«Лідскае піва» беларусізуецца: сайт, прадукцыя і камунікацыя кампаніі
Акцыянернае таварыства «Лідскае піва» цалкам абнавіла свой сайт — ад 24 студзеня ён стаў беларускамоўным, а таксама змяніў адрас — lidskae.by.
Кампанія пераводзіць сваю камунікацыю ў інтэрнэце і маркіроўку прадукцыі
на беларускую мову. Сайт пазнавальны не толькі апісаннем гатункаў піва
ды іншых напояў, але і змешчанай на ім інфармацыяй аб гісторыі бровара.
Галоўны маркетолаг ААТ «Лідскае піва» Наталля Яфімкіна расказала Свабодзе, што беларускую версію сайта рыхтавалі ўжо даўно. Паводле яе, дырэктар прадпрыемства яшчэ летась аб’явіў, што над гэтым вядзецца праца і ў хуткім часе камунікацыя кампаніі пераводзіцца на беларускую мову.
— І вось як бы першы этап мы распачалі з таго, што этыкетка брэнду «Лідскае» перайшла на беларускую мову, таксама крафтавая «Калекцыя майстра» перайшла на беларускую мову. А наступным этапам беларусізацыі стаў наш сайт — lidskae.by. Хачу зазначыць, што на пачатку лютага павінны запрацаваць англамоўная і рускамоўная версіі нашага сайту.
Наталля Яфімкіна кажа, што рашэнне пра беларусізацыю камунікацыі кампаніяй прымалася на падставе перш за ўсё таго, што «Лідскае піва» — кампанія з беларускімі каранямі, яе гісторыя налічвае 140 гадоў. На прадпрыемстве лічаць, што беларуская мова набірае папулярнасць у людзей, і для прадпрыемства было цалкам натуральным тое, каб на беларускім рынку кампанія камунікавала на беларускай мове.
— Мы таксама праводзілі апытанні сярод спажыўцоў нашага прадукту і атрымалі вынікі, што стаўленне да беларускай мовы вельмі прыхільнае і, больш за тое, да яе ставяцца з вялікай павагай.
Цікаўлюся ў спадарыні Наталлі, ці ёсць у рашэнні аб пераходзе кампаніі на беларускую мову эканамічны складнік? Паводле яе, нездарма сусьветныя брэнды кшталту SAMSUNG, якія праводзяць сваю дзейнасць у Беларусі, карыстаюцца беларуская мовай.
— Насамрэч рэклама па-беларуску выклікае ў беларусаў большы давер, і сусветныя фірмы гэта даўно выкарыстоўваюць, а ў гэтым і крыецца эканамічны чыннік. Дадам толькі, што мы лічым — у гэтым і эканамічны, і сацыяльны, і іміджавы чыннік.
Паводле спадарыні Наталлі, частка іх прадукцыі з этыкеткамі на беларускай мове таксама накіроўваецца на экспарт у іншыя краіны. .
— Да нас прыходзяць толькі станоўчыя водгукі пра нашу прадукцыю, і ніхто не наракае, што этыкетка там зробленая па-беларуску.
Наконт дыскусіі, якая ідзе ў грамадзтве, пра тое, што трэба, каб на ўсёй беларускай прадукцыі інфармацыя аб ёй змяшчалася на дзвюх дзяржаўных мовах, а не толькі па-руску, Наталля Яфімкіна сказала:
— Тут павінен быць комплексны падыход, паколькі да прадукцыі існуе патрабаванне як унутранага, так і замежнага рынку. Наша кампанія вельмі пільна сочыць за гэтым, і мы арыентуемся на тое, каб не парушаць заканадаўства. Але для мяне асабіста вельмі цікавай падалася адна думка з інтэрнэту на карысць абавязковай маркіроўкі па-беларуску. Нехта напісаў, што прадукцыя з маркіроўкай на беларускай мовай будзе гарантам таго, што яна зробленая насамрэч у Беларусі. Той нехта, хто пра гэта пісаў, меў на ўвазе перш за ўсё гарантыю для расійскага спажыўца. Што будзе далей у гэтым кірунку (і, дарэчы, у дачыненні Мінгандлю), не ведаю, пабачым, але наша кампанія выступае за беларускую мову.
Спадарыня Наталля распавядае, што за кароткі прамежак часу існавання беларускамоўнай версіі іх сайту прыйшло ўжо вельмі шмат паведамленняў з пазытыўнымі водгукамі, прычым пішуць па-беларуску, выказваюць падтрымку мове, гучаць словы падзякі. А таму яны адчуваюць, што рухаюцца ў правільным кірунку.
Але ёсьць і нэгатыўныя водгукі, кажа спадарыня Яфімкіна:
— Ёсць і такія людзі, але іх няшмат. Зрэшты, з іх паведамленняў яскрава вынікае і ўзровень іх культуры, адукацыі. На жаль, і такое існуе. Вось я цяпер размаўляю з вамі па-беларуску і ганаруся тым, што магу гэта свабодна рабіць. І мы лічым, што павінны існаваць у Беларусі кампаніі, якія мусяць таксама ўдзельнічаць у адраджэнні беларускай мовы і культуры. Бо калі гэтага не рабіць, то нічога і не будзе.
Паводле svaboda.org