Ля брукаванкі Стоўбцы — Новы Свержань высадзілі алею ў гонар 70-годдзя Перамогі
Уздоўж гістарычнай брукаванкі Стоўбцы — Новы Свержань у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці высаджана алея з дубоў і вербаў у гонар 70-годдзя Перамогі.
Памятны знак каля алеі, высаджанай замест вырубленых старых прысадаў
Пра гэта стала вядома падчас прэс-туру, што адбыўся 3 траўня ў Стаўбцоўскім і Дзяржынскіх раёнах на Міншчыне і быў арганізаваны ініцыятарамі кампаніі #brukavanka — аргкамітэтам грамадскага аб’яднання “Мінскае гарадское таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага” і грамадскай ініцыятывай “Еўраперспектыва”.
Алею ўпрыгожвае памятны знак з тэкстам: “Нам 41-й не забыть!Нам 45-й славить!Дубовая алея заложена жителями Столбцовского района как символ памяти, героизма и мужества советского народа в честь 70-летия Победы в Великой Отечественной войне. 2015 год. Помним и гордимся”.
На думку мясцовага краязнаўцы Міхася Кутаса, каля старадаўняй дарогі лепш было б увекавечыць памяць абаронцаў горада ў пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны — зенітчыкаў 330-га асобнага артылерыйскага дывізіёну пад камандаваннем капітана М.А. Сінягоўскага і 44-га бронецягніка пад камандаваннем старшага лейтэнанта Сцяпана Лявонцьевіча Клюева. Аднак кіраўніцтва раёну адмовілася задавольваць прапанову краязнаўцы, матывуючы сваю пазіцыю тым, што загінулыя абаронцы Стоўбцаў і іх камандзіры не былі ўшанаваныя званнем Героя Савецкага Саюза. “Мы ж лічым героямі тых салдат і афіцэраў, якія паляглі за нашу Бацькаўшчыну”, — падкрэсліў Міхась Кутас.
Распавядаюць краязнаўцы з Стоўбцаў Алесь Гутоўскі (злева) і Міхась Кутас
Як распавёў мясцовы краязнаўца Алесь Гутоўскі, у траўні ля брукаванкі запланавана выязное паседжанне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры, на якім будзе разгледжана прапанова грамадскасці аб ўнясенні гэтай дарогі ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Паводле слоў спадара Алеся, ініцыятар абароны брукаванкі, эколаг, публіцыст і краязнаўца Валер Дранчук, які нарадзіўся на Стаўбцоўшчыне, дамагаецца свайго ўдзелу ў гэтым паседжанні. “Бо наданне брукаванцы статуса помніка дазволіць захаваць аўтэнтычнае аблічча старога шляху з мільёнаў камянёў — жывога сведчання вялікай і цяжкай працы нашых продкаў”, — сказаў Алесь Гутоўскі.
Па гэтаму шляху з Стоўбцаў на Новы Свержань хадзіў Якуб Колас
Нагадаем, што паміж Стоўбцамі і вёскай Новы Свержань пралягае старадаўняя брукаванка з прыгожымі прысадамі з старых таполяў. Напрыканцы 2014 году на ўчастку брукаванкі працягласцю 1,4 км. па загаду раённых уладаў дарожнікі пачалі выразаць старыя прысады, што ўстрывожыла мясцовых жыхароў. Яны дазналіся ад чыноўніцтва пра намер пашырыць брукаванку, заасфальтаваць яе і зрабіць часткай аб’язной дарогі вакол Стоўбцаў. Аднак гараджане з такімі планамі не пагадзіліся, бо не бачаць у іх аніякага сацыяльна-эканамічнага сэнсу.
На заклік Валеры Дранчука бараніць брукаванку, што памятае народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, адгукнуліся структуры грамадзянскай супольнасці, якія дзеля захавання гістарычнай дарогі распачалі кампанію #brukavanka.
Яе арганізатары лічаць, што менавіта дзякуючы высілкам грамадскасці мясцовыя ўлады адмовіліся ад сваіх планаў пахаваць брукаванку пад асфальт, правялі добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол старадаўняга шляху, высадзілі алею і ўзвялі памятны знак.