«Людзі мусяць адказваць паводле свайго ўчынка, а не пола»

На адбельванне Машы Васiлевiч (прабачце, што я зноў пра яе, але насамрэч не пра яе), якое ўчора нечакана расквітнела, у маёй стужцы фэйсбука не паскардзiуся толькі самы лянотны. Пачаўшыся з тэксту Ганны Мірочнік «Феномен Марыі Васілевіч: чаму мы не любім прыгожых і паспяховых», справа працягнулася разважаннямі блогера Насты Захарэвіч «Чаму я баюся за Марыю Васілевіч». То бок, нечакана ў гэты, здавалася б, дзяржаўнага разліву трэш улезлі i нашы асабліва апантаныя феміністкі. 

Фота Максім Гучак/БелТА/ТАСС

Фота Максім Гучак/БелТА/ТАСС


Яны лічаць любую жанчыну ў любых варунках па змоўчаннi ахвярай, нейкай недзеяздольнай істотай без уласнай волі i выбара. Ну, а ахвяраў трэба бараніць, канешне, шкадаваць, перажываць за iх i баяцца. Што ж, ахвяраў так, а не ахвяраў — не.
Фемінізм першай i другой хвалі змагаўся за роўнасць жанчын з мужчынамі, якой не было — перадусiм у правах i законах. Фемінізм трэцяй хвалi прэтэндуе на змаганне за роўнасць у сацыяльна-побытавых момантах, але як і чаго ён можа дабіцца, калi той роўнасцi у феміністак у галовах няма i блізка? Калi хто-небудзь з вядомых людзей выступае з заявамі, што жанчыны саступаюць мужчынам у інтэлектуальных здольнасцях i пэўных рысах характару, на яго абрынаецца шквал крытыкі, маўляў, не, жанчыны мужчынам роўныя. I я згодная з гэтым. I гэта азначае, што жанчыны роўныя мужчынам абсалютна ва ўсім, у самых горшых рысах i паводзінах таксама. Жанчыны таксама могуць быць подлымі, злымі, iсцi па галовах, рабіць злачынствы, дзейнічаць па разліку.
Часам пачынаюцца аргументы, што на жанчын ціснуць псіхалагічнымі манiпуляцымi, i тыя не могуць усведамляць сваіх учынкаў. Канешне, адукацыя псіхолага не дазваляе мне адмаўляць існаванне псіхалагічных маніпуляцый, але людзі чамусьці заўжды забываюць пра абставіны i градацыю маніпуляцый. Чалавек ва ўмовах Трэцяга Рэйху, дзе прапаганда лілася невымернымі маштабамі на галаву, — яму цяжка супрацiўляцца маніпуляцыям (i тое знаходзілася процьма тых, хто не страціў здаровы глузд). Дзяўчына з глухой вёскі, якая нічога ў жыцці не бачыла i не чула акрамя бацькоў, якія талдычылi пра жаночую долю, — ёй цяжка прымаць свядомыя рашэнні. Дзяўчына з добрай адукацыяй i шырокім колам знаёмых — зусім іншы выпадак. Сёння сітуацыя такая, што дзесяць сябровак скажуць ёй «патанчы з iм, атрымаеш норкавую шубу», а яшчэ дзесяць — «не ўлязай, бо потым плакаць будзеш». Настойваць, што дарослы чалавек не здольны прыняць усвядомленае рашэнне — гэта проста глупства.
Страшна быць фаварыткай дыктатара? А ворагам дыктатара быць не страшней? Чамусьці Нiна Багiнская не баіцца i робіць свой выбар штодня, i страціла ўжо так шмат, але не страціла галоўнае: аптымізм i патрыятызм. Чамусьці не баіцца Дзiяна Серадзюк, якой пастаянна выносяць прысуды за журналісцкую дзейнасць, i робіць сваю справу далей. Смелыя жанчыны, якiмi я захапляюся. Дык што, у iх — выбар, нягледзячы на такія сапраўды страшныя наступствы, а ў Марыi Васiлевiч — неўсвядомленыя ўчынкі маладой дурачкі, якой затлумілі галаву? Не смяшыце мяне.
А перажываючы за жанчын іншага кшталту, якія робяць зусім іншы выбар — куды так можна прыйсці i да чаго дайсці? Настойваю, што робяць выбар: мы чамусьці не лічым, што вядомы калумнiст саўбелкi Мукавозчык піша свае пасквілі пад уплывам маніпуляцый. Дык няўжо трэба пашкадаваць Ганну Мiрочнік, якая з сайта тутбая паспрабавала назваць чорнае белым i плюнула ў твар свядомым адукаваным людзям? За яе таксама феміністкам страшна, бо «яе пачалі цкаваць». Выбачайце, але ж роўнасць: i мужчын цкуюць за гадкія ўчынкі. Сярод суддзяў, якія выносяць прысуды за мірныя сходы, мала жанчын? Сярод старшыняў камісій, якія фальсіфікуюць выбары, мала жанчын? Усе свае злачынствы яны робяць несвядома i пад ціскам патрыярхата? А можа, яшчэ самую галоўную нашу сапраўдную «першую лэдзі» (лэдзі ЦВК) пашкадуем, га? Не ведала, бедная прастушка, куды ўлезла, а цяпер i пікнуць не можа.
На мой погляд, людзі мусяць адказваць за свае ўчынкі паводле ўчынка, а не паводле пола. На мой погляд, ігнаруючы наяўнасць у чалавека выбару i волi, можна дайсцi да даравання самых страшных злачынстваў. А вось нагадваючы чалавеку пра яго волю, выбар i адказнасць за гэта, часам злачынствы можна прадухiлiць.
Паводле facebook.com