нулёў і адзінак. Не паперка (тым больш з пячаткай), не негатыў, не аўдыёзапіс, не відэа… І тым болей — не гліняная таблічка з клінапісам або каменная стэла з Законамі Хамурапі. Аднак...

Image credit: www.depositphotos.com

Image credit: www.depositphotos.com


Аднак сучаснае жыццё парадаксальным чынам уладкаванае так, што самыя эфемерныя лічбавыя дакументы пачынаюць вызначаць будучыню чалавека нашмат мацней, чым дакументы «традыцыйныя». Гэты феномен яшчэ чакае свайго асэнсавання, усведамлення і — альбо прыняцця яго грамадствам, альбо адмаўлення. Пакуль, праўда, незразумела, у якой форме можа быць гэтае адмаўленне.

Па сутнасці, яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму, «даведзены» чалавек пры вялікім жаданні мог «абнуліць» сваё жыццё: цалкам разарваць кола зносін, з'ехаць у іншае месца, іншую краіну, змяніць імя, прафесію, сям'ю, прыдумаць сабе новую біяграфію і гэтак далей. Стагоддзем раней гэта было зрабіць яшчэ прасцей. Уласна, не злічыць літаратурных сюжэтаў, пабудаваных на гэтым…

А вось сёння зрабіць тое практычна не магчыма. Глабальнае інфармацыйнае павуцінне аблытала не проста ўсю планету, але і кожнага з нас. Вось два прыклады, з якімі я нядаўна сутыкнуўся.

Адзін палітык, якога добра ведаюць усе, хто ў Беларусі наогул цікавіцца палітыкай. Сустракаюся з ім за кубкам кавы, а ён паніклы і нейкі ўскудлачаны. Пытаю: «Што здарылася?»

— Ды вось, быў у Аўстрыі, вёў перамовы аб супрацоўніцтве з… (аўстрыйская правая партыя, што яднае досыць рэлігійных людзей). Калі дамаўляўся аб паездцы, яны абяцалі нам дапамагаць. А як прыехаў — нос вароцяць. Аказваецца, адкапалі на YouTube відэа з даўняй канферэнцыі, гады тры таму, дзе я выступаю з цалкам сацыялістычнымі заявамі, ды яшчэ і кажу аб недапушчальнасці ўмяшання царквы ў палітыку. Я ўжо даўно нічога такога не заяўляў, але хто ж ведаў, што тое відэа дагэтуль усякі, хто пажадае, знайсці можа?!

Прыклад другі —гісторыя бізнесмена, які стварыў у Беларусі IT-кампанію, што спецыялізуецца на інфармацыйнай бяспецы. Кампанія ў другой палове 2000-х развівалася вельмі паспяхова, прадавала ў Беларусі свае прадукты нават КДБ, «БелАЗу» і «Беларусбанку». Неўзабаве выйшла і на расійскі рынак, старанна прыкідваючыся расійскай: «маскоўскія» нумары тэлефонаў перамыкаліся на мінскі офіс.

А потым яе ўзыходжанне на расійскім рынку рэзка спынілася. Проста патэнцыйныя партнёры даведаліся з Сеціва, што бізнесмен у свой час (даўно) быў судзімы і адседзеў тэрмін за махлярства. Вядома, тая судзімасць даўным-даўно згашаная, а сам прадпрымальнік — паважаны чалец грамадства. Але ў Расіі рабіць бізнес ён цяпер не можа: ніхто не жадае давяраць абарону сакрэтных дадзеных судзімаму за махлярства крымінальніку.

Улюбёны сюжэт кінематаграфістаў — чалавек, які хаваецца (ад мафіі, спецслужбаў, закона, першай жонкі — патрэбнае дадайце самі), пераязджае ў іншую краіну, выдумляе сабе біяграфію і абзаводзіцца сям'ёй. Будуе жыццё «з чыстага аркуша». Але сёння такую магчымасць у яго ўжо забіраюць сацыяльныя сеткі. Калі хтосьці просіцца да мяне ў сябры ў Facebook, я гляджу — адкуль гэты чалавек, хто нашы з ім агульныя сябры, як даўно ён зарэгістраваны ў сацсетцы, якую інфармацыю пра сабе паведамляе.

Калі агульных сяброў няма, на аватарцы кветка, месца вучобы і працы не прапісана, сяброў пяць з паловай чалавек, а запісаў у стужцы — усяго нічога, я з такім чалавекам, хутчэй за ўсё, мець зносінаў не стану. Таму што ўсё паказвае не на рэальную асобу, а на фэйкавы акаўнт.

Але тое я… Сёння супрацоўнікі кадравых службаў, дый наогул практычна ўсе працадаўцы, наймаючы чалавека на працу, абавязкова вывучаюць яго акаўнты ў сацыяльных сетках. Хтосьці так спрабуе зразумець характар кандыдата, хтосьці — вывучыць яго шкодныя звычкі, хтосьці — зразумець, арыентаваны ён на кар'еру або на сям'ю, і гэтак далей. Але вось што мне сказаў адзін менеджар па персанале: «Калі ў стужцы кандыдата будуць фатаграфіі з сяброўскіх п’янак — мяне гэта не збянтэжыць. Хутчэй, наадварот: усе мы людзі. А вось калі ў яго няма старонкі ў сацсетках, або яна заведзеная нядаўна, яна пустая, — гэта адразу насцярожвае. Значыць, чалавеку ёсць што хаваць, і вельмі сур'ёзна».

Можна пераехаць у іншы горад, узяць сабе імя Джон Сміт або Вінцэсь Кавальскі, выдаткаваць немалы час на стварэнне самавітай віртуальнай асобы ў сацыяльных сетках і іншых анлайн-сэрвісах. Але рана ці позна знойдзецца хтосьці, хто проста ўвядзе тваю фатаграфію ў «Google: пошук па малюнку». І вокамгненна даведаецца, хто ты на самай справе, адкуль узяўся і чым раней займаўся. Як паказвае практыка, ужо сёння гэты сэрвіс працуе вельмі якасна, а дзякуючы нейронавым сеткам ён яшчэ і ўвесь час удасканальваецца і саманавучаецца. А ў сучасным свеце не патрапіць у аб'ектыў відэакамеры наогул немагчыма. То бок, з'ехаць можна, але схавацца не атрымаецца.

У апісаных вышэй сітуацыях нярэдка людзі пачынаюць кідацца, спрабуючы выдаліць інфармацыю пра сябе з інтэрнэту. Але гэта практычна нерэальна. Адна і тая жа інфармацыя мае ўласцівасць назапашвацца на самых розных рэсурсах, і наогул, яна як вада — дзірачку заўсёды знойдзе. Можна па законе (або іншымі метадамі) прымусіць уладальнікаў сайта выдаліць тэкст, фотаздымкі або відэазапіс. Але ніколі нельга дакладна ведаць, дзе яны яшчэ прадубляваныя.

Больш таго, сам факт зняцця інфармацыі прыцягвае ўвагу. Гэта як Таццяна Караткевіч на выбарах–2015 запатрабавала выдаліць з сайта «Беларускай праўды» сваё скандальнае інтэрв'ю пра планы расколу БСДГ. Пасля чаго сцвярджала, што ніякага інтэрв'ю ўвогуле не было. Інтэрв'ю рэдакцыя сапраўды выдаліла, але хутка разгарэўся скандал, і праз пару дзён інтэрв'ю вярнулі, ды яшчэ дадалі спасылку на аўдыёзапіс.

Зрэшты, у інтэрнэце нічога не знікае. І нават выдаленую вэб-старонку няцяжка адшукаць. Ёсць і цэлыя «архівы інтэрнэту» з развітымі сістэмамі пошуку. Адна з мэтаў іх стварэння якраз і палягае ў тым, каб ніякая інфармацыя, створаная людзьмі, не знікала.

Апошняя тэндэнцыя — выкарыстоўваць не цэнтралізаваныя базы дадзеных, а размеркаваныя, пабудаваныя па тэхналогіі блокчэйн. На самай справе, гэтая тэхналогія выдатна падыходзіць для цалкам дэцэнтралізаванага і ні ад каго не залежнага захоўвання любых дадзеных — ад грашовых пераводаў (на чым заснаваныя крыптавалюты кшталту біткойну) і да рэгістрацыі нерухомасці, вядзення крэдытнай гісторыі, галасавання на выбарах і гэтак далей. Цяпер кампутарныя ланцужкі блокчэйна прапаноўваецца выкарыстоўваць у якасці своеасаблівага рэзюмэ і партфоліа — усе кампетэнцыі, заробленыя чалавекам на працягу жыцця, усе яго працы і звальненні, дасягненні і прамашкі, — усё будзе запісвацца ў блокчэйн.

Тэхналагічная асаблівасць блокчэйна ў тым, што занесеную ў яго інфармацыю ўжо ніколі нельга выдаліць або змяніць. Тэарэтычна, можна «падчысціць» цэнтралізаваную базу дадзеных; вельмі моцна напружваючыся — прыбраць нешта з інтэрнэту (і тое я ў гэта не веру), але нельга выдаліць інфармацыю, што захаваная ў блокчэйне.

Пачаць жыццё «з чыстага аркуша» больш не атрымаецца. Сардэчна запрашаем у «дзівосны новы свет».