МХД патрабуе вярнуць права на непарыўную беларускамоўную адукацыю
Маладыя хрысціянскія дэмакраты патрабуюць выбару мовы навучання для дзяцей у дзіцячых садках ды школах і рэальнага раўнапраўя моваў у сістэме адукацыі.

Лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч перадала ў Савет міністраў, Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкам заяву з патрабаваннем увесці абавязковым пунктам пры пастаноўцы дзіцяці на ўлік у дзіцячы садок заяву аб выбары мовы навучання.
"Гэты пункт вельмі патрэбны і дапамог бы ўпраўленням адукацыі загадзя ведаць попыт на навучанне па-беларуску, а бацькам аддаць дзіця ў садок з беларускамоўнай групай навучання побач з домам. Таму што за 2–3 гады сфармуецца база дадзеных і будзе відавочна патрэба ў адкрыцці беларускамоўных груп, і прадстаўнікі дзяржорганаў не будуць "тлумачыць" малую колькасць беларускамоўных груп адсутнасцю попыту", — адзначыла Марына Хоміч.
Таксама МХД патрабуюць забяспечыць рэальнае раўнапраўе моваў у сістэме адукацыі і стварыць у кожным дзіцячым садку і школе беларускамоўныя групы і класы.
"Такім чынам, крок за крокам, мы павінны вярнуць права людзей на непарыўную беларускамоўную адукацыю", — заявіла лідар МХД.