У Літве будзе беларуская бібліятэка. Названыя пераможцы праекта «Новай Беларусі»

Сталі вядомыя пераможцы пілотнага праекта «Новай Беларусі», дзе беларусы вырашалі, на што выдаткоўваць свае падаткі.

screen_shot_2022_12_02_at_19.17.19.jpg

Пілотны праект «Новай Беларусі» па лічбавым самакіраванні доўжыўся некалькі месяцаў і, нарэшце, вызначыліся яго пераможцы. 

Гэта быў эксперымент не толькі для яго ўдзельнікаў і ўдзельніц, але і для каманды «Новай Беларусі». Расказваем, як гэта было і што арганізатары зразумелі ў выніку.

Якія ідэі перамаглі?

У траўні беларусы, якія плацяць падаткі ў Польшчы і Літве, маглі накіраваць адсотак на дабрачыннасць у фонды-партнёры «Новай Беларусі» («Тутака», Littouwin Lions Club і Fanimani), каб потым самастойна вырашыць, якую праблему беларускай супольнасці вырашыць на гэтыя грошы. Падчас пілота яго ўдзельнікі прапаноўвалі ідэі праектаў, галасавалі падабайкамі за тыя, якія палічылі вартымі, і разам дапрацоўвалі ідэі з дапамогай каментароў і анлайн-сустрэч. 

У выніку перамаглі наступныя ідэі:

Польшча: Англамоўны партал па гісторыі Беларусі 

Варта стварыць англамоўны партал, дзе будзе расказвацца пра гісторыю Беларусі так, як бачаць яе беларусы. «Мэта праекта — вярнуць Беларусь на гістарычныя мапы Еўропы, данесці наш погляд на гісторыю да ўсяго свету, падкрэсліць унікальныя асобы і падзеі, з’яўленне якіх немагчыма патлумачыць па-за кантэкстам Беларусі», — тлумачыць аўтар ідэі.

Літва: Беларуская бібліятэка

Стварыць у Літве беларускую бібліятэку з сучаснай беларускай літаратурай для дзяцей і дарослых. «На базе бібліятэкі можна будзе арганізаваць іншыя актыўнасці: чытальны клуб беларускай літаратуры, запрашаць пісьменнікаў», — прапануе аўтар ідэі.

Нешта пайшло не па плане, але насамрэч такі і быў план!

Гэты праект пілотны, то-бок тэставы, эксперыментальны. Эксперымент быў у тым, што не каманда «Новай Беларусі» вырашала, як пойдзе праект, а яго ўдзельнікі і ўдзельніцы. 

«Безумоўна, у нас быў план, але мы былі гатовыя яго змяняць у залежнасці ад жаданняў і дзеянняў удзельнікаў і ўдзельніц. І на працягу гэтых двух месяцаў мы насамрэч яго не раз змянялі. Гэта было стрэсова для нас, але ў тым і ёсць сутнасць пілоту: мы прапанавалі людзям план і інструменты, акрэслілі заканадаўчыя межы, а яны самі вырашылі, што ім патрэбна і як скарыстацца гэтымі магчымасцямі», — тлумачыць Павел Лібер.

Самая маштабная змена ў праекце — бо так вырашылі ўдзельнікі і ўдзельніцы, — гэта адмена апошняга этапу — фінальнага галасавання. 

Палітычная каманда «Новай Беларусі» распрацавала цікавую і складаную сістэму, як конкурс мае адбыцца, каб усё прайшло максімальна дэмакратычна і празрыста. Але фінальнае галасаванне не спатрэбілася, таму што пераможцы вызначыліся па выніках папярэдніх этапаў: у іх проста не засталося канкурэнтаў.

Пасля непрацяглых унутраных дэбатаў каманда «Новай Беларусі» пагадзілася, што так таму і быць. Бо ў гэтым і ёсць сутнасць дэмакратыі: даваць грамадству магчымасці і акрэсліваць шырокія межы дазволенага, а яно ўжо само будзе вырашаць, як дзейнічаць у гэтых межах і карыстацца магчымасцямі. 

Арганізатары вучыліся даваць і карыстацца свабодай разам з усімі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі праекта.

Глядзіце таксама

Што зразумелі пра беларусаў і беларусак?

Беларусам у эміграцыі не ўсё адно на нацыянальныя праблемы. Агулам удзельнікі і ўдзельніцы прапанавалі 24 ідэі: кожная з іх была канструктыўная і накіраваная на вырашэнне пэўнай беларускай праблемы ў эміграцыі.

Беларусам цікава ствараць разам. У сярэдзіне праекта мы прапанавалі сустрэцца з іншымі ўдзельнікамі і ўдзельніцамі анлайн у перагаворных пакоях, каб разам дапрацаваць ідэі. І гэтыя сустрэчы сталі папулярнымі.

«Я не чакаў, што столькі людзей прыйдзе і выкажа столькі ідэй, як палепшыць праект. Дзякуй, вы мяне натхнілі», — так сказаў у канцы адной з сустрэч аўтар ідэі.

Беларусы здольныя вырашаць самастойна. Дайце беларускай супольнасці пляцоўку, неабходныя інструменты і экспертную падтрымку — і ўсё астатняе яны зробяць самі.

Нам усім яшчэ трэба вучыцца дамаўляцца. Каманда «Новай Беларусі» адзначае, што яны і самі не раз паспрачаліся за гэтыя два месяцы. Так, падчас першай праверкі прапанаваных ідэй каманда выдаліла некаторыя з іх, а потым яшчэ раз усё абмеркавала — і вырашыла іх вярнуць ды папрасіла прабачэння ў аўтараў.

Такім чынам, беларусы і беларускі вырашылі, якія ідэі будуць рэалізаваныя на агульна сабраныя грошы. 

Каманда «Новай Беларусі» лічыць гэты этап паспяховым. Удзельнікі і ўдзельніцы праекта патрэніраваліся самастойна прымаць рашэнні, браць на сябе адказнасць, прыслухоўвацца адно да аднаго і дамаўляцца. Яны адчулі, што іх голас мае значэнне і можа вырашаць. І нагадалі адно аднаму пра моц беларускай супольнасці.


Глядзіце таксама

Што будзе далей

Агулам у пілотны праект па лічбавым самакіраванні праз падаткі і ўнёскі пералічана 13004.6 еўра ў Літве і мінімум 8010 еўра ў Польшчы (дакладная сума будзе вядомая пазней).

Пераможцы маюць ажыццявіць свае ідэі цягам 1 года і зрабіць справаздачу. 

Каманда «Новай Беларусі» прапануе аўтарам ідэй сваю экспертную дапамогу на ўсіх этапах рэалізацыі праекта. А ўсе ахвочыя змогуць назіраць за яго рэалізацыяй праз суполкі.

А ўсім беларусам і беларускам, якія жывуць у эміграцыі і ў наступным годзе хочуць ажыццявіць такі праект у сваёй краіне, каманда «Новай Беларусі» прапануе напісаць пра гэта на support@newbelarus.com.

Спампаваць аплікацыю можна па спасылцы